Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Ну што, Прыгуноў?
— Так нічога. Пастралялі трохі ды сціхлі.
— Даўно?
— 3 паўгадзіны назад. Кулямёт патыркаў-патыркаў і змоўк.
— Ракет не кідалі?
— Дзве ўсяго. Вартавыя, мабыць.
Можа, вартавыя-дзяжурныя, а можа, і баявое ахраненне, — калі засеклі разведчыкаў, тады справа горш. А можа, яны ўжо вярнуліся, ды Самохін марудзіць з дакладам, хоць такое на яго не падобна.
— А там за балотам, з тае высоткі, нічога не было чутна? — запытаў ён у Прыгунова. Той пакруціў галавой.
— Не, нічога, таварыш камбат.
Валошын памаўчаў, услухоўваючыся, і разведчык пачаў абмахвацца, ляпаючы сябе рукавіцамі па лапатках — грэўся.
— Колькі часу, таварыш камбат? Гадзін дванаццаць ёсць?
— Палова другой.
— Ну, праз паўгадзіны падменяць. Пакімарыць крыху да ранку. А раніцай наступлення не чакаецца? — ціха, без асаблівай цікаўнасці запытаў разведчык.
Валошын унутрана паморшчыўся ад непрыемнага цяпер пытання.
— Чакаецца, Прыгуноў. Раніцай атака.
— Да? — не надта нават уражаны, хутчэй з абвыклай пакорай перапытаў Прыгуноў.— Тады горш справа.
Заўтра будзе горш, гэта пэўна, але гаварыць аб тым Валошыну не хацелася — турбавала мноства пытанняў, немалаважных для таго заўтра, і сярод іх цяпер самым пільным быў вынік разведкі нейтралкі і таго бугра за балотам. Мусіць, трэба б даверыцца Маркіну; калі ўжо загадаў, дык не блага было б пачакаць выканання загаду. Але чакаць не хапала трывання. Пастаяўшы яшчэ крыху, Валошын ускочыў каленам на край бруствера і вылез з траншэі.
8
Камбат ціха ішоў па касагоры ўніз. Па-ранейшаму было цёмна, напорысты паўночны вецер шапацеў у быльнягу і рэдкім, па ўзмежках, кустоўі. Валошын засцярожліва пазіраў па баках, гатовы да якой неспадзяванкі: усё ж ён быў тут адзін, а ці мала што магло падпільнаваць аднаго на перадавой уначы. Нядоўга было трапіць і ў рукі да немцаў, якія, мусіць, таксама не ўсе цяпер спяць — арганізуюць і абарону, і ахраненне, і пошук разведчыкаў. Зусім не дзіва, калі выйдзеш з КП, а ў роту не прыйдзеш. Куды падзеўся — ніхто і ведаць не будзе.
Мусіць, найгоршае на вайне — гэта недарэчна загінуць.
У дадзеным выпадку палохае нават не сама смерць, а тое, як яе вытлумачаць людзі. Мабыць, знойдуцца і такія, што скажуць: перайшоў да немцаў, як гэта здарылася ўвосень з колішнім іх камандзірам палка Буланавым і ягоным начштаба Алексюком. На змярканні прыехалі конна на КП другога батальёна, пагутарылі, закурылі і выправіліся ў трэці, да якога было кіламетры два логам праз кусцікі. Аднак у трэці яны так і не прыехалі. Прапалі назаўжды, нібы жартуючы між дзвюма зацяжкамі, быццам іх і не было на зямлі. Пасля хадзілі розныя чуткі-здагадкі, кожная з якіх (апроч хіба самай недарэчнай — наконт здачы ў палон) была верагоднай. I ўсё ж найбольш пэўным здавалася меркаванне, што абодва камандзіры трапілі языкамі да нямецкіх разведчыкаў.
Так, трапіць у бяду было справай няхітрай, нават дужа простай. Хоць бы і цяпер вось, калі ён брыў у цемры зусім адзін, без ардынарца і нават без Джыма. Вядома, з Джымам было б куды спакайней — Джым у такіх выпадках быў незаменны сваёю сабачаю чуйнасцю і амаль не сабачай адданасцю.
Гэты сабака трапіў да яго паўгода таму, у канцы лета пад Селіжаравам, дзе рэшта іхняй разбітай арміі прабівалася з акружэння. Прарыў, пачаты ўдарнай групоўкай, па незразумелай прычыне затрымліваўся, немцы паспелі закрыць прабіты ёю праход, іх мінамётны агонь крышыў стогадовыя хвоі на ўзлеску, дзе разгарнуліся зводныя батальёны другога эшалона, пачаў гарэць лес, і дым усё болей ахутваў падлесак. Калі ўзнялося сонца, асколкам міны, якая выбухнула ў галлі, Валошына параніла ў галаву, і ён, неяк перавязаўшы яе, ляжаў пад хвояй, чакаючы сігналу «наперад». У поўдзень, спакутаваны ад духаты, смагі і болю, пайшоў у глыб лесу пашукаць вады і неўзабаве набрыў на зарослы ляшчыннікам равок з ледзьве жывым у траве ручайком, дзе і ўбачыў гэтага, невядома адкуль прыбрыўшага сюды, сабаку. Збочыўшы худы зад і шырока расставіўшы пярэднія лапы, Джым сядзеў над ручаём і з пакутным адчаем у вачах пазіраў на чалавека. Валошын напіўся сам, набраў цёплай вады ў трафейную пляшку і, спакойна падышоўшы да сабакі, асцярожна пагладзіў яго. Сабака нават не ўхінуўся ад яго рукі, і Валошын убачыў, што задняя яго лапа перабіта асколкам. У кішэні ў капітана была рэштка бінта, якім той асцярожна перабінтаваў пералом, затым, выламаўшы з ляшчыны дзве тонкія палачкі, наклаў іх замест шын на лапу і зноў туга абматаў бінтам. Сабака асцярожна пераступіў раз і другі і з раптам ажывелым выглядам пабрыў за чалавекам.