Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Ладна. Ну яе к дранай матары. Пайшлі адсюль…
— Куды? — не зразумеў Гаворка.
— А во да яго, — Пухлякоў кіўнуў на Скакуна. — Ён жа побач.
Скакун, відаць было, ня надта ўзрадаваўся, але і не запярэчыў прапанове старэйшага, тым болей што былая райкамаўская пяціпавярхоўка сапраўды блізка вытыркалася дахам з-за вулічных таполяў. Як воін-афганец тры гады таму Скакун атрымаў там кватэру з усімі выгодамі — на зайздрасьць тутэйшым ветэранам усіх войнаў.
Яны таропка расьпіхалі ўжо раскладзеную на лаўках закусь. Гаворка запіхаў у кішэні штаноў абедзьве бутэлькі, якія ён ня мог даверыць нікому. Тыя здорава целяпаліся ў штанах, цягнучы іх уніз, але пра штаны Гаворка ўжо не турбаваўся. Наперадзе з заціснутым пад пахай слоікам перцу дыбаў Пухлякоў. Скакун жа чамусь без ранейшага энтузіязму валокся апошні. Хоць дарога была і не даўгая, але ўсе трохі намоклі, асабліва прыкметна — Пухлякоў у яго сьветлым гарнітуры. Падняліся на чацьвёрты паверх, прапусьцілі наперад Скакуна, які ня надта хутка адамкнуў дзьверы. Мабыць, ён штось прадчуваў, бо, адчыніўшы іх, не сьпяшаўся запрашаць гасьцей, а сьпярша пачаў нейкія перамовы з жонкай. Неўзабаве ў дзьвярах зьявіўся яе надта ж счырванелы, яўна раззлаваны твар. Згледзеўшы на пляцоўцы мужчынаў з пакулкамі, яна залілася лямантам.
— Зноў, зноў! Калі гэта скончыцца? Ходзюць, ходзюць і ўдзень, і ўначы, ніколі ад іх спакою няма, п’янчугі праклятыя. Не пушчу, не пушчу, прэч адсюль з мае кватэры! — крычала яна, пульхнымі грудзямі выпіхваючы з кватэры мізэрнага мужа-афганца. Той, відаць было, ня надта і супраціўляўся, усё болей падаючыся задам цераз парог. Неўзабаве дзьверы перад яго носам з лязгам зашчоўкнуліся, і Скакун з вінаватым выглядам апынуўся на пляцоўцы.
— Не пушчае…
— Панятна, — мовіў Пухлякоў. — I ня пусьціць. Калі прасіцца будзеш.
Трохі разгубленыя і заклапочаныя, яны нядоўга пастаялі каля дзьвярэй, ня ведаючы, куды падацца. Асабліва вінаватым, відаць было, пачуваўся Скакун, які, зірнуўшы праз акно на падворак, раптам сказаў:
— Гайда ў гараж. Тут недалёка…
Зноў адзін за адным яны ішлі па зарослым дзядоўнікам завулку ў бок моста цераз рэчку, дзе быў гаражны кааператыў з двух дзясяткаў пахілых сілікатных боксаў. Гэты раз наперадзе порстка крочыў Скакун, за ім, усё прытрымліваючы ў штанах цяжкаватыя бутэлькі, дыбаў Гаворка. Апанураны Пухлякоў ўвачавідкі губляў нядаўні імпэт і ў мокрым на плячах пінжаку брыў апошнім. Тое блуканьне ў пошуках здатнага прытулку ўжо агоркла яму, і толькі спадзяваньне на ўдалы канец не давала вярнуцца.
Гаворка таксама думаў, што, чым цягнуцца на канец мястэчка, лепш было б дзе прыткнуцца ды выпіць. Тым болей, што дожджык быў невялікі. Але ўсё гэты Пухлякоў. Начальства! Хаця, гледзячы якое начальства. Некалі з партыйна-савецкім дык Гаворка і няблага ладзіў, асабліва ў тыя гады, як працаваў у райкамаўскай лазьні-парыльні пры возеры. Бывала, сыдуцца калі ў суботу раённыя начальнікі, сакратары і яшчэ хто, часам і госьці з вобласьці ці з Менску. Ён добра напаліць каменку, пары нагоніць што трэба, хвошчуцца крамяныя мужыкі, аж крэкчуць. Часам хто папросіць яго, Гаворку, пахвастаць хрыбціну. Хвастаць ён умеў, венічкі меў заўжды сьвежыя, сам вязаў з маладога бярозавага вецьця. Ну, а пасьля лазьні тут жа, ва ўтульным прылазьніку, пачыналася самае цікавае — выпівончык: каньячок грузінскі, армянскі ці, як у апошнія гады, болей падабалі малдаўскі — з бацяном. Яму таксама калі паднясуць паўшклянкі, а то і цэлую. I размовы — вясёлыя, пра баб, а то й сакрэтныя, пра партыйныя справы. Калі сакрэтныя, ён выйдзе на паветра перакурыць, навошта яму, беспартыйнаму, слухаць партыйныя сакрэты. I ўсё добра, усе задаволеныя…
Ды во ўсё паляцела ў тар-тарары. Цяпер ні лазьні, ні таго начальства. Ні каньяку. Рады, калі выдарыцца якая чарчына. Аж выдараецца, аднак! Як во і сёньня.
У прасьмярдзелым бензінам ды аўтолам Скакуновым гаражы было суха, цёмна і цесна. Балыныню месца тут займаў новенькі вішнёвага колеру «Масквіч-412». Бяз жаднай, аднак, увагі да яго мужчыны расклалі на блішчастым багажніку свой харчовы набытак, пакуль гаспадар таропка падсьцілаў там зрудзелую газеціну. Затым аднекуль з цёмнага кутка той вынес шклянку, узяўшы якую, Пухлякоў незадаволена паморшчыўся.
— А вады няма?
— Нашто вада? — не зразумеў Скакун. — То ж ня сьпірт, запіваць ня трэба.
— Бруд адмыць, — сказаў ветэран.
Сесьці тут таксама не было дзе, яны пасталі абапал багажніка, і Гаворка рашуча скалупнуў блішчасты каўпачок з першай бутэлькі.
Моўчкі і таропка выпілі — першы Пухлякоў, за ім Скакун; апошняму сабе наліў Гаворка. Наліваў эканомна, кожнаму роўна паўшклянкі, ну, можа, сабе трохі болей, але ніхто таго не заўважыў. Як закусілі, патроху ўсе ажывелі, заружавеліся іх даволі змэнчаныя жыцьцём твары. Асабліва ў маладзейшага за ўсіх Скакуна.