Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Стары з кульбай яшчэ ня выйшаў з бункера, як з-за аўтобусу выбегла кабеціна з дзьвюма дзяўчынкамі-дашкольніцамі. Першая з іх, белавалосенькая і порсткая, згледзеўшы бункер, адразу пабегла да яго цераз пляц, і кабеціна яшчэ здалёк запрасілася:
— Вы ўжо пусьціце яе, малую, бясплатна, а то грошай няма, во на бялет сабрала, каб у горад да маці адвезьці з дзярэўні…
— Ладна, — з прыхаванай прыкрасьцю ціха кінуў Гаворка, падумаўшы, што сёньня яму не шанцуе. Малая паскакала па прыступках уніз, але за ёй сунулася і кабета разам са старэйшаю, што ўжо выклікала абурэньне Гаворкі.
Было, аднак, позна — ужо яны там, унізе, расчынялі скрыпучыя, на спружыне дзьверы. Во і паслухай гэтых баб, думаў Гаворка, — пусьціш адну, а ўлезе тры запар. I ўсё бясплатна. Як яны неўзабаве выйшлі, кабета здалёку дзякавала, але ён не хацеў яе і слухаць. Аўтобус меўся хутка пайсьці, а ў ягонай кішэні не зьявілася ніводнага «зайца». Усе — на халяву.
Сапраўды ля расчыненых дзьвярэй «Ікаруса» пачалі тоўпіцца новыя пасажыры з білетамі, а таксама тыя, што тут выходзілі пакурыць — усе рыхтаваліся заняць месцы. Ужо з другога боку ў высокую кабіну караскаўся шафёр. I тады з-за рогу вакзалу шпаркай хадой выскачылі два салдаты, мабыць, пасьпяшаўшыся з буфету. Але замест аўтобусу яны скіравалі ў гэты бок — ведама ж, па якой патрэбе. Гаворка ступіў напярэймы, але тут жа адступіўся — маладыя, бялявыя, бы рахманыя парсючкі, са счырванелымі тварамі хлопцы дужа сьпяшаліся — як было патрабаваць з іх плату? Сам колісь быў салдатам і ведаў, якія ў салдата грошы. Тыя, аднак, не зважаючы на яго, з надта заклапочаным выглядам скаціліся па крутаватых прыступках і неўзабаве выскачылі, сігаючы адразу цераз дзьве прыступкі. Ужо мінаючы яго, адзін кінуў другому:
— Жабруе дзядок…
— Халяўшчык, — дадаў зводдаль другі.
Пачутае крыху абразіла Гаворку — усё ж ён не халяўшчык, яму тую працу даручыла ўлада. А калі ён гэткі вахлак, што пушчае бяз грошай, дык гэтак яму і трэба. Пусьціў па дабрыні сваёй, за што во і атрымаў…
Аўтобус пакаціў на вуліцу, аўтавакзальны пляц апусьцеў. Наступны меўся быць няхутка, але зборшчыку за карыстаньне не было куды ісьці. Ды і не было якое патрэбы, апроч як закурыць. Ды дзе закурыш? З усяго аўтобусу ня ўзяў ніводнага «зайчыка», і хто б паверыў? Не, так не гадзіцца. Мабыць, трэба мяняць падыходы, як кажа ягоны прыяцель Пухлякоў.
Ён абышоў аўтавакзал і з другога боку зайшоў у буфет. Якраз у гэтую пару тут было пуста, буфетчыца Валя-малая перабірала якіясь паперы на падаконьніку, і ён паўзіраўся ў вітрыну. Там у куце за бутэрбродамі з скрылёчкамі ссохлага сыру стаяла некалькі пачак «Мальбара» з ашалелымі цэнамі, і Гаворка спытаў:
— А «Прымы» няма?
— Няма, — буркнула Валя-малая, прыгожымі, у пярсьцёнках пальцамі перабіраючы накладныя.
— Гора! — выдыхнуў Гаворка.
— Бяры во загранічныя, — не паварочваючыся ад папераў, сказала буфетчыца. — Ці грошай няма?
— А няма, — сказаў ён.
— Так ужо і няма? Толькі ж аўтобус быў.
— А грошай няма, — сказаў ён і ціха папытаўся: — Можа, пачачак напавер?
— Не. Напавер не, — адрэзала Валя. Перапрошваць Гаворка ня стаў, ведаў — у гэтай ня выпрасіш. Гэтая, бы сталь, — калі сказала, дык ужо хоць разьбіся. Хоць на пуза ляж. Але дзе ж закурыць?
У цесным вакзальным пакойчыку сядзела над клумкам кабета, ляніва жавала выняты адтуль батон. За акном, бачна было, спыніліся, сустрэўшыся, дзьве жанчыны — удава міліцэйскага начальніка Казлова і настаўніца тутэйшай школы. Гэтыя таксама былі яму без карысьці, і Гаворка вярнуўся на пустую пляцоўку. Крыху счакаўшы, сышоў да дзьвярэй туалета і замкнуў іх, каб хто ня ўздумаў пакарыстацца ім без яго. А сам павалокся на вуліцу да гастраному — ужо там ён знойдзе, у каго закурыць.
Далёка, аднак, не адышоўся, як згледзеў Пухлякова. Гэты высокі і мажны ветэран якраз кіраваў у бок аўтавакзалу.
— Ты куды? — спаткаўшыся, спытаў Пухлякоў.
— Ды во — закурыць.
— Абязгрошаў, ці што?
Пухлякоў нетаропка дастаў з кішэні свайго заўжды ладнага шэрага пінжака пачак «Беламору», яны закурылі. Гаворка з палёгкай зацягнуўся знаёмым дымам.
— Дык пойдзем, — сказаў ён. — Калі да мяне.
— Што ж ісьці да цябе? Ты ж бяз грошай…
— Ды знаеш, з тым абласным не павязло.
— Што, нікому не прысьпічыла? — пагардліва ўсьміхнуўся Пухлякоў. — Значыць, кепска працуеш…
Можа, і кепска, падумаў Гаворка. Гэты Пухлякоў, не зважаючы на тое, што быў маладзейшы за Гаворку, заўжды трымаў сябе з ім, нібы начальнік ці чалавек разумнейшы. Хаця ён і быў начальнік, а можа, і разумнейшы, бо шмат гадоў працаваў у райкаме. Колісь ваяваў партызанам, але таксама ў райкаме камсамолу, — сядзеў у лясной глушы і кіраваў антыфашыстоўскай агітацыяй сярод моладзі. Цяпер ордэнаў не насіў, а планак — шырокіх, роўненькіх і стракатых — было ў яго аж да пуза. Сабраў усе юбілейныя, над якімі вісеў на чырвонай калодачцы самы галоўны юбілейны медаль з выявай Леніна, што здалёк выдаваў бы Залатая Зорка Героя.