Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 170 171 172 173 174 175 176 177 178 ... 209
Перейти на страницу:

— Нашто мне цяпер ваша адукацыя?

Сігізмунд Станіслававіч паставіў на белы абрус парцалянавую філіжанку з намаляванай на ёй сіняй птушкай з неверагодна доўгім хвастом.

— Веды — адзінае, што мы можам забраць з сабою ў любых жыццёвых варунках. Адзінае, што не здрадзіць. Жыццё для вас не закончана, Саколіч. І давайце з’ясуем. Калі вы чакаеце, што я буду вас шкадаваць ды выціраць вам соплі, памыляецеся. Калі вы — няварты ўвагі шматок анучы, не здольны вытрываць спасланых Богам выпрабаванняў, дык не трэба дзівіцца, што вамі будуць выціраць падлогу. Калі вы — мужчына, дык трывайце і ўпарта выбірайцеся з яміны, куды вас будуць раз за разам саштурхоўваць.

Настаўнік гаварыў невыносна жорстка, нібыта біў па шчоках істэрыка. Міхась ускінуў калматую светлавалосую галаву.

— Я не ануча! І Бога няма!

— І першае, і другое пытанне чалавек мусіць вырашыць для сябе сам, не зважаючы на меркаванні іншых. Хапіла ж у вас сілы не адрачыся на сходзе ад свайго бацькі.

Дзіўна, але разам з усплёскам нянавісці да географа Міхась адчуў дзіўную палёгку: нібыта яго, зняможанага і зняверанага, нехта моцны падняў за каўнер, адвалок убок і страсянуў: «Вочы расплюшчы, недарэка! Вось жа дарога! Чаго ты папёр у дрыгву?»

Жыццё падалося нечым асобным ад яго самога, празрыстай, прасякнутай святлом субстанцыяй. Яна віравала вакол, як папяровыя парушынкі, вольна праходзіла скрозь цела, якое ўсё стваралася з гэткіх жа сонечных парушынак, і ўсе яны маглі аднойчы некуды адляцець, як пылок з кветкі, і з’яднацца са светлымі аблокамі...

Але нашто яму аблокі, калі ў яго больш няма чырвонага гальштука?

«Ворагі вельмі хітрыя, сынок,— павучаў бацька.— Ты мусіш верыць толькі таварышу Сталіну!»

Бацька вельмі не любіў такіх «інтэлігенцікаў», як Тарвецкі, казаў, што варта любога з іх прыціснуць — і вылезе гнілое буржуйскае нутро.

Можа, гэта тыя, каго ён «прыціскаў», інтэлігенцікі з гнілым нутром, і ачарнілі бацьку, агаварылі яго? Ці... заразілі сваёй гніллю, пошасцю? І... маці таксама?

— Мой бацька — не вораг!

Міхась адчуў, што слёзы наварочваюцца на вочы... Нізавошта не паказаць сваёй слабасці перад гэтым!..

Тарвецкі, аднак, відаць, заўважыў... Кінуў фанабэрыста:

— Лішніх насовак у мяне няма! І прыслугі таксама. Спадзяюся, вы ўмееце мыць посуд, Саколіч?

А потым Міхась сядзеў на цвёрдай скураной канапе — скура была прыбіта цвікамі з масянжовымі круглымі капялюшыкамі, і канапа здавалася апранутай у сярэдневечны даспех, і чытаў узяты наўгад з паліцы дарэвалюцыйны падручнік па геаграфіі — у вокладцы, якая нагадвала зялёны мармур, з крохкімі жоўтымі старонкамі і штампам «Аптекарскій магазинъ А. И. Федоровъ»... Тарвецкі за шырозазным, як маленькі карабель, сталом правяраў сшыткі. Здавалася б, геаграфія — не матэматыка, але «буржуй» увесь час задаваў то сачыненні, то выпісваць цікавыя звесткі пра краіны... Апошняе, пра што давялося пісаць Міхасю, была Малайзія. Але што там наконт яе — забіце, не памятаў. Хіба два словы «пальмавы алей».

У старым падручніку ён таксама знайшоў Малайзію: «Население Ост-Индскаго архипелага состоитъ преимущественно из Малайскихъ племен, которыя на востоке смешиваются съ Папуасами. Многие островитяне утратили уже нравы и веру своихъ отцов и приняли подъ влиянием колонистовъ европейский образъ жизни».

Вось бы з’ехаць туды... Вызваляць малайцаў ад каланістаў, вяртаць ім іхнюю мову ды норавы... А тут няхай самі разбіраюцца...

— Цікавіцеся экзатычнымі краінамі? — Міхась ледзь не падскочыў ад голасу Тарвецкага проста над сабой.— Што, з’ехаць ад праблемаў хочацца?

— Нічога не хочацца...— прабурчэў Міхась, трохі зніякавелы ад таго, што ягоныя думкі нібы прачыталі.

Тарвецкі таксама прысеў на канапу і задумна глядзеў перад сабой.

— Адзін мой... знаёмы таксама вельмі паважаў і любіў свайго бацьку. Той быў калісьці ўдзельнікам паўстання... Прайшоў катаргу, вярнуўся, ажаніўся... А калі нарадзіўся сын, неўзабаве памёр ад перажытага. Чалавек, які здаў яго царскім уладам, былы сябра, універсітэцкі аднакурснік, жыў таксама — але ў сталіцы... Зрабіў кар’еру, стаў вялікім чыноўнікам. Жонка паўстанца была высакароднай, патрыятычнай кабетай, і лічыла пачэсным звязаць лёс з героем-пакутнікам, нашмат старэйшым ад сябе. Яна з гонарам насіла сваю жалобу. І калі сын падрос, вырашыў адпомсціць за бацьку.

— Забіць таго белагвардзейца? — Вочы Саколіча заблішчэлі.

— Так... Але таго не проста было забіць, бо яго ахоўвалі. Ён нідзе не паказваўся сам. Тады мой знаёмы звязаўся з групай адчайных, якія не баяліся караць катаў. Гады пайшлі на падрыхтоўку... Хлопец стаў студэнтам універсітэта ў тым горадзе, дзе жыў здраднік. Ён вывучыў усе ягоныя звычкі і яго дзеянні. Ён намагаўся рабіць поспехі ў сваёй навуцы, каб стацца сябрам Геаграфічнага таварыства, праславіцца, атрымаць магчымасць наведваць афіцыйныя мерапрыемствы, дзе бывалі вышэйшыя чыноўнікі... Лічыце, гэта яму ўдалося. І прысуд быў выкананы.

1 ... 170 171 172 173 174 175 176 177 178 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)