Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Хопіць?
— Да, хопіць.
У трубцы змоўкла, пасля зноў загучала, але ўжо ў новым, болей пагрозлівым тоне.
— Майце на ўвазе, Валошын, я вам заўтра гэта прыпомню. Запросіце падмогі — шыш атрымаеце.
— Не сумняваюся.
— Што?
— Кажу, не сумняваюся. Толькі прасіць не буду.
— Не будзеце?
— Не, не буду.
Трубка змоўкла, і ён ужо хацеў аддаць яе Чарнаручанку, як там зноў паявіўся голас. Голас быў бадзёры, амаль што вясёлы, камбат не адразу пазнаў яго.
— Алё, Валошын. Дык як вы сустрэлі «карандашыкі»?
— Звычайна. Хлебам і соллю, — напаўжартоўна адказаў камбат.
Тут ён не дужа выбіраў выразы — то гаварыў намеснік камандзіра палка па палітчасці маёр Міненка. Адносіны з ім у камбата былі даволі дэмакратычныя.
— Хлеб добрая рэч, але не забывайце і пра харч духоўны.
— Ну, а як жа. Вядома.
— Дык вось што. Трэба пагутарыць з людзьмі. Расказаць пра становішча на франтах. Пра перамогу пад Сталінградам, баявыя поспехі часці. Ды і наогул… Вы ведаеце пра што.
— Вы думаеце, я — палітрук?
— А гэта няважна. Інстытут ваенкомаў адменены. Так што…
— Тым не менш вы-та засталіся. Вось бы і расказалі пра становішча на франтах.
— Ну гэта ты кінь, Валошын, — незадаволена забурчаў бас у трубцы. — Што мне рабіць, я і без цябе ведаю.
Валошын уздыхнуў на поўныя грудзі.
— Таварыш дванаццаты! Няўжо вы думаеце, што ў мяне перад заўтрашнім «сабантуем» няма другіх спраў, як толькі расказваць пра становішча на франтах. Я перад сваім носам яшчэ не разабраўся ў становішчы.
Ён змоўк, у трубцы таксама змоўкла. Пасля Міненка, мабыць, падумаўшы, пагадзіўся:
— Ну добра! Я падашлю лейтэнанта Круглова. Ён правядзе бяседы, а вы ўжо забяспечце людзей.
— Заўтра?
— Чаму заўтра? Сёння.
Гэта ўжо было больш чым занадта. Людзям і без таго заставаўся кароценькі хвосцік ночы, за які дай бог прыплюшчыць вочы на холадзе. А тут — бяседы. I Валошын амаль са злосцю закрычаў у трубку:
— Ну што вы гаворыце, таварыш дванаццаты! Людзі прыбылі з марша. Дашчэнту змораныя. Заўтра… Вы ведаеце, што будзе заўтра. Трэба ім адпачыць ці не? У канцы канцоў…
Нампаліта гэты камбатаў выпад, аднак, мала збянтэжыў. Відаць, ён быў маёру не ў навіну, і той меў на яго даўно гатовы адказ.
— Ну, ну, ну… Так не пойдзе. Мы не можам ні на хвіліну спыняць палітмасавае работы. Мы павінны яе праводзіць у любых умовах. Так патрабуе Вярхоўны Галоўнакамандуючы. Вы разумееце?
Другі раз за сённяшні дзень яму напаміналі патрабаванні Вярхоўнага. Валошын кінуў на скураны футарал трубку і ў злое роспачы прываліўся плячмі да сцюдзёнае сцяны зямлянкі. Ад ягонага крыку на саломе заварушыўся і ўстаў разведчык, падцяўшы ногі, сеў каля скрынак лейтэнант Маркін… Ён прышле лейтэнанта Круглова! Прыслаць Круглова, вядома, няхітрая справа, безадмоўны камсорг і так толькі ўчора пайшоў з ягонага батальёна ў суседні. А вось самога Міненку тут не бачылі, мабыць, ад першага дня наступлення.
А зрэшты, так яно, можа, і лепш. Хай прыходзіць Круглоў, з ім можна будзе дамовіцца і як-небудзь даць ротам магчымасць хоць на пераменку адпачыць перад атакай. Інакш заўтра ад іх не шмат будзе толку. Гэта ён ведаў пэўна.
Разведчык спрасоння пачухаўся, паскрэбся пад пахамі, зняў бот, пачаў перакручваць анучы. Чарнаручанка з маўкліва-незадаволеным выглядам прадзімаў трубку. Маркін запытальна пазіраў на камбата.
— Што ён?
Валошын узяў з долу карту, на якой яшчэ шмат было нявырашана і недадумана з заўтрашняе задачы, і, не паднімаючы позірку на свайго начальніка штаба, сказаў:
— Таварыш Маркін. Адпраўляйцеся ў дзевятую і арганізуйце разведку вышыні «Малой».
Маркін крыху памарудзіў, пасля падперазаўся па паўшубку трафейным рэменем з кірзавым кабурам на баку і моўчкі выйшаў з зямлянкі.
Камбат падумаў, што, бадай, загадаў занадта афіцыйна, гняўлівы лейтэнант мог пакрыўдзіцца. Але цяпер у яго не было ніякае ахвоты да пачцівасці — злавала начальства, злавалі немцы, злавала няпэўнасць у абстаноўцы. А тут яшчэ ніякае весткі ад разведчыкаў з вышыні. Пара ўжо была б ім вяртацца і дакладваць, ды вось — ні слыху ні дыху.
На гадзінніку пачыналася другая гадзіна ночы.
Тады ён рашуча ўстаў з саломы, тужэй падцягнуў спражку. Трывожнае нецярпенне ўсё ўзмацнялася. У такія хвіліны нясцерпна было заставацца сам-насам, цягнула да людзей, батальёна, і Валошын адхінуў палатку.
— Прыйдзе Гутман, хай застаецца тут.
— Ёсць, таварыш камбат, — згодна адказаў Чарнаручанка.
На НП у бакавой ячэйцы стрымана варушылася цьмяная, ахінутая палаткай постаць — баец зважліва павярнуўся бокам да камбата, звыкла чакаючы ягоных пытанняў. Валошын спыніўся, услухаўся: ноч была ціхая, якая рэдка здараецца на фронце, — прынамсі, паблізу нідзе не стралялі. Недзе збоч чутны былі галасы: але наўрад ці на ягоным участку, мусіць, у бліжнім тыле, у суседзяў.