Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Начальнік Дзьвярной, стоячы за сталом, размаўляў па тэлефопе. Ён быў у новай вайсковай гімнасьцёрцы, з партупеяй цераз плячо і наганам на баку. Побач на сьцяне вісеў ягоны шынель з двума кубікамі ў шырокіх сініх пятліцах, — значыцца, чэкістам выдалі форму, падумаў Анішчык. Ён нядоўга пастаяў ля дзьвярэй, услухоўваючыся ў тэлефонную размову, але зразумець нічога ня мог. Дзьвярной толькі скупа паўтараў «Да, да… Іменна так. Сёньня ж адпраўляю. Будзе ісполнена». Нарэшце, паклаўшы трубку, угледзеўся ў Анішчыка адразу пасуровелым позіркам.
— Што?
— Ды вось, таварыш началыйк, вы гаварылі на нарадзе, дык я прывёў…
— Каго? Сябе?
— Не. Злотніка.
— Дзе ён?
— Тут. Паклікаць?
Стоячы за сталом у хцівай, драпежнай паставе, Дзьвярной маўчаў, і Анішчык расчыніў дзьверы, у якія няўклюдна ўлез са сваім хатулём спакутаваны, апрануты ў стары лапсярдак Злотнік.
— Фамілія? — гаркнуў Дзьвярной.
— Злотнік, я ж кажу, — мякка адказаў за яго Анішчык.
— Яўрэй?
— Так. Але… — пачаў Анішчык і адразу сумеўся, згледзеўшы, як набрынялы твар начальніка пачаў налівацца бурачнаю чырваньню.
— I гэта ўсё? Ты што, нас дурачыш? Ці хочаш адкупіцца? Пакрыць шпіёнаў? Дыверсантаў? Шкоднікаў? Ня выйдзе…
Дзьвярной гучна і мацерна вылаяўся.
— Кулькоў! — крыкнуў ён у суседні кабінет, дзе сядзеў нябачны адсюль Кулькоў. — Выклікай канвой і рэгіструй!..
— Каторага? — прагучала з-за прыадчыненых дзьвярэй.
— Абодвух!
— Па якой стацьці?
Начальнік нядоўга падумаў.
— Аднаго як трацкіста…
— А другога?
— Другі — нацдэм! I антысеміт. Усё! — рашуча аб’явіў начальнік зьнямеламу Анішчыку, які гэтак нечакана сам стаў арыштантам і разгублена вымавіў:
— Як?..
— Не паняў? Там поймеш. Час будзе…
У суседнім кабінеце іх запісалі ў тоўстую бухгалтарскую кнігу. Той жа Кулькоў і яшчэ адзін — доўгі худы чэкіст, які за ўвесь час ня вымавіў ніводнага слова, — змусілі іх выкласьці ўсё з кішэняў. У Злотніка ў кішэнях нічога, апроч дзірак, не знайшлося. Анішчык жа паклаў на стол свій новенькі, ашчадна абгорнуты ў газетку партыйны білет, блакнот з алавіком, паўпачкі махоркі. У карабку заставаліся дзьве запалкі, і тыя адабралі. Ён ужо мала разумеў з таго, што з імі адбывалася, усё навакол бачыў расплывіста, у тумане. Быццам тое адбывалася ня з ім. Увесь час круцілася думка, што трэба да кагосьці зьвярнуцца, нешта сказаць, але ён ня мог даўмецца, да каго. Ім усё болей авалодвала пачуцьцё чагосьці незразумелага, нейкай душэўнай прамашкі, зробленай незнарок, па дурноце, якая вось-вось будзе зразумета і папраўлена. Пасьля таго, як… Але тое «як» заставалася невыразным, няўлоўным у яго сьвядомасьці. Анішчык усё глыбей падаў у страхавіты правал і, быццам аглушаны, не чуў і ня бачыў нічога навокал. Злотнік жа наадварот — нічым не зьмяніўся ў паводзінах, здаваўся нават спакойны і амаль не рэагаваў на тое, што з імі рабілі. Мабыць, ён ужо рэагаваў раней — учора ці ранкам, і цяпер ставіўся да таго, як да звычайнага, непазьбежнага, што іх напаткала і павінна было напаткаць.
Пасьля таго, як працэдура рэгістрацыі была скончана, высокі худы чэкіст выняў з шуфляды стала кароткі нож і узяўся зразаць чырвоныя пятліцы з Анішчыкавага шыняля. Але нож быў тупы, а суровыя ніткі, якімі Анішчык колісь прышыў пятліцы, трымалі моцна, і чэкіст нарэшце з трэскам паадрываў іх ад каўняра. Анішчык ледзьве стрываў, каб не заплакаць, выразна адчуваючы, што з пятліцамі назаўжды адразаецца і яго мінулае. Ён не сакратар болей. Не бальшавік. А можа, і не чалавек нават.
Чакаючы канвою, які чамусьці доўга не ішоў, яны сядзелі адзін ля аднаго ў канцы калідора. Злотнікаў хатулёк з харчамі яму пакінулі і, пасядзеўшы, ён разьвязаў яго, дастаў абкрышаны акрайчык хлеба, вялікую цыбуліну. Анішчык зьдзіўлена паглядзеў на сябра па няшчасьці, нечакана ўбачыўшы ў ім жывога трацкіста.