Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Гаворка азіраў пляцоўку, чакаў, можа, хто прыйдзе ці хоць бы пройдзе паблізу. Ды як на злосьць, нідзе не было нікога. Адно зводдаль на падворку за вакзалам, відаць было, сядзела пад плотам бабуля з унучкай, мабыць, таксама чакала аўтобус. Але да жанчынаў з якімі патрэбамі Гаворка ня меў звычаю зьвяртацца, хіба каб папіць вады, калі сасьмягне. I калі дадуць. А могуць і ня даць, не зважаючы на яго заслужаны ветэранскі выгляд — у вайсковым кіцелі, з ордэнскімі планкамі на грудзях. Менавіта дзеля людской павагі Гаворка нядаўна начапіў яшчэ і два свае ордэны — Чырвонай Зоркі на правы бок грудзей і ордэн Славы трэцяй ступені — на левы. Так было прыгажэй. Некаторыя казалі, што планкі з ордэнамі ня носяць, але хай, думаў Гаворка. Чужыя ці што? Ці скрадзеныя? На вайне заробленыя потам ды крывёю, запісаныя ў дакументах — чаму не насіць?
Ён усё пазіраў з лаўкі на той бок пляцу і на рог аўтавакзалу, як побач паявілася Валька — дачасу растаўсьцелая жанчына ў сінім халаце, з вядром у руках. Гэтую, у адрозьненьне ад Валькі-малой, клікалі Валька-тоўстая. Яна кіравала да бункера, і Гаворка зразумеў, што раней не прыбрала, будзе прыбіраць зараз, перад прыходам аўтобуса.
— Не магла ўчора! — стрымана папракнуў ён.
— Не магла, — са сьцішанай злосьцю адказала тоўстая Валя, не паварочваючы да яго галавы. Зімой яна прасілася на гэтае яго месца зборшчыка за карыстаньне, але начальнік райкамунгасу тую справу даверыў яму. Усё ж ён ветэран і ардэнаносец, а не які прыбіральшчык, як Валька-таўстая.
— Аўтобус жа во…
— Ну й хер з ім, — з абыякавым выглядам буркнула тая. Якраз у той момант з вулічнай павароткі на пляцоўку ўкаціўся вялізны жоўта-чырвоны «Ікарус», трохі збочыў да будыніны аўтавакзалу, чыхнуў і стаў. Гаворка ўскочыў з лаўкі і ціха вылаяўся — Валька-тоўстая пляжыла яму ўсю справу збору і карыстаньня. Але рабіць не было чаго — з пярэдніх дзьвярэй аўтобуса ўжо вылазілі пасажыры, цягнучы з сабой свае клумкі. Адны паволі ішлі за вугал да дзьвярэй у вакзал іншыя пачыналі засяроджана азірацца па баках. Гаворка разумеў іхні клопат і пасьпяшаўся да бункера. Валя-тоўстая, вядома, яшчэ поркалася там, ды людзям не цярпелася са сваёй справай — як было змушаць іх чакаць?
Заняўшы зручную пазіцыю ля самых прыступкаў, Гаворка дастаў з кішэні квітанцыйную кніжачку і трымаў яе ў руках, каб кожнаму было бачна, што ён тут стаіць не выпадкова, а выконвае абавязкі. Алоўка у яго не было, ды ён і ня меў у ім патрэбы. Зрэшты, і квітанцыяў у яго звычайна ня бралі, а калі якая цётка і возьме, дык наводдаль кіне пад колы аўтобуса. Пасьля гэтыя квіткі разам са сьмецьцем зьдзімае з пляцу вецер. Таму Гаворка ня надта іх і навязваў.
Першым да бункера рашуча скіраваў плячысты дзяцюк з высока падстрыжанай патыліцай і скураной валізкай на адным плячы. Гаворка заступіў яму шлях.
— Пяць з вас.
— Чаго — пяць? — вылупіў вочы дзяцюк.
— Пяць тысячаў за карыстаньне.
— Пайшоў ты!..
Крута павярнуўшыся, дзяцюк скіраваў па той бок бункеру, дзе, амаль не хаваючыся, зрабіў сваю справу і вярнуўся ўжо іншым шляхам, нават не зірнуўшы ў яго бок. Канешне, то быў непарадак, але Гаворка нічога ня мог зрабіць, а міліцыянера ў такіх выпадках ніколі не бывае блізка. Ад аўтобусу тым часам ужо клыбаў высокі стары ў пінжаку і з кульбай, яўна кіруючы да бункеру. Гаворка трохі ступіў наперад, каб загадзя спаткаць яго, ды сустрэў нейкі нямогла-спакутваны погляд старога і адступіўся. Спаганяць з гэтага грошы ў зборшчыка чамусьці не хапіла адвагі, і той, няспынены, паклыпаў па прыступках уніз.
Нарэшце, управіўшыся прыбіраць, адтуль выйшла тоўстая Валя, якая з затоенай пагрозай мовіла:
— Па блату пушчаеш? Ну-ну…
— Не тваё дзела, — буркнуў ён.
Сапраўды, то было ягонае, а не яе дзела, тут Гаворка быў пэўны. Кепска хіба тое, што Тоўстая магла накапаць на яго я камхоз, як накапала на тым тыдні, калі ён правароніў транзіт з Менску. Тады ён атрымаў вымову і апошняе папярэджаньне. Як бы цяпер не атрымаць самае апошняе..