Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Дык калі і з чаго ж усё гэта пачалося?.. Ва ўсім мы намагаемся, прагнем знайсці пачатак, шукаем яго бясконца, часам знаходзім і, усцешаныя, не падазраваем нават, што ўсё гэта адна толькі бачнасць. Усе пачаткі толькі сведчанне канцоў. Са скону Мар'яна пачалося ўсё і тут. Хаця, калі цвяроза, і яго смерць была толькі працягам. Чаго? Каб ведаць гэта, каб зазірнуць туды, дзе сыходзяцца канцы і пачаткі, каб дасведчыцца, ці сыходзяцца яны. Не, пэўна, лепш не зазіраць, каб не ведаць, як не ведае сёння вёска пра тое, хто першы паквапіўся на дзетдомаўскае, хто першы вырваў травінку з яго падвор'я, падняў і панёс з сабою трэсачку, выцягнуў і прыхаваў у кішэні цвік. Ці быў першы? Здаецца па ўсім, не. Не было першых, як няма яшчэ і апошніх, ёсць яшчэ што, дзякуй богу, расцягваць. «Не з нас пачалося, не на нас і скончыцца» — так гаворыць кожны ў вёсцы. I атрымлівалася нешта накшталт зачараванага кола, кругавой парукі. Усе цудоўна і да драбніцы ведалі і помнілі, хто і што браў пасля, пасля таго, як хтосьці ўжо нешта ўзяў. Невядома хто — хтосьці, невядома што — штосьці. О, гэтае выратавальнае і бязмежнае штосьці, хтосьці, і дзесьці, і калісьці, а па сутнасці: кожны, усюды і заўсёды, таму што ніхто за дзетдом не адказваў. Ужо на другі дзень пасля смерці Мар'яна ён быў нічый. Адны гаварылі, што яго ўзяў сабе на баланс сельсавет, старшыня сельсавета адмахваўся: на балансе калгаса. Калгас штогод плаціў пяць-шэсць тысяч рублёў за начлег і пастой шэфаў па хатах калгаснікаў, а да дзетдома не датыкаўся, таму што яго трэба было рамантаваць. А ад рамонту таго старшыня калгаса ўхіліўся, навошта яму лішні клопат. Ён сцвярджаў, што будынак належыць райана. Мо і сапраўды дзетдом адышоў да райана, але гэта было заслана тайнай і змрокам. А што такое райана, прозвішча ці арганізацыя, у вёсцы ніхто не ведаў. I будынак, які каштаваў па ацэнцы вопытных людзей не менш, чым сто пяцьдзесят, двесце тысяч рублёў, пуставаў і паціху разбураўся. Усе раптам перасталі прыкмячаць яго, як саромеліся, што такая будыніна ёсць у вёсцы, стаіць навідавоку, мазоліць вочы. Ні запалкі, ні маланкі на яе. Цяжкім грузам, каменем вісеў той будынак і на шыі раённага кіраўніцтва, лічыцца лічыцца, а карысці аніякай, адзін толькі дакор. I машыны, што наязджалі з раёна, праскоквалі міма дзетдома, як міма пустога месца. Усе рабілі выгляд, што яго няма. Няма ў прыродзе — і ўсё, і на душы лёгка і спакойна, адпачывае душа сярод вясковай і лясной цішы і прыгажосці. Любата, раскоша, хараство. Аніякіх праблем. Геолагі, праўда, стварылі праблемы, не вытворчага, а іншага роду, сеялі смуту, бянтэжылі вясковых жыхароў, наганялі суму і на мясцовае раённае начальства. Не, зразумела, яны не ўлазілі ў жыццё вёскі ці раёна, але сваёй прысутнасцю шмат каму псавалі апетыт і кроў.
Геолагі без усялякага балансу ўтрымоўвалі і не давалі гнісці і разбурацца амаль што трэцяй частцы дзетдомаўскага будынка, тое самае правае крыло, што аддаў ім пад жыхарства яшчэ Мар'ян. Вясною і летам яны жылі там, а на зіму і восень, калі ад'язджалі, наймалі вартаўніка, звычайна законнага браканьера Кандрата, таму што хата яго стаяла бліжэй за іншыя да дзетдома. Што шукалі геолагі, Кандрат толкам не ведаў, яны, як і раней, сакрэціліся. I сакрэт гэты не тлуміў Кандрату галаву. Ён спраўна атрымліваў сваю дваццатку, наведваў дзетдом, як касу, толькі раз у месяц, што яму вартаваць, калі і так кожны ў вёсцы ведае: правае крыло дзетдома мае гаспадара, гэтае крыло патрэбна некаму, чалавек жа за яго цэласць і захаванасць атрымлівае грошы. А ўжо адрабляе ён іх, вартуе ці не вартуе — то яго справа. Вось перастануць Кандрату плаціць грошы — тады яны паглядзяць, што там маецца ў правым крыле прыдатнага і цікавага ім. Мо той самы Кандрат першым падасць ім прыклад, першым возьме тое, што яму трэба. Возьме, а не ўкрадзе, красці ж грэх, хто гэтага не ведае. Кандрат і геолагі былі як бяльмо на вачах у сумленнага селяніна і сумленнага начальніка. Калі б не было іх, вёска мо ўжо ўначы па бервяне раскаціла б дзетдом, маючы на тое сваё законнае права: што нічыё — тое наша, а так няёмка ж неяк. I няёмка адчувалі сябе не толькі вяскоўцы, а хто-ніхто і іншы, няёмка, што будыніна яшчэ нё спрахла, стаіць, трымаецца зямлі.
Але трымалася яна, тая частка яе, што не занятая была геолагамі, толькі падмуркам, сценамі без вокан, дахам, з якога месцамі таксама паздзіралі ўжо шыфер. I тыя, што рупілі ўначы ў дзетдоме, праходзячы міма яго ўдзень, адварочваліся, адводзілі вочы, адмаўляліся глядзець і бачыць тое, што натварылі самі ж яны. Дзетдомаўскі падворак, схаваны за плотам, які надзіва ацалеў, нагадваў могілкі. Сумныя, як на могілках, раслі на ім дрэвы, дубы і бярозы, што садзілі яшчэ дзетдомаўцы; яны нагадвалі жалобную варту, гучна, сытымі галасамі крычалі груганы і гракі. З дзетдома пакацілася, пачало сыпацца, канаць, развітвацца з жыццём і шмат чаго іншага ў вёсцы. Цяжка нават з пэўнасцю сказаць, што за чым ішло: ці то разбурэнне дзетдома прыспешвала ўсю іншую разруху, ці то гэтая іншая разруха паскарала паміранне дзіцячага дома.