Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 169 170 171 172 173 174 175 176 177 ... 228
Перейти на страницу:

Канечне, той байцы Лукаша мала хто даваў веры, у кожнага ж у хаце радыё і тэлевізар. Як толькі надыходзіў вечар, тухлі ўсе вокны, тухла электрычнасць у іх, у вокнах запальвалася блакітнае святло і вёска ператваралася ў адзіны вялізны блакітны экран. I з таго экрана ні слоўца аб Праметэю, які разгульвае па свеце, усё больш пра нейкую аэробіку, уперамешку з футболам, хакеем і кіно. I ўсё ж, гледзячы кіно і хакей, не верачы ў Праметэя, вёска палявала на таго Праметэя, спрабавала злавіць яго і ўдзень і ўначы. I ўдзень і ўначы сусед сачыў за суседам. Адзін ішоў у лес па дарозе, не тоячыся, з сякераю за поясам, каб высечы жэрдку на плот, трое скрытна пільнавалі яго. I тыя трое на крыжы прысягалі, што ніхто з іх агню не рабіў, не рабіў яго і чацвёрты. Чыркаў запалкай — было, прыкурваў, і яны прыкурвалі. Але запалак гарэлых не кідалі, утыркалі ў, зямлю недакурак, убівалі ў зямлю, як гаду, раздушвалі ботам галаву. Але вярхаліся ў сяло, не паспявалі зайсці ў хату, як іх даганяла вестка: гарым, людцы, гарым, пажар. I паступова ў тых бясконцых пажарах нешта выгарала і на душы ў кожнага, бралася вуголлем, камянела, як бярэцца вугалем, камянее абпаленае ў агні дрэва. Жыццё яшчэ трохі тлее ў ім, іншым разам, насуперак нават яго волі і жаданню, зямля, у якую яно ўгрызлася каранямі, што зубамі, корміць і поіць яго, дае яму сокі, але сокам тым з кожным днём усё больш і больш цяжка прабіцца скрозь амярцвелую кару і луб. Вясна ўжо не пахне яму вясною. Восень, восень, а мо і зімка. Дрэва ўжо не жывое, яно адбывае свой век на зямлі, і нават самаму ласкаваму сонечнаму промню не дастукацца праз яго заскарузласць і скамянеласць, таму што дрэва помніць: агонь напачатку таксама быў ласкавы. Помніць і не верыць ужо ні сонцу, ні ў сонца, каго падманвалі, той не дае веры і праўдзе ўжо, хто гарыць кожны дзень, той прыцярпеўся ўжо да агню. Так здарылася, што прыцярпелася да агню і вёска: гарыць, і ліха яго бяры, мая ж хата яшчэ не занялася, во калі зоймецца, тады і паварушымся, будзем думаць, што рабіць. Вось толькі бяда — вады мала ў калодзезях, паўсыхалі калодзезі. Вясною ў самую, здавалася, паводку адышла вада з калодзезяў, ужо ранкам яе выбіралі ўсю, вечарам не заўсёды хапала нават карову напаіць. Не было чым карову паіць, але заліць чыгунок з бульбаю хапала, значыцца, можна яшчэ жыць, калі бульба варыцца. Праўда, ці выпадзе пасадзіць сёлета тую бульбу і дачакацца ўраджаю таксама было невядома, таму што гарэў ужо не лес з балотам, зямля гарэла. Запалалі асушаныя меліярацыяй тарфянікі. I ў тым, што яны запалалі, каб не схлусіць, трэба прызнаць, ніхто ўжо не вінен быў. Ніякі Праметэй тыя тарфянікі не падпальваў. Самі, самі пачалі гарэць. Некалькі гадоў назад тарфянікі тыя асушылі, выкарчавалі пні і кусты, з карчаванага лесу і пнёў склалі вялізныя, што брацкія магілы, лаўжы, з кіламетр і больш у даўжыню, метраў з дванаццаць у шырыню, і вышыня добрая, зірнуць, дык шапка падае, засыпалі зямлёй, торфам, каб хутчэй гніло. Вясновае сонца палегла на тыя лаўжы, яны і ажылі: дыхнулі, выдыхнулі, дыхнулі, выдыхнулі, бы абудзілася ў мёртвых дрэвах жыццё і крыўда за тое, што так заўчасна яны сканалі. Брацкая магіла выбухнула слупам газу і агню, схаванага ў зямлі дыхання дрэў, абвясціла сябе свету і асела, абвалілася, пайшла з гэтага свету ў пекла, сама сабе стварыўшы тое пекла, спаліўшы датла пад сабою зямлю, торф. Вогненныя рэкі і ручаі разліліся і пацяклі пад зямлёю, і плынь іх была нябачная і страшная гэтаю сваёй нябачнасцю, нявызначанасцю, неабсяжнасцю, нястрыманасцю. Усё ж па-за вокам чалавека, як рок ці лёс. Агонь распараджаўся сабою сам, чалавеку заставалася толькі меркаваць, куды скіруюць тыя падземныя вогненныя рэкі, што агонь возьме, што пашкадуе. I рушыліся, як у бездань, асобныя дрэвы і цэлыя гаі, не пакідаючы пасля сябе і знаку, так, мусіць, адыходзіла некалі ў бездань марскую і Атлантыда, пакінуўшы людзям як памяць аб сабе адны толькі паданні. А тут ужо была пагроза, што не застанецца нават і паданняў, толькі палынная сівізна ды чорны дым, што хуценька падхопліваў і развяваў вецер, спапяляліся самі паданні, выпальвалася памяць аб іх. I тады, мусіць, сама гэтая памяць зямлі пачала змагацца за сябе.

1 ... 169 170 171 172 173 174 175 176 177 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)