Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Ну ты цішай, — гукнуў да яго Яшкоўскі. — Ваявалі ня толькі са старастамі. Але і з акоўцамі, з літоўскімі паліцаямі. А пасьля прыйшлі і нямецкія палявыя часьці…
— Во, як прыйшлі палявыя нямецкія, дык і далі вам у хвост і грыву. Прарыў устроілі…
— Ну ўстроілі. Але прарваліся…
— Куды прарваліся?
— Як — куды? — ня мог зразумець Пухлякоў.
— Ага — куды? Некуды вам было прарывацца, во і перастралялі, як зайцоў. Ляжаць цяпер на пагорку… Гяроі!
Яшкоўскі паморшчыўся, ён быў тут цьверазейшы за ўсіх. Можа, таму, што менш выпіў, а можа, характару быў болей стрыманага.
— Знаеш, Гаворка, хапіла і партызанам. Канешне, не гэтак, як франтавікам…
— Няправільна! — рэзка запярэчыў Пухлякоў. — Хоць ты і партызан, а разважаеш няправільна. Фронт усім снабжалі, а партызаны дзе павінны былі ўзяць? I аружжа, і прадавольсцьвія? Адбіць у врага. Правільна?
— Каб жа ў врага, — захваляваўся і Гаворка. — А то ў сялян забіралі. Вы ж і маю кароўку зьелі.
— Хопіць табе ўжо, Гаворка, пра кароўку плакаць. Людзі жыцьці аддавалі…
— А заадно і жонку збаёдалі! Завошта?
— А нашто кінуў без прыгляду? Маладую і прыгожую, — спрабаваў усё зьвесьці на жарт Пухлякоў. Відаць, ён адчуў, што сп’янелы Гаворка можа нарабіць сваркі, якое цяпер Пухлякоў не хацеў.
Але, сказаўшы тое, Гаворка таксама асеў. Некалі ўсё тое было яму надта балюча, але з гадамі мінулася, заслоненае новымі бедамі ды новымі клопатамі, якіх у яго не бракавала ніколі. Бракавала хіба аднаго — грошай.
— Ды кіньце вы! — каторы раз крычаў ім Скакун. — Лепей наліць. Ці ёсьць што наліць?
Але наліць, мабыць, ужо не было чаго, абедзьве бутэлькі ляжалі каля ног парожнія, і Пухлякоў, як заўжды ў гэткіх выпадках, закамандаваў:
— Гаворка, Гаворка, ня жміся. У цябе там засталося. Давай яшчэ на бутэлечку. Косьця, а ну жыва — туды і назад!
Той камандзірскі тон ня надта падабаўся Гаворку, але і яму раптам закарцела дадаць яшчэ. Здалося — недабор! Ён ужо забыўся на свой намер пра штаны ды ўсё іншае, засунуў руку ў кішэню і выцягнуў астатнюю жменю «зайцоў». Ня лічачы, аддаў Скакуну — на, бяжы. Гаворка — ня жмінда…
Скакун пабег па гарэлку, а яны ўтрох прадаўжалі спрачацца. Усе пачуваліся нядобрыя і раззлаваныя, і ўжо не зразумець было, што таму стала прычынай. Гаворка адчуваў неспатольную глухую крыўду, якая накоплівалася ў яго на Пухлякова, а той, нібы страціўшы да яго цікавасьць, зьвяртаўся да аднаго Яшкоўскага.
— Ну як — адсудзіў працу?
Яшкоўскі толькі махнуў рукой.
— Ня трэба было ў БНФ уступаць.
— Уступаць ці не ўступаць — то маё канстытуцыйпае права, — ваўкавата даводзіў Яшкоўскі, прысланіўшыся да сьцяны побач.
— Во тады і радуйся з свайго права. Канстытуцыйнага. А з чаго есьці хлеб будзеш? Раней бы ў райкам зьбегаў, а цяпер?..
— Ды ўжо як-небудзь…
Гаворка слухаў іхнюю зласнаватую гутарку, і яму захацелася прысесьці. Як стаяў, плячмі пасунуўся ўніз па сьцяне і зьнерухомеў на цэментным доле, ня маючы як выпрастаць ногі. Нейкі час чуў, як Пухлякоў даказваў штосьці пра беларускі нацыяналізм, а Яшкоўскі цьвердзіў, што кампартыя ўжо страціла крэдыт даверу. Пасьля ў іхнюю лянівую гаману ўмяшаўся рэзкі Скакуноў голас, — мабыць, афганец вярнуўся з гастранома. У мутнаватай Гаворкавай сьвядомасьці мілыанула пытаньне: «Ці прынёс?». Але адказу на яго ён не дачакаўся і заснуў…
А як адчуў сябс зноў, зразумеў, што сядзіць каля новага «масквічовага» кола, ад якога патыхае сьвежаю гумай. Хтось побач спрачаўся ці, можа, сварыўся, але хто — таго Гаворка зразумець ня мог. Ды й не стараўся. Ён памкнуўся авалодаць сабой, каб устаць, бо сядзець, скурчыўшыся пад сьцяной, было дужа нязручна, ламала ў крыжы. Аднак, здаецца, ня ўстаў і паваліўся зноў…
А як зноў прачнуўся, было зусім цёмна і ціха. Памацаў вакол рукамі і сьцяміў, што па-ранейшаму быў у гаражы — сьцюдзёная цагляная сьцяна з аднаго боку і гладкая бакавіна аўтамабіля з другога. Гаворкавы ногі няўклюдна выпрасталіся пад «масквічовае» днішча. Спакваля Гаворка прыслухаўся. Дзесь паблізу чулася соннае дыханьне чалавека, ды каго — было невядома. Тады ён з натугай, не адразу, пачаў уставаць на ногі. Неяк ускараскаўся і, хапаючыся за сьцяну і аўтамабіль, стаў прабірацца да выхаду. Але металічныя дзьверы былі шчыльна зачыненыя, ён моцна пахістаў іх аберуч, ды марна — падобна, знадворку вісеў замок.
Пачуваўся Гаворка кепска, як заўжды з пахмельля, — слабым і разьбітым. Нават цягнула на ваніты. Каб ня надта дакучаць сабе, сеў пад дзьвярыма, дзс ня так сьмярдзела гаражом, прыпёрся плячмі да дошкі-папярэчыны. Мабыць, знадворку была яшчэ ноч, ніводная шчыліна ў дзьвярах не сьвяцілася. Значыць, належала чакаць. Можа, да самай раніцы. Найперш, як часта бывала, станам авалодала пахмельная перажыванка — што нарабілі? Пакрысе пачаў прыпамінаць, як пілі, што гаварылі. Адчуваў, гаварылі штось брыдкае. Ды гэтыя дваццаць марак, з якіх усё пачалося. Чорт іх ведае, можа, ня трэба было іх браць, як бы яны не вылезьлі яму бокам. Захацеўшы, можна і з драбязы зрабіць няшчасьце. Гаворка ўжо меў на той конт сякі-такі вопыт. Асабліва па ранейшым часе.