Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Так, усё. Пытанні ёсць?
Пытанняў не было. Ён самкнуў строй, які аказаўся прыкметна карацейшы, чым упачатку, і рукой пачаў аддзяляць чацвёркі.
— Восемь, дзевяць, дзесяць… Направа! Старшына Грак, атрымлівайце.
Старшына адвёў сваіх крыху ўбок, а ён палічыў астатніх. Іх было мала. Восьмай як самай слабай трэба было б даць болей, але нешта ўтрымала яго ад такога намеру. Рэшткі строю ён падзяліў напалам.
— Восьмая і дзевятая — па васемнаццаць чалавек.
— Усяго толькі? — здзівіўся сяржант з восьмай.
— Толькі ўсяго. Затое без браку.
Людзей павялі ў роты, а ён скочыў у траншэю і ледзьве не сутыкнуўся з Маркіным. У накінутым на плечы паўшубку, лейтэнант адразу павярнуў назад. Валошына гэта трохі здзівіла — чаму ён стаяў тут?
Яны вярнуліся ў амаль што пустую зямлянку. Печка тут ужо не гарэла, пастаянны яе даглядчык Чарнаручанка, прывязаўшы да вуха трубку, зябка корчыўся ў куце на саломе. Маркін кінуў на скрынкі скручаны ў трубку сшытак.
— Думаеце, яны сапраўды хворыя? — нешта тоячы ў сабе, запытаў начштаба.
— Зусім не думаю.
— Дык як жа гэта іх за здорава жывеш — шагам марш у тыл?
Тон начальніка штаба быў буркатлівы, амаль сварлівы. Валошын, аднак, не дужа на тое зважаючы, дастаў з кішэні гадзіннік і падышоў да ліхтара. Абедзве зеленавата-фосфарныя стрэлкі яго набліжаліся да дванаццаці.
— Спадзяюся, Маркін, вы мяне за ідыёта не лічыце?
— Ну што вы! Я так проста. Сказаў…
— Хто-хто, а вы-та павінны разумець: мішэні на полі бою нам не патрэбны.
Ён паклаў гадзіннік на край стала і сам сеў побач. Маркін з нейкім незразумелым запалам выпаліў:
— А гэтыя, што асталіся, не мішэні?
— Тое будзе залежаць ад нас.
— Ад нас! Ось паглядзім, як яны заўтра паднімуцца. Ці не прыйдзецца абцасам у зад штурхаць.
— Вельмі нават магчыма. Заўтра, магчыма, і не паднімуцца. Прыйдзецца паднімаць. А праз тыдзень паднімуцца. Праз месяц ужо ўзнагароджваць будзем.
Маркін надзеў у рукавы паўшубак.
— Калі будзе каго, — цішэй зазначыў ён і дастаў з кішэні сшытак, — Баявое распараджэнне з палка. На атаку.
Камбат узяў сшытак, напалову спісаны знаёмым пісарскім почыркам. Дастаў з сумкі карту. Маркін пасядзеў і, пазяхнуўшы, адкінуўся ў кут на салому.
Наверсе зрабілася ціха-ціха…
7
Баявое распараджэнне не шмат дадавала да таго, што было і без яго вядома. Валошын хутка прабег вачмі дзве старонкі рукапіснага тэксту, даўжэй затрымаўся на карце. Спакваля яму стала зразумела, што абхватны манеўр, які прадпісваў камандзір палка, наўрад ці атрымаецца. Для абхвату такой вышыні, як гэта, спатрэбіўся б не адзін батальён і не адна артбатарэя, якая прызначана яго падтрымліваць. Зноў жа суседні за балотам пагорак! На выгляд — гэта была малапрыкметная сярод хмызняку гарбінка, ледзьве азначаная на карце дзвюма гарызанталямі, да таго ж знаходзілася яна далёка за флангам, на суседнім, невядома чыім участку. Але ў выпадку іменна гэтага абхватнага манеўра гарбінка апыналася амаль што ў тыле баявога парадку батальёна, і гэта ўжо насцярожвала. А раптам там — немцы?
Невясёлыя думкі камбата перапыніў рэзкі ўнутраны трэск тэлефона. Чарнаручанка з ахрыплай паспешлівасцю прабуркаў свае пазыўныя і зняў з галавы трубку.
— Вас, таварыш камбат.
У шораху і трэску памех буяў злы нервовы голас камандзіра палка.
— Зноў у вас тое самае! Зноў фокусы, сюрпрызы! Калі гэта скончыцца, Валошын?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Чаму вярнулі «карандашоў»? Вы што — не атрымалі загад на «сабантуй»?
— Атрымаў, таварыш дзесяты, — знарок спакойна адказаў камбат.
— Дык у чым жа справа?
— Я вярнуў хворых.
— Што? Хворых? — Гунько знарочыста зарагатаў злым здзеклівым смехам. — Хто табе сказаў, што яны хворыя? Ці не яны самі?
— Ну вядома. У мяне ж доктара няма.
— Слухай, ты… вы там нармальны ці не? Калі вы будзеце такі легкаверны, дык у вас заўтра ў хазяйстве нікога не застанецца.
— Застануцца, таварыш дзесяты. А тыя, што на санчасць глядзяць, мне не патрэбны.
— Як гэта — не патрэбны? Вы разумееце, што вы гаворыце? 3 кім вы тады будзеце выконваць баявую задачу? Вы прасілі папаўненне. Я вам даў максімум. За кошт іншых, можна сказаць. А вы адмаўляецеся. Я проста не ведаю, як гэта разумець?
Валошын самотна ўздыхнуў, яму зноў станавілася сумна і агоркла ад гэтай бязглуздае спрэчкі.
— Таварыш дзесяты! Вось і аддайце іх тым, каго вы абдзялілі. Мне хопіць.