Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Давай кейфанём, — з гасціннасцю запрасіў Іваноў.— Знаеш, люблю маленькія прыемнасці, якія можна сабе дазволіць.
— Ды ўжо ж, толькі і суцяшэння. А ў нас і гэтага няма. Пяхота! Не тое што вы — арыстакраты вайны: пярына, кава, ППЖ яшчэ. Поўны камфорт!
— ППЖ не трымаем, сам ведаеш. А іншае чаму не мець? Была б цяга.
— I цягі хапае. Аўтамашыны, трактары. А ў мяне вунь сем кляч на батальён. Перш чым якую засядлаць, трэба падумаць, куды паклажу дзяваць.
— Затое ў цябе Джым! — выпаліў Іваноў.
— Быў. Няма ўжо Джыма.
— Што? Падстрэлілі?
— Генерал забраў. Папаўся на вочы.
— Э, сам вінаваты! Дзівак! Хіба можна такога пса генералам паказваць? Прасіў, мне не аддаў. Ну і во…
Кава была агняна-гарачая і патыхала бензінным чадам. Валошын з’еў пару сухароў, угрэўся, яму тут па-хатняму стала добра і сцішана са старым субяседнікам. Калі б толькі не заўтрашні клопат, які цяжкім каменем ляжаў на душы, ні на хвіліну не даючы пра яго забыцца.
— Яшчэ наліць? — запытаў Іваноў.— Мацяйчук!
— Не, дзякуй. Я, знаеш, болей чай люблю. Слухай, а ў цябе траншэя прыстрэлена?
— Рэпер ёсць, — сказаў Іваноў.— За гэта можаш не баяцца. Дакладнасць гарантуецца.
— Знаеш, не бахай зашмат упачатку. Упачатку я ўжо як-небудзь і без таго. Мне пасля трэба. Там, на гары. Як зачэпімся.
— 3 дарагой бы душой. Але ж начальства запатрабуе. Яму ж, сам ведаеш, галоўнае, у пачатку каб грукату болей. Каб залп быў.
— Залп, да. А мне не залп трэба. Мне б хоць па пары снарадаў на кулямёт. Яны ж, ведаеш, маюць звычай з таго свету вяртацца. Здаецца, ты яго ўжо разбіў, два пападанні было, а ён праз пяць хвілін зноў страляе.
— Замяняемасць нумароў, што ж ты хочаш! — казаў Іваноў, беручыся за другую кварту кавы. — Агнявая падрыхтоўка.
— Падрыхтовачка яшчэ тая, гэта я ведаю. Пад Звонавам мае ўзялі ў палон іхняга снайпера. Два крыжы на кіцелі, можаш уявіць, колькі настраляў нашага брата. I ўсяго месячныя курсы скончыў. Пытаюся, як вучыліся? Проста, кажа. Кожны дзень шэсць гадзін агнявой падрыхтоўкі на палігоне. Во практыка! А ў нас?
— А ў нас чорт ведае чаго толькі няма ў праграмах. Вунь артылерыстаў вучаць. I ПХЗ, і абавязкова страявая. Быццам на фронце — парады.
— Нягожа хваліць ворага, але так, — пагадзіўся Валошын.
Ён ужо ведаў у характары Іванова ягоную рысу да самакрытычнасці ў адносінах ці артылерыі, ці нашых парадкаў, ці нават самога сябе і прывык да яе. Яна не калола іх вайсковага гонару і толькі сведчыла пра назіральнасць сябра і яго смеласць, ні на кога не зважаючы, выказаць праўду. Валошын жа так выказацца мог толькі ў крайнім выпадку.
— А чаму — нягожа? Наконт вайны яны майстры. Нічога не скажаш.
— Так, — без асаблівай ахвоты пагадзіўся Валошын. — Асабліва што датычыць пяхоты. Вунь колькі ў нас было да вайны статутаў па тактыцы, і ўсе насмарку. Цяпер у пажарным парадку напісалі новыя: і БУП-1, і БУП-2. I ўсё на аснове, якую яны нам навязалі ў вайне.
— Так, так. Хаця гэта ў вас, у царыцы палёў. У нас, у артылерыі, амаль усё па-ранейшаму. Па-даваеннаму.
— У вас што — у вас матэматыка. Функцыі ўглоў адны і тыя ж, у нас і ў немцаў.
— Калі б яшчэ да гэтай матэматыкі болей снарадаў,— уздыхнуў Іваноў.— А то ну што за работа — на кожны стрэл дазвол у камандзіра дывізіёна прасіць! I так ужо ашчаджаеш, як скупы рыцар. Над кожным снарадам трасешся.
— Гэта так. Ну што ж, дружа, добра ў цябе, але трэба ісці. Паслаў разведчыкаў — чакаю выніку. Хоць бы касагор не замініравалі. А то заўтра будзе нечаканка.
Валошын угледзеўся ў свой швейцарскі гадзіннік — было два трыццаць.
— Не дай бог — міны, — сказаў Іваноў — Ведаю.
— Пад агнём паспрабуй тады, размініруй.
— «Шпрынгены» гэтыя — чорт бы іх узяў. У мяне ж во камандзір узвода ўпраўлення на міне падарваўся. Цяпер узводам Мацяйчук камандуе.
Валошын устаў, зашчапіў на кручок каўнер шыняля. Томік вершаў Ясеніна з заламанай старонкай ляжаў на лапніку, і ён раптам згроб яго вялікай рукой.
— Знаеш, ты ўсё роўна спаць будзеш, а мне не да сну. Хоць, можа, душу адвяду, — прабачліва сказаў ён. Іваноў паморшчыўся, але не запярэчыў.
— Толькі з умовай: вярнуць. А то тут у мяне чарга…
Яны абодва выйшлі з зямлянкі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.
— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку, — сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра. — Заўтра іншая гутарка будзе.