Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:

Двухтомнік славутай дачкі беларускай зямлі Ларысы Геніюш пабачыў свет у стагоддзе з дня яе нараджэння. Публікацыя ўвабрала ў сябе не толькі паэзію, але таксама прозу. Уключае зборнік і эпісталярную спадчыну паэткі. Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943-1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі...
1 ... 165 166 167 168 169 170 171 172 173 ... 263
Перейти на страницу:

Што ж, я веру ў Бога, і няхай будзе воля Яго!

Застаюся з глыбокай пашанаю і ўдзячнасцю да Вас – Ларыса Геніюш.

Міколу Прашковічу

Зэльва, 27 лютага 1969 г.

Сябра Мікола!

Ліста Вашага атрымала, адказваць усё не было часу. У нас – па ранейшаму, муж паправіўся, і я рада. Знялі, даслоўна знялі з работы нашага “глаўурача”, таго, памятаеце, што ўсё нас “еў”. Знялі яго, як мне казалі ў бухгалтэрыі, за вельмі брыдкія справы, але ён ужо працуе ў Гродне на шмат лепшай пасадзе. Суровыя нашыя законы не для такіх, як ён… Справа, безумоўна, не мая… Пішу Вам сяння з прычыны Сашы Б[елакоза]. Пасылаю яго ліста. Што там робіцца – зразумець немагчыма. Я чула, што ад яго зажадалі, каб адрокся беларускай мовы і клопатаў аб ёй. Так мне расказвалі, бо самога Сашы я не бачыла. Гэтага, безумоўна, ён не зробіць, і таму чалавека з’ядуць. Як бачу з яго ліста, ужо пачалося. Колькі я яго знаю, дык адзінай яго заганаю ёсць беларускасць – у сянняшнім разуменні заган. Жаль неімаверны. Чалавеку трэба дапамагчы, не пакідаць яго самога супраць гэтых усіх гіенаў. Чалавек ён савецкі, афіцэр запаса, ленінец па пераконаннях, добры, вельмі добры настаўнік, добры сем’янін, не п’яніца, не распуснік, чалавек улюбёны ў культуру, збіральнік усяго вартаснага, народнага. І каму ён можа замінаць? Ці не здаецца Вам, што тут нешта не штымуе? Адчуваецца загад яго нішчыць. Бо іначай гэтага ўсяго зразумець нельга! У чым тут справа?

Я яму парадзіла звярнуцца ў нашае ЦК. Колькі хто туды ні звяртаўся, дык заўсёды быў, прынамсі, уважна выслуханы, і адпаведна яму альбо парадзілі, альбо дапамаглі. Я не думаю, каб беларускае ЦК і на гэты раз паставілася супраць беларускай мовы, гэта было б нелагічна. Хачу, каб і Вы са свайго боку гэта яму парадзілі, бо ён даволі ўпарты. Як чалавеку жыць, як яму працаваць у такой грызні – ведаю найлепш па сабе, таму прашу Вас каб як найхутчэй выясніць усю гэтую справу і даць чалавеку нармальна жыць, як кажуць, без інфарктаў і працаваць нармальна без страху ад беспадстаўнае напасці.

А можа, Вы абгаварылі б гэтую справу з кампетэнтнымі рэдактарамі “Звязды”? Добра было б, каб усё гэта расследаваць, але дакладна. Можа, і ў Сашы якія памылкі як у настаўніка, але яго так цэняць і вучні, і людзі, што не думаю, каб была ў чым яго віна. Проста ўсюды гіне ўсё беларускае, засталіся адзінкі, шануючыя мову бацькоў, няўжо і іх будуць выкарчоўваць? Як сумна, як жудасна! Да чаго дажылі мы, чаго дачакаліся? Няўжо і цяпер, калі ўсе людзі – быццам роўныя, ёсць яшчэ, яшчэ водзяцца “мужыцкія” і “панскія” мовы? Як давесці гэтым “курыным мазгам”, што гэта ёсць мова народу, разумееце, мова жывога, працоўнага, старога, слаўнага народу, свой голас, свой твар, свой агонь, свая ж маці!

Міколачка, ну што Вы на гэта? Няўжо Вы не прыдумаеце, як памагчы Сашы ды яго харошым дзеткам? А галоўнае – мове нашай, Радзіме нашай, так пакутнай заўсёды, так нішчанай, дзе так нядаўна быў камень на камені і магіла на магіле пасля вайны… Ну, думайце, прашу, думайце…

У нас усё па-ранейшаму. Доўга не піша Юра. Такі страх аб яго здароўі, аб хлопчыках, аб іх будучыні. Калі б зналі, якое гэта было здольнае, харошае дзіця, але ўсё светлае, усё харошае нішчыць тупая цемень і раўняе з сабой. Не магу аб гэтым, не магу… Амаль усіх “дабрадзеяў” памаленьку выжываю з хаты. Выдумваю, палохаю іх, чым магу. Стала спакайней крыху, ёсць хвіліна пачытаць, падумаць.

“Круглянскі мост” – гэта падзея! Даць такія прататыпы нашых дзён, паказаць з карэнняў сучасныя персанажы мог толькі Васіль [Быкаў]. Піша, што Брыль ці Шамякін напісалі б гэта ў іншым аспекце, яго ж гэтая тэма цікавіла найболей у аспекце маральна-этычным. Якраз сяння ўжо найвышшы час на такія аспекты! Паняцце перадавога чалавека сяння залежыць якраз абсалютна ад яго маральна-этычных вартасцяў. Ад гэтага залежыць і мір, і далейшае сужыццё народаў у наш лёгказнішчальны атамны век. Як Вы думаеце?

Разумныя, прадуманыя законы, прытым законы роўныя для ўсіх – вось што можа быць ратункам сяння і для нас, і для людскасці. Без прыгнятання, без насілля, без эксплуатацыі людзей, адзінак і народаў. Іначай пагінем усе, як рудыя мышы, калі пачнем даказваць зброяй, хто сільнейшы, хто лепшы ці каму належыць першынства. Усё гэта дурасці ў параўнанні з існаваннем людзей і зямлі. Думаю аб гэтым, бо адчуваю будучае жыццё маіх унукаў. Баюся за заўтрашні дзень зямлі…

Вітайце сяброў, пішэце мне, бывайце!

Ваша Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 29 сакавіка 1969 г.

Даражэнькія!

Ужо трэці дзень, як муж у Гродне, у камандзіроўцы. Адпачываю, чытаю. Таму вось і пішу Вам адразу, бо непакоілася, чаму доўга ад Вас не было ліста. А ў Вас ужо вясна – сееце памідоры. Я не сею, бо ў нас няма сонца ў кватэры, і яны – як нітачкі. Ды, прызнацца, я – гультай. Памідоры гэтыя ведаю, у іх мала зярнятаў, і яны мясістыя, смачныя, позна даспяваюць, баяцца туманаў. Я такое насенне паслала некалі да Чэхаў, і яны назвалі – беларускія памідоры.

1 ... 165 166 167 168 169 170 171 172 173 ... 263
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)