Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I зноў жа, з чаго ўсё пачалося. Са смерці чалавека, Мар'яна, ці дрэва, усыхання дубоў, абмялення ракі, канчатковага ўжо закрыцця лазні, скарачэння бібліятэкі, зводу пчол і рыбін ці чаго-небудзь іншага, што не вельмі і лезла, кідалася ў вочы. Тады як, якімі вачыма пазіраць на ўсё гэта. Мо сапраўды лепш заплюшчыць іх...
Дуб грымнуў долу ў дзень пахавання Мар'яна. А даведаліся аб гэтым толькі дзесьці праз тыдзень. Знаходзіўся ён далекавата ад вёскі, адзіны ва ўсім чыстым полі. I таксама засціў, мазоліў вочы і старшыні, і аграному, без яго было б поле як поле, а тут круціся, аб'язджай кожны раз, калі надыдзе ўборка ці пасяўная. Яго даўно, канечне, ссеклі б, але ж надта вялікі ён быў ужо, непамерны, неахопны, усім калгасам трэба дзень завіхацца. I старшыня то загадваў: к чортавай мацеры, пад корань, то адмяняў свой загад. Увогуле, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Упаў сам дуб. Лёг у цёплы і сонечны дзень пры ясным небе. Пасля Пятра не надаралася ж ні бур, ні вялікіх вятроў. Навальніца, праўда, пасля памінак Мар'яна была, але не вельмі сур'ёзная. I вяскоўцы, раскрыжоўваючы дуб, здзіўляліся, чаго было яму падаць: у рэвалюцыю выстаяў, вайну перажыў, меліярацыю прайшоў, і на табе, паваліўся. Нячыста тут, нячыста, не інакш звязаны гэты дуб з некім з людзей. З кім, гадаць асабліва не прыйшлося, яшчэ і зямля не паспела асесці на магіле Мар'яна.
I як грымнуў долу той дуб, пачалі сохнуць і ўсе іншыя дубы. Але вёска і вяскоўцы гэтага не прыкмецілі ўжо, таму што бачылі яны тыя дубы кожны дзень і не звярталі на іх увагі. Расшалопілі што да чаго толькі вясною, калі ўжо цэлая дуброва не выкінула і лісціка і сярод голага голля высвеціліся счарнелыя, дзедавы яшчэ, борці. Пчолы ў борцях тым летам яшчэ выжылі, да іх яшчэ не дайшла чарга. Разам з дубамі страціла сілу і рака. На выгляд яна, здаецца, яшчэ заставалася ракою, але маторам па ёй перайсці было немагчыма: біла маторы, і шпонак не напасешся. Праўда, адразу ж выйшаў загад: забараніць маторы на рацэ. З загаду таго смяяліся да ікаўкі: своечасова. I яшчэ смяяліся з матораў, што завезлі ў магазін у адзін і той жа час, калі да вёскі дайшоў загад пра іх. Патрабавалі ад Анісіма як ад дэпутата тлумачэнняў: як гэта разумець.
— А як хочаце,— растлумачыў Анісім,— так і разумейце. Маторы тыя электронныя, на іх усё роўна проста так не паедзеш. Калі электроніку толькі выкінуць, але гэта ўжо лішні клопат і адна марока.
Пра лазню гісторыя доўгая і надта складаная і блытаная, як са Шцірліцам, нашым разведчыкам у Берліне. Яе то адчынялі, то зачынялі, то ставілі на рамонт, то яшчэ на штосьці, накшталт: няма дроў, каб выпаліць, ці ёсць дровы, але няма каму паліць. Увогуле было так. Прыязджала ідэалагічная камісія на чале з кімнебудзь з сакратароў, лазня працавала, ад'язджала — не, хоць забі ты яе. I нарэшце ці ў лазні, ці ў той ідэалагічнай камісіі лопнула цярпенне, сакратар грымнуў кулаком па стале: каб заўтра лазня рабіла! Усё, кропка. I гэта сапраўды была кропка, таму што, як высветлілася, у апальшчыка лазні, якога прызначыў старшыня калгаса, былі дрэнныя адносіны з брыгадзірам. Калі ж абодва высокія бакі адносіны тыя адрэгулявалі, аказалася, што іх ужо можна было і не рэгуляваць. Трубы, па якіх падавалася вада, саржавелі, маторы згарэлі, а да ўсяго нехта ўкраў кацёл. Гэты кацёл і засланіў усё, адвёў усіх і ад самой ужо лазні, вельмі ж вялікі ён быў, хто меў столькі сілы, каб уперці яго. I што рабіць, навошта красці, усю вёску можна з таго катла накарміць, напаіць, рассмяшыць і памыць.
Бібліятэку ж увогуле не скарачалі, дарэмшчыну ўзводзіць не трэба, усё адбылося больш проста і зразумела. Бібліятэка спачатку зачынілася сама: на копку бульбы. I адразу, як толькі выкапалі бульбу, бібліятэкарка пайшла ў адпачынак. А калі вярнулася, пачала рыхтавацца да вяселля, аддавала дачку замуж. Справілі вяселле як мае быць, пайшла бібліятэкарка на працу ў бібліятэку, канечне, а кніжак, як кажуць, ёсць хума, адно смецце ад іх, мышы кніжкі пачыталі, пацукі пагрызлі. Пакінулі, праўда, на развод адну кніжку аднаго жывога яшчэ і сёння класіка. Прозвішча яго бібліятэкарка, на жаль, не разабрала. Мышы і пацукі паспыталі-такі трохі і класіка, вокладку. Паспыталі — і ці то апамяталіся, сорамна ім зрабілася, жывы ж класік, даядаць не сталі, ці то ён не спажыўны аказаўся, ці то ўжо зашмат яго было і мышам, хто ведае. Класік ацалеў. I сам напад грызуноў на бібліятэку плётак, крыватолкаў не выклікаў. Такі ўжо быў год. Пацукі і мышы раптам кінуліся ў вёску як не з усяго свету, ішлі, нагу не ўбіць, процьма іх была, займалі ўсе хлявы, істопкі, сцёбкі, хаты, тачылі норы, шыліся ў стагі сена, зжывалі са свету катоў і кошак. Шмат з іх нават загінула, адны ад абжорства, а некаторых загрызлі самі ж пацукі. I тут няма аніякага перабольшвання. Такі быў год, год пацука, гаварылі. Яны жэрлі ўсё, што знаходзілі, нават тое, чаго не павінны былі і ў рот браць, асабліва ўпадабалі гарбузікі, балазе што яны ўрадзілі ў тую восень, але не грэбавалі і сырою бульбай, капустай, турнэпсам і рэдзькаю. Турнэпс з'елі да крошкі, а рэдзьку толькі псавалі: паспытаюць і кінуць. Нападалі на свіней, абгрызалі ў самых тлустых і непаваротлівых хвасты. I маці давалі дзецям, што жылі ў горадзе, адзіны толькі наказ: не трэба ні крупы, ні масла, ні селядцоў з каўбасамі, вязіце хларафос, крысід, мыш'як. Пачынаючы, пэўна, з таго часу, з гарадоў і зніклі тыя хларафосы і крысіды. Мышэй і пацукоў труцілі атрутамі, тоўчаным шклом, білі палкамі, лавілі ў пасткі, але іх не менела. Дзічэлі каты і кошкі, сыходзілі з хат і з вёскі, уцякалі ў лес, туды, адкуль наступалі мышы, пакідалі цёплыя печы, вылежваючыся на якіх яны ўжо даўно прыспалі памяць і прызначэнне сваё — лавіць мышэй, сілкавацца імі. Такім чынам, у тым, што мышы з'елі бібліятэку, не было нічога дзіўнага, дзіўнае было тое, што адзін класік усё ж ацалеў. Растлумачыць гэтую з'яву так ніхто і не змог, хаця самому нашэсцю пацукоў і мышэй тлумачэнне знайшлося: вялікай вады трэба чакаць вясною, вось і бягуць з палёў і сенажацяў, ратуюцца ад вады, чуюць пагібель сваю. Але вясною паводкі не было, яна здарылася ўжо зімою. Якраз у тую зіму і загінулі бабры. А мор выкаціў пчол ужо вясною, нарабіў спалоху, нагнаў суму больш на дзядоў, таму што пчоламі ў вёсцы займаліся толькі дзяды. Яны атрымалі іх у спадчыну ад сваіх бацькоў. I спадчына тая абрывалася на іх, разам з імі ішла ў зямлю. Новых борцяў у лесе ніхто ўжо не ставіў. Занятак не з простых: знайсці калоду, выдзеўбці яе, усцягнуць на дуб — і рукі прыкласці трэба, і інструмент адпаведны. А апошняе кола, з дапамогаю якога ўсцягвалі борць на дуб, спрахла ў хляве Калістрата, у гаспадарцы яно было ўжо без патрэбы, і жонка Калістрата прыстасавала яго пад седала курам. Калістрат здзек і знявагу са свайго інструменту і са сваёй маладосці вытрываў моўчкі: усё ж хоць якая, ды карысць, а мёду, цукру ў магазіне хапае. Але калі вецер закружыў па дубняку празрыстыя, што сляза, крыльцы здохлых пчол, дзяды перапалохаліся. Перапалох той, праўда, не вельмі выказвалі, як знямелі і адзічэлі, бы хто адлучыў іх ад вёскі, родных хат і жыцця. Жыццё іх спынілася і замерла, засяродзілася на той пчале, што некалі была такою жваваю, а цяпер знерухомела, моўчкі, як згубленая, ляжала сярод трэшчын і маршчын іх далоняў і не краталася. I яны над ёю знерухомелі, няўцямна прыглядаліся да яе, як бачылі ўпершыню, адмаўляліся даць веры сваім вачам, запрашалі ў сведкі неба і сонца, бягучы дзень. Але дзень той, яго святло і сонца, былі абыякавымі да іх бяды. А да ўсяго ж дзень той супаў з няўчассем у прыродзе, прыйшоўся на голую зямлю і лес, супаў з пажарамі, паламі па лясах і сенажацях, створанымі рукою чалавека. I над гэтымі паламі, над голым лесам грымелі выбухі: геолагі з нейкай сваёй патрэбы пачалі бурыць зямлю, рабіць пшуры, закладаць узрыўчатку і падрываць яе. Каб не сышлося ўсё гэта разам, каб вяршылася паасобку, мо і выглядала б інакш. А так і вымавіць жах бярэ, што гэта нагадвала. Вёска як вымерла, выбітая са звыклай сваёй каляіны, аглухла ад выбухаў, аслепла ад дыму і агню. Агонь той, дым і выбухі былі яшчэ свежымі ў памяці дзядоў, у пераемнай, спадчыннай памяці вёскі. Памяць тая не тухла ў часе, здаецца, нават наадварот, рабілася больш зыркаю, абвастралася. Абвастралася сама па сабе пад цяжарам перажытага ў тым дні, які ведае кожны, варта толькі падумаць аб ім, і сёння як агнём апячэ: як прайшоў той дзень. А тут ім да той думкі, да пякельнага агню падлілі яшчэ масла. Прыскочыла начальства, перасцерагло: не наракайце, як жывём, але ў міры ж, у міры, які ж то ўжо год абыходзіцца без вайны. Гэта была праўда, але такою ж праўдаю было і іншае. Сярод міру, вясны, дабрабыту і дастатку раптам схапілася, занялася агнём зямля. Сама зямля пачала гарэць пад нагамі. Увачавідкі здарылася тое, пра што ў час вайны гаварылі, як пра самае жахлівае, што можа здарыцца — гарыць пад нагамі зямля. I ніхто, здаецца, не бачыў і не адчуваў, як той агонь з