Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— А колькі часу? — папытаўся Гаворка.
Пухлякоў, памарудзіўшы, загарнуў рукаў пінжака.
— Без малога дзесяць.
— У адзінаццаць — транзітны з Гомлі. Ужо тады… Гаворка не даказаў думку, але Пухлякоў яго зразумеў і неяк з унутранай рашучасьцю выпрастаў сваю даўгаватую, перахлябістую постаць.
— Дык пайшлі!
Моўчкі і нетаропка яны шкандыбалі да аўтавакзалу, зайшлі па той яго бок — на пляцоўку. Гаворка ведаў, што трэба Пухлякову (тое ж, што і заўжды), і трохі злаваўся. Як ён, Гаворка, два гады шлындаўся бяз працы, жывучы адно на мізэрную пенсію, тады яго Пухлякоў і ня бачыў. А як прыдбаў сталы заробак, тады стаў патрэбны ўсім. Не мінала дня, каб да яго на аўтавакзал, да бункера, не завіталі дватры былыя дружбакі, — то закурыць, то пагаманіць, а то і пазычыць сотню. Ну і, само сабой — выпіць, бо ўсе сядзелі бяз грошай, а ў Гаворкі часам зьбіралася трохі. Каб жа, аднак, то былі ягоныя грошы, ня трэба было іх здаваць у камунгас, ну, канешне, не без таго, каб троху і скрасьці. Але ж ён краў не ў каго канкрэтна, а як бы ў самога сябе, і таму вялікага сораму не адчуваў.
Тым болей, што так рабілі ўсе. Кралі і не па сотні, — па тысячах і мільёнах — і не «зайцоў», а даляраў.
Пухлякоў моўчкі сеў пад сьцяну на лаўку, а Гаворка пашкандыбаў да бункера адамкнуць дзьверы. Ён яшчэ не дайшоў да іх, як на пляцоўку неяк паволі, бы асьцерагаючыся, укаціў чорны, блішчасты мікрааўтобусік накшталт колішняга «рафіка» з жоўтымі, яўна не тутэйшымі нумарамі. Зьдзіўлены Гаворка спыніўся. Тут жа з аўтобусу выбраліся адзін, другі, трэці пасажыры — усе лёгка, па-летняму апранутыя ў сьветлыя камізэлькі з кішэнькамі ды «маланкамі», стрымана штось пагукалі адзін да аднаго. Пагукалі, аднак, па-нямецку, тое адразу зразумеў Гаворка, падумаўшы, што трэба як найхутчэй адчыніць туалет. I ўсё ж ён спазьніўся. Пярэдні — высокі і худы немец з падкасанымі рукавамі сарочкі — зрабіў яму жэст спыніцца, і ён спыніўся.
— Морген, — быццам картавячы, сказаў немец. — Во іст петроль?
— Што?
— Бэнзын, бэнзын, — паправіў яго другі, чорны, з таксама голымі да локцяў, дужа валасатымі рукамі. — Аўто нужэн бэнзын.
— Дык няма тут бензіну…
— Нэма?
Немцы нібы разгублена зірнулі адзін на аднаго, пасьля ўсе ўтаропіліся ў яго.
— Тут аўтастанцыя! — сказаў Гаворка.
Той пажылы, што першым вылез з аўтобусу, падышоў да яго бліжэй.
— Рус партызан? — спытаў ён, азіраючы ягоныя грудзі.
— Не. Салдат.
— О, зольдатэн! — нібы ўзрадаваўся немец. — Іх ест зольдатэн…
Што ж, вельмі магчыма, падумаў Гаворка. Хоць з выгляду немец быў маладзейшы за змэнчанага жыцьцём Гаворку, але, мабыць, колісь ваяваў таксама. Гаворка ўсё чакаў, што яны папытаюцца пра туалет, але другі, чорны, а таксама малады таўстун моўчкі стаялі перад ім… Пасьля малады кінуўся ў аўтобус і выцяг адтуль вялікі чорны апарат — фота ці кіназдымачны — нацэліўся праз яго на Гаворку. Старэйшы немец зважліва пакратаў на ягоных грудзях ордэн Славы.
— Берлін?
— Не, за Варшаву, — здагадаўшыся, адказаў Гаворка.
— Я, я — Варшава, — панятліва паўтарыў немец.
Тым часам таўстун ужо здымаў яго, цікуючы праз апарат, які то ціхенька стракатаў, то спаважна сьціхаў. Мабыць, каб выйшла зручней, немец адскочыў на два крокі ўбок, прысеў на адно калена, беручы зьнізу. Гаворка міжволі разгарнуў плечы, прыўзьняў няголенае падбароддзе. Употай зірнуў на лаўку, дзе сядзеў Пухлякоў, і трошкі сумеўся, згледзеўшы змрочны, быццам незадаволены выгляд прыяцеля. Можа, Гаворка рабіў што ня так?
Можа, і ня так і ня тое. Пакуль здымаўся, кінуў некалькі позіркаў на аўтобус, праз цемнаватыя вокны якога заўважыў некалькі жаночых твараў, што пільна, нават з прыкметным спалохам сачылі за ім. Ці, можа, яму здалося…
Стрымана, напаўголаса мовячы між сабой, немцы зьнялі яго з аднаго боку і з другога, а таксама зусім зблізку ягоныя грудзі з ордэнамі і замусоленымі ордэнскімі плапкамі. За планкі яму стала трохі ніякавата, бо тыя тырчэлі дужа няроўна, ня тое што ў Пухлякова, які зрабіў іх у майстэрні Ваенгандлю — роўненькія, шырокія, дужа спрытныя. Але, мабыць, папраўляць цяпер было позна, немцы зьнялі ўсё, як было. Гаворка хацеў параіць ім зьняць яшчэ і прыяцеля, ды ня ведаў, як было пра тое сказаць, а гэты сыч Пухлякоў са змрочным выглядам працягваў нязрушна сядзець воддаль на лаўцы.