Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 172 173 174 175 176 177 178 179 180 ... 241
Перейти на страницу:

5

Як толькі дзверы за афіцэрам зачыніліся, Чарноў спакойна, нібы нічога кепскага між імі і не сталася, падышоў да Клімчанкі.

— Ну як?

— Сволач ты, а не зямляк! У душу табе кол! — сказаў лейтэнант, выплёўваючы на падлогу крывавую сліну.

Чарноў амаль без увагі на яго словы хітравата ўсміхнуўся.

— Не сярдуй! Глупства. Гэта так, для парадку. Інакш, сам разумееш, — начальства.

Ён падхапіў Клімчанку пад рукі, рыўком паставіў на ногі, ботам падсунуў зэдлік — сядай! Лейтэнант на момант разгубіўся ад такога павароту ў іхніх адносінах, але сеў і скоса пазіраў на твар свайго ката. Шэрыя рухавыя вочы таго раз за разам засцярожліва лыпалі на дзверы зямлянкі.

— А ваабшчэ ты прабач. Сам разумееш. Даводзіцца. Інакш скамандуе, і ўсё: канец. Дык часам лепш ударыць. Праўда ж?

Гайдаючы на стале агеньчык, Чарноў пачаў хадзіць па зямлянцы, спыняючыся і разважна гамонячы да Клімчанкі. Здаецца, нішто не здольна было вывесці яго з душэўнай раўнавагі, такі ён быў нетаропка-ўпэўнены, размераны, акуратна, нават элегантна апрануты. На яго стрыжанай пад бокс бялявай патыліцы варушылася ружовая зморшчына.

— Між іншым, табе выпала, можна сказаць, удача. Не кожнаму даецца такая магчымасць рэабілітаваць сябе. Перад немцамі асабліва трудна. Але яны гэта цэняць — магу запэўніць. З уласнага вопыту. Я таксама калісьці чакаў кулі. Такіх яны звычайна ўраз да сцяны. Разам з камісарамі. Прыйшлося даказаць што-колечы. I вось бачыш: замест кулі — мундзір. — Ён з мінутным задавальненнем абмацаў свой кароценькі фрэнчык з невялічкімі срэбнымі пагонамі. — Праўда, пры Саветах чын паболей быў, — даверліва паведаміў ён.

«Што за намёкі? Хто ён такі? Былы палітрук? Камандзір? Штабіст які-небудзь?..» — думаў лейтэнант.

— Дарма стараешся, — ваўкавата сказаў ён. — Не на таго напаў.

Чарноў раптам спыніўся і крутнуўся да Клімчанкі. Выраз ягонага твару не перамяніўся, толькі левае вока неяк нядобра акруглілася, і ён прыцішана, быццам для таго, каб не пачуў вартавы знадворку, сказаў:

— А ты таго… не дужа. Між іншым, выбар у цябе не вельмі багаты. Або ты выступіш, або ў зямлю ляжаш. Сёння ж.

Клімчанку пасля ўсяго, што здарылася, пагрозы маглі толькі ўзарваць, і ён усхапіўся з зэдліка.

— Ну і чорт з вамі! Страляйце! Усё роўна застрэліце. Што, да сваіх адпусціце? Сволачы!

Чарноў холадна ўсміхнуўся.

— Не гарачыся. Урэшце, мы можам зрабіць што трэба і без твайго ўдзелу.

Ён яшчэ пачакаў і, відаць, каб не стаяць так, грудзі ў грудзі з гэтым абарваным скрываўленым чалавекам, зайшоў за стол на сваё месца. Там з нейкаю шматзначнаю важнасцю ўзяў выняты з сумкі аркуш — спіс асабовага складу першага ўзвода аўтаматчыкаў.

— Камандзір першага аддзялення Галанога Іван Фаміч, яфрэйтар Апенкін Пётр Пятровіч, чырвонаармеец Сіязаў, Гаймадулін… імя па бацьку не прастаўлена — непарадак. Чыркоў, Фёдараў, Хіль. I так дваццаць два чалавекі. Выбыўшыя адзначаны? Адзначаны, а як жа. Ну вось. Адрас вядомы. Камандзір роты таксама вядомы — Арлавец. Астатняе — не бяда, і самі зробім. Толькі ты тады, вядома, злуй на сябе: без заслуг застанешся. Перад немцамі. А там заслугі за табой падвояцца. У квадрат узвядуцца. Зразумеў?

— Як гэта?

— А так. Падумай — зразумееш.

Клімчанка збянтэжыўся, ашаломлены яшчэ не да канца ўсвядомленай, але, безумоўна, нейкай вельмі нядобрай задумай гэтых сволачаў, і ва ўсе вочы глядзеў на Чарнова. А той, ужо змяніўшы свой ветліва стрыманы выраз на зацята афіцыйны, згарнуў спіс узвода і прыціснуў яго сумкай.

— Вось так! — сказаў ён, сеў і адкінуўся да сцяны. — Дык што рашаеш?

«Што яны ўздумалі? Што зробяць?» — білася ў галаве ўзводнага роспачная думка і паступова акрэслівалася здагадка, ад якой аж кінула ў жар. Клімчанка ўскочыў і, хіснуўшыся, сігануў да стала.

— Не маеце права! Правакатары! Сволачы прадажныя!

— Ціха! — строга сказаў Чарноў і ўстаў. Рука яго цвёрда лягла на сумку, пад якой быў спіс— Ціха, лейтэнант. Спачатку раскінь мазгой. Не спяшайся, — закончыў ён з нейкім паказным шкадаваннем.

Клімчанка асатанела глядзеў яму ў вочы — шэрыя і ў гэты раз ужо халодныя і суровыя. Некалькі секунд яны так стаялі — адзін на адзін, раздзеленыя толькі сталом, і тады да ўзводнага ўпершыню прыйшло разуменне, што гэтыя людзі зробяць з ім усё, што захочуць.

Нейкі час абодва маўчалі. У зямлянцы стала прахладна, печка ўжо не свіцілася агністымі шчылінамі, скупа шарэла заклееная недарэчнымі плакатамі сцяна, на якой выразней адзначыўся галавасты, да столі, цень ад Чарнова. На дварэ, пэўна, цямнела; там чуваць былі леныя крокі вартавога; недзе далей, абыякавыя да ўсяго, гаманілі, смяяліся салдаты. Тоненька наігрываў губны гармонік.

1 ... 172 173 174 175 176 177 178 179 180 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)