Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Ён не адставаў ад капітана да вечара. У часе ашалелага начнога прарыву ў грымоцці выбухаў і мільгаценні трас ненадоўга прапаў, але калі ранкам рэшта групоўкі прарвалася цераз нямецкія пазіцыі, Валошын, на сваё здзіўленне, убачыў побач і гэтага кульгавага сабаку, які затым упарта не хацеў разлучацца са сваім выратоўцам. Валошын накарміў яго ля першай жа палявой кухні, дзе першы раз за некалькі дзён паеў сам, перавязаў лапу ў санчасці, дзе перавязвалі і яго, і павёў у тыл на пункт збору і фарміроўкі. Лапа ў сабакі зраслася надзіва хутка, і ён ні на крок не адставаў ад свайго выратоўцы. Часам у іх абодвух здараліся непрыемнасці з начальствам, але неяк усё абыходзілася во да сённяшняй ночы.
Узрушаны многім з таго, што адбывалася сёння ў зямлянцы, занепакоены лёсам батальёна і заўтрашняй атакай, Валошын спярша неяк не дужа і адчуў страту Джыма. Аднак з цягам часу жаль па сабаку ўвачавідкі рос у ім, даходзячы часам да роспачы. Як ні дзіўна, а Джым быў для яго чымсь глыбока асабістым, амаль інтымным, нечым з таго, што начыста вытручвала ў чалавеку вайна і што можна было хіба адчуць і амаль немагчыма сфармуляваць словамі… На жаль, ён не мог пярэчыць генералу, для якога гэты сабака з’явіўся сёння, безумоўна, прадметам хвіліннага захаплення, уладарнага капрызу начальніка — не болей.
Восьмая размяшчалася ўнізе пад касагорам, раскінуўшы па ўзмежку радок адзіночных ячэек. Сярод іх ліпела і цесненькая, прыкрытая плашч-палаткай зямлянка камандзіра роты, у якой размяшчаўся Муратаў і грэліся па чарзе байцы. Асцярожна ступаючы, камбат паціху падышоў з тылу да ледзьве прыкметнага бугарка, з-пад якога сцішана даносіліся галасы. Ён чакаў знайсці тут Маркіна і Муратава, але замест іх у зямлянцы аказалася некалькі байцоў, ледзьве асветленых кволым агеньчыкам трафейнае плошкі. Двое, што сядзелі бліжэй да святла, накінуўшы на голыя плечы шынялі, уважліва абшуквалі на каленях вывернутыя споднія кашулі. Камбат з намаганнем прасунуў галаву ў вузенькую шчыліну ля палаткі — байцы сарамліва сумеліся, захінаючы вопратку.
— Што — грызуны заелі?
— Кусаюцца, халера на іх.
— Дзе камандзір роты?
— Пайшоў. 3 начальнікам штаба, — адказаў бліжэйшы да выхаду баец, нацягваючы палу шыняля на белае худое плячо.
Валошын захінуў палаткай уваход і ўстаў. Значыць, Маркін ужо распачаў дзейнічаць. Увогуле начальнік штаба чалавек старанны, даручыўшы яму што-небудзь, можна быць упэўненым, што валыніць не будзе. Праўда, дзейнасць яго звычайна прасціралася строга ў межах загаду. Калі ж здаралася, што трэба нешта ўзяць на сваю адказнасць (тым болей рызыку) або праявіць ініцыятыву, таксама, як правіла, звязаную з рызыкай, тут ужо ад Маркіна не варта чакаць многага — будзе роўна столькі, колькі адмерана распараджэннем начальства.
Зрэшты, Маркіна можна было зразумець: не кожны на вайне, трапіўшы ў такія свалачныя выкруты лёсу, як ягоны начштаба, здолеў захаваць душэўную нязломнасць. Камбат ужо ведаў з жыцця і з свае камандзірскае практыкі, што людзі ёсць людзі і патрабаваць ад іх таго, на што яны менш за ўсё здольны, недарэчна па меншай меры. Мусіць, трэба прымаць іх такімі, як іх стварыла жыццё, скарыстоўваючы для справы тыя з іх дзелавых якасцей, якія толькі і можна выкарыстаць.
Стоячы ў выкапаным праходзе, Валошын прыслухаўся, знізу ўгору агледзеўся па баках — непадалёк, здаецца, хтосьці маячыў на ледзь-ледзь светлаватым фоне. Той, мусіць, пазнаў камбата і азваўся сіплым прастуджаным голасам:
— Яны там, ля сяржанта. Камроты там і начальнік штаба.
Камбат паціху пайшоў уздоўж ланцуга ад аднае адзіночнай ячэйкі да наступнай. Амаль ва ўсіх іх варушыліся байцы, дзе-колечы іх было па двое — сышліся пакурыць ды пагрэцца. Бадай ніводзін не спаў — зрэшты, мудрона было заснуць на такой халадэчы. Аднак гэта звечара. Камбат ведаў: пад ранак нават і тут іх адолее сон, наколькі хопіць трывання, пачнуць драмаць, змагаючыся са сцюжай. Зусім без сну чалавеку нельга, нават і тады, калі ён на вайне і сядзіць у ста кроках ад немцаў.
Урэшце ля пятай ці шостай ячэйкі ён пачуў стрыманую размову, якая, як толькі яго заўважылі ў цемры, адразу прыціхла. У доле ля бруствера цямнела некалькі постацей — ён падышоў бліжай і спыніўся.
— Ну што, лейтэнант Маркін?
Маркін таропка ўстаў, падняўся таксама Муратаў і яшчэ нехта з байцоў восьмай.