Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Бяры, — кіўнуў Пухлякоў і сярдзіта дадаў, адвярнуўшыся: — А то к ста пяцідзесяці…
Яны выйшлі з буфета і прыпыніліся. У вакзале і паблізу не было ні гарэлкі, ні піва, пад вокнамі стаялі толькі пустыя скрынкі ад кока-колы; па гарэлку трэба было ісьці ў цэнтр да гастраному. Не згаворваючыся, яны і скіравалі туды — наперадзе нетаропкі, акуратна апрануты ў шэры гарнітур Пухлякоў, за ім па шчарбатым ходніку шкандыбаў у кірзавых ботах Гаворка. На ягоных грудзях у такт з крокамі целяпалася белая зорка ордэна Славы трэцяй ступені, якая сёньня гэтак нечакана паслужыла яму. Ён думаў, што цяпер, мабыць, купіць сабе новыя штаны, бо ў старых хутка вылезуць голыя калені. Кіцель, падораны пляменьнікам, яшчэ нічога, а штаны… I можа, яшчэ застанецца заплаціць за электрычнасьць, якую даўно пагражалі адключыць за няўплату. Хаця цьвёрдае пэўнасьці ў сваёй плацежаздольнасьці Гаворка ня меў. Толькі спадзяваўся…
У вялікай барачнага тыпу стадоле са старадаўнім пад дахам надпісам «Товары повседневного спроса» харчу, як і заўжды, было дужа няшмат. Масла ды малака не было зусім, затое паперкі цэнаў стракацелі шматлікімі нулямі, якіх усё прыбаўлялася. У пярэднім ад увахода кутку тоўпілася гаманкая мужчынская грамада — у вінным аддзеле выкінулі гарэлку. Якраз у той дзень на торфабрыкетным заводзе за рэчкай выдалі зарплату — за тры месяцы адразу, — і мужыкі зранку ад заводскай касы рынуліся ў гастраном.
Гаворка з нечаканай прыкрасьцю спыніўся каля дзьвярэй, Пухлякоў жа рашуча прапіхнуўся бліжэй да прылаўка.
— Парадак трэба саблюдаць, таварышы! — прагучэў адтуль яго памяркоўны начальніцкі голас. — Ветэранам ВАВ — без чаргі. Тут ёсьць ветэраны? — паўзіраўся ён праз мужчынскія галовы і нібы незнарок згледзеў за ўсімі адзінокага ветэрана.
— Праходзьце без чаргі, таварыш Гаворка!
Натоўп стрымана глуха загуў, гатовы абурыцца. Але, мусідь, з тае нагоды, што ветэранаў набралася няшмат, трохі расступіўся і прапусьціў зьніякавелага Гаворку. Пухлякоў спаважна адступіўся ўбок. Пажылая прадаўшчыца паслужліва паставіла перад ім бутэльку гарэлкі.
— Дзьве бяры, — ціха гукнуў збоч Пухлякоў.
— Мне — дзьве, — таропка сказаў Гаворка, вымаючы з кішэні туга загорнуты пакунак з грашмі.
Пакуль ён адлічваў «зайцоў», лаючы ў душы Вальку-малую за яе драбязу, побач і ззаду нецярпліва наракалі:
— Во, грошай колькі!
— Багата жыве Гаворка.
— Што значыць — ветэран!
— Дык ён жа там… У бункеры зарабляе.
Гаворка ўсё стрываў моўчкі, згроб ў адну руку абедзьве бутэлькі і вылез з натоўпу на вальнейшае месца. Пухлякоў, які тым часам разглядваў харчовыя вітрыны, кіўнуў яму зводдаль.
— Вазьмі во селядца ў бапцы. Праны пасол. I во кілбаса — сервілат…
Гаворка хацеў запярэчыць, што сервілат надта дарагі, ён ня спытваў яго ад часоў савецкай улады, ды змоўчаў. Тое яго маўчаньне Пухлякоў зразумеў як згоду і працягваў выбіраць закусь. Яны купілі яшчэ слоік марынаванага перцу, белы бохан і нейкую рыбіну гарачага вэнджаньня. Як Гаворка заплаціў за ўсё, ягоны пакунак патанеў напалову, і ён выкінуў пад ногі непатрэбную рудую паперыну.
— Ну, а куды пойдзем? — спытаў ён, як яны выйшлі з гастранома. На дварэ зачынаўся дожджык, пакуль яшчэ драбнаваты, але хто ведае, ці не пабольшае хутка. На небе цераз вуліцу сунуліся хмары.
— А во — у садок! — зразумеў іхні клопат хтось ззаду.
Гаворка з непрыемнасьцю азірнуўся — то быў Скакун, тутэйшы хлопец-афганец, які тыдні два таму наліваў Гаворку ў Ашота. Як было цяпер яго не паклікаць з сабой? Хаця і клікаць не давялося — Скакун ужо ішоў побач і паказваў шлях у дзіцячы садок, — цераз штыкетнік да альтанкі.
Яны па чарзе пералезьлі цераз нізкі штакетнік і таропка ўбеглі пад дах дзіцячай альтанкі, што месьцілася побач з пясочніцай. Дожджык ужо сыпаў як мае быць, хаця гэта быў не сьцюдзёны, вясновы дожджык, які мілагучна шапацеў у набрынялай лістоце каштанаў. Мужыкі паклалі на лаўкі закусь. У Валодзі Скакуна якраз апынуўся ў кішэні здатны ножык, якім ён адразу ўзяўся кроіць каўбасу. Але не пасьпеў Гаворка адкаркаваць бутэльку, як з дзьвярэй садка выскачыла гняўлівая загадчыца Масальская.
— Знайшлі месца, ага? Дзеткам прыклад паказваеце, яшчэ ветэраны называюцца… Я ў міліцыю пазваню!
Скакун зьніякавеў з каўбасой у руках, на ягоным смуглявым твары з чорнымі вусікамі адбілася пакута. Гаворка хацеў быў адказаць сварлівай жанчыне, але Пухлякоў нетаропка падняўся.