Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Таму i вісіць у касцёле ягоны партрэт.
Ну што ж, сярод кардін, якія ўпрыгожвалі раскошныя замкавыя залы (назвы самі гавораць: «гетманская», «мармуровая», «каралеўская», «залатая»), вісеў i партрэт мясцовага кмётка, мужычка, з недалёкай вёскі Чучавічы, які пражыў сто сорак гадоў.
Перад партрэтам Сыракомлі я спыніўся не ўпершыню.
Ен зноў нагадаў мне яшчэ адзін партрэт у касцёле, куды бяднейшым, вясковым, — партрэт мілага вусача, падзвіжніка нашага літаратурнага адраджэння Багушэвіча. Есць нешта вельмі блізкае ў ix, хаця адзін аддаўся роднай справе поўнасцю, a другі, Сыракомля, толькі любіў бяздольнага беларускага рабацягу, толькі часамі ад мовы ягоных паноў пераходзіў да мовы «мужыцкай», з натуральнай свабодай пішучы па-народнаму:
Невялікае поле было ў паэта для вандровак. Ад наднёманскага фальварка Залучча, які ён марна арандаваў, не сто, не пяцьдзесят, нават не дваццаць вёрст на паўднёвы захад — мястэчка Мір, раней цыганская, пасля толькі старцоўская сталіца. Мястэчка i замак з буслянкамі на зруйнаваных войнамі вежах. Ад карчмы да карчмы — вёрст пяток, перагон, памяркоўны нават для нецярплівага нешахода. ГІясчаны гасцінец паўзе сабе ў бярозах з хлебнага Міра на поўдзень, у Нясвіж. Ужо не мястэчка, а гарадок. I зноў жа замак. Магутны ён не баявою сдавай, а магнацкай раскошай. Адтуль дарога ідзе на ўсход, цераз віцінныя Стоўбцы, першую прыстань у вярхоўі Немана, цераз сасоннік, пясчанае поле, зноў сасоннік — у яшчэ адно старадаўняе мястэчка, Койданава, дзе быў калісьці разгромлены паплечнік Батыя хан Койдан. Адгэтуль — зноў у Залучча.
Замкнуўшыся, кола вандроўкі не дасягае двухсот кіламетраў.
I гаворкі найбольш пра адно — пра Нясвіж, пра князёў.
У дробнага арандатара i набожнага каталіка, праз яго захапленне шляхецтвам, больш знізу ўгару, чым па сваёй шарачковай гарызанталі — праз захапленне, якое нам цяпер i нуднае, i смешнае, сям-там прарываецца несмяротная чалавечнасць.
Вось як ён піша пра ўсемагутных тады Радзівілаў:
«Большая палавіна Літвы, Валыні, Русі i амаль усё Палессе складалі тут даніну за сваё збожжа, за свае лясы, за рыбу, што ў вадзе, за пчол, што ў паветры, i хто ведае — можа, за само паветра. Цяжкая праца хлебаробаў, замененая ў золата, напаўняла тутэйшыя скарбніцы каштоўнасцямі, тутэйшыя скляпы выдатнымі напіткамі, свет здзіўленнем, а „сенатарскую“ i „пасольскую“ залы гонарам i гразою».
Або пра сялян:
«Дастаткова быць чалавекам i хрысціянінам, каб бачыць, колькі мы вінаваты мужыкам: сэрца — як братам, удзячнасці — як карміцелям».
Праўда, долю беднага брата паэт спадзяваўся палепшыць панскай ласкай.
Але ж праўда таксама i тое, што ён шчыра хацеў, каб абяздоленым палепшала. Ён жыў i працаваў для гэтага.
…Калі пра такое напішаш — яно здаецца наіўным, знарокавым, ганным прыёмам, калі ж яно здараецца ў жыцці — заўсёды хочацца весела ўскрыкнуць: раскажы, напішы — не павераць, што так i было!
Гэта — пра дзіўныя супадзенні.
У адзін з тых нясвіжскіх дзён, калі я з найбольшай у маім жыцці ўвагай думаў пра свет Сыракомлі, радыё падарыла мне песню. Вярнуўшыся з гарадка, я — от сабе, перад тым як сесці за працу, — уключыў рэпрадуктар. I палілося задушэўнае, раздольнае:
Гэтую песню я люблю даўно. З тых дзён, калі яшчэ не толькі не ведаў, але нават i блізка думаць не думаў пра тое, што яна дзіўна-шчаслівым шляхам — ад беларускага жыцця, падказаная сапраўдным здарэннем у ваколіцах Міра, нраз польскае слова, праз трэфалеўскі пераклад стала рускай народнай песняй. Цяпер я здзіўляюся гэтаму простаму цуду, цяпер мне здаюцца вельмі рускімі, вельмі народнымі словы:
Цяпер мне сіла ix рускай народнасці ўяўляецца ў шчаслівым спалучэнні з дудоўнай i вельмі рускай мелодыяй. Цяпер… Ну так, цяпер мы любім разважаць, дакопвацца. Гэта нам, зрэшты, i паложана. А першы раз…
Калі я пачуў гэтую песню першы раз, мне было шэсць гадоў. Нават не поўнасцю. Гэта немалаважна на тым этапе жыцця, калі нам дні давал i больш, чым потым тыдні, а то часамі i месяцы.
На маленства мае — маленства гарадскога хлопчыка, нядаўна перавезенага з поўдня на поўнач, у вёску, — упершыню тады абрынулася шчодрым снегам беларуская зіма. Ці гэта мы ўжо старэем ды па гадах любім прыкрашваць былое, ці зімы тады, на пачатку дваццатых гадоў, i сапраўды былі больш снежныя?.. Адзін дзядзька расказваў: яго карову пад паветкай аднойчы так засыпала, што «выйшаў уранні, гляджу — адны, браток, рогі з-пад снегу тырчаць…». Многа снегу, усё пад ім тоне, а ён усё ідзе. Бацька да позняга снедання капае ў ім сцежкі-траншэі — каб з хаты вылезці, дайсці да студні, да хлява, на вёску выбрацца… Столькі лішняй работы, а бацьку весела: такая гэта работа чыстая, белая, нават іскрыстая, калі ўзыдзе сонца. За малымі, замураванымі марозам вокнамі процьма казачнай прыгажосці. Чырвоныя, нібы пузатыя агеньчыкі, гілі. Пякучыя, балючыя, калі лізнеш па шыне, палазы новенькіх санак. Каля парога вераб'і, якім i холадна, i есці хочацца. На агародзе шчыглы i чачоткі, дзе для ix паўтыканы ў снег канопліны з валасянымі сілкамі. На прыгуменне прылятаюць курапаты, i там кладуцца абручы з сілкамі, а зверху гэта пасыпаецца пацярухай. За гумнамі бегаюць зайцы, якія ноччу падыходзяць аж у сад, абгрызаць яблынькі. Недзе яшчэ далей, у лесе — ваўкі, пра якіх вечарамі расказваюць страшнае…