Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ды сёння ж яшчэ і Пятро, успомніў ён, а яблыня яго, па-мясцоваму, пятроўкай завецца. Якраз час ірваць і есці яблыкі. I Мар'ян, не скончыўшы карміць курэй, кінуў ім зерня разам з міскай, можаце, дык ешце і міску, метал, ён вось з'еў, і нічога. Мар'ян прыслухаўся да сябе, здаецца, і на самай справе нічога, маўчыць сэрца, не варушыцца ў ім асколак. А дзень дык наогул што па заказу, першы сярод лета, адзіны на ўсё гэтае лета. Неба як вылізалі і падсінілі. I сонца ў ім купаецца, як у моры. Каля нараднай Мар'яна трохі затрымалі, пераказалі ўсё тую ж старую навіну: геолагі прыехалі. Гулі цяпер ужо мужыкі і разам з імі Вовік-алкаголік, які чакаў, пэўна, сто грамаў ці шклянку чарніл з нагоды такіх прыемных падзей.
— Уран, уран хлопцы шукаюць,— давяральна паведамляў ён кожнаму, хто прыходзіў ці праходзіў міма нараднай.— Калі не гавораць, значыць, сакрэтна. А сакрэтна што — уран. Я срок матаў, я знаю, пала, усё. Цяпер зажывём. Гарэлку ў цыстэрнах вазіць будуць, як бензін.
— А бензін у чым, Вовік, будуць вазіць? — пацвельвалі яго мужчыны.
— Бензін? А навошта нам бензін? На цермаядзернае гаручае пярэйдзем.
— Дык на цермаядзерным чарніле ты і так, Вовік, усё жыццё едзеш.
— А цяпер, пала, толькі чыстую гарэлку піць буду, як вучоны інцелігент. Вось дзядзька Мар'ян не дасць схлусіць...
— Я не п'ю, Вовік,— сказаў Мар'ян.— Я толькі па святах і пасля лазні.
— Дык і я толькі пасля лазні. Вось учора ў лазні быў, а вас там не бачыў. Шкада...
— А яблыкі ты ясі? — перабіў яго Мар'ян.— Пойдзем са мной, я табе яблык дам.
— Што я, жабрак,— хоць ужо трохі і на падпітку, але сур'ёзна пакрыўдзіўся Вовік.— Калі б ты шклянку «Яблычнага» паднёс...
Мужыкі рагаталі так, што іх чулі, пэўна, і геолагі ў дзетдомаўскім садзе. Мар'ян не скіраваў да сваёй яблыні, паглядзеў спачатку грады. Памідоры толькі завязваліся. А гуркі можна было ўжо і выбіраць. Ён вырваў два ці тры з іх, але есці не стаў, хаця гэта былі і першыя ў гэтым годзе гуркі, паклаў іх у кішэню. Рот яго быў поўны вязкай сліны, яблыка, яблыка хацелася яму. Ён адчуваў ужо яго водар, лета пенілася, спявала ў тым водары, ранак дыхаў ім, аб ім сумавалі конікі, што пачыналі ўжо сакатаць у траве. А самі яблыкі, хаця быў ужо і Пятро, яшчэ не паспелі. Не хапіла ім сонца, не наліліся яны яшчэ як трэба сокам, толькі-толькі пачалі паказваць гэты сок пад шорсткай яшчэ скуркай. Але Мар'ян, аслеплены памяццю, не змеціў, што яблыкі зялёныя, яны бачыліся яму белымі і ружовымі. Нецярпліваю рукой пацягнуўся да галіны, угнуў яе і стрымаў руку, сарваў яблык беражна, ашчадна і акуратна. I хаця быў ён яшчэ зусім маленькі, толькі абяцаў у будучым зрабіцца сапраўдным яблыкам, яму ж здаўся вялізным-вялізным, бы далонь яго раптам паменела, дзіцячай зрабілася рука. Але сам ён не адчуваў аніякай несуразмернасці паміж рукой і яблыкам. Наадварот, яму здалося, што яго рука раптам пачала імкліва расці. Яна навісла над зямлёю, закрыла зямлю, геолагаў, якіх ён да гэтага бачыў на дзетдомаўскім падворку, а цяпер перастаў бачыць. Над усім светам распасцерлася яго далонь, а на далоні яблык. Яму дзіўна было і ўявіць сабе, што гэта яго далонь і яго яблык, ён зараз будзе есці гэты яблык, возьме і адкусіць добрую трэць, а то і палавіну. Возьме і адкусіць.
Яблык ён толькі надкусіў, праклюнуў, як мыш, зубам да соку і пачуў над сабою нейкае гарачае спякотнае гудзенне. Ляцелі на яблык ці то пчала, ці то чмель, а мо гэта былі галасы яго дзетдомаўцаў. Мар'ян не паспеў зразумець, таму што ў тым спякотным гудзенні было яшчэ штосьці ад посвісту кулі, снарада. Не выпускаючы з рук яблык, сам не ўсведамляючы, што гэта з ім адбываецца, ён пачаў паціху асядаць, завальвацца на сваю яблыню, ствол яе трохі падтрымаў яго да таго імгнення, калі перастала гудзець увушшу і пачуліся гукі хору, і ўсё ўкруга зрабілася блакітным, блакітны тунель паўстаў перад ім, ён убачыў сябе, як ён ідзе па гэтым тунелі. Хлопчык ішоў па тунелі, голы, і трымаў на выцягнутай руцэ наліўны чырванабокі яблык, і хтосьці рухаўся яму насустрач. Не, не чалавек, штосьці вялізнае, кудлатае і добрае.
«Не дачакаўся, не дачакаўся»,— паспеў яшчэ прашаптаць Мар'ян. Адсланіўся ад ствала, упаў дагары тварам, падскочыла і ўзляцела ўгару яблыня, як хвоя, пад якою яго параніла некалі. З той толькі розніцаю, што яблыню не пакрышыла выбухам. Ён падумаў яшчэ, што гэта сон, і зразумеў: сон, толькі доўгі, і вечна ў тым сне будзе сніць ён яблыню.