Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 260
Перейти на страницу:

Анішчык змоўчаў, змоўкла і Аўдоцьця. Пасядзеўшы трохі, устала.

— Дык я засаўку не засоўваю, вугольле яшчэ… Каб не ўгарэў.

— Ладна, сам засуну, — сказаў сакратар, каторы раз макаючы ў чарніліцу пяро, каб пачаць пісаць.

Але што пісаць далей, было невядома, і ён задуменна сядзеў над папераю. Думкі яго блыталіся, мкнулі кудысьці далёка. Намаганьнем санлівай волі ён вяртаў іх да рэчаіснасьці, але ўсё роўна нічога здатнага на розум не прыходзіла. Ну што пісаць— пра пралетарскае паходжаньне Злотніка? Пра ягоных гарбароў-продкаў? Ці пра цяперашняе гаротнае становішча? Пра тое, што ў Злотніка шмат дзяцей і мала бульбы? Але ж ён не заяву піша ў сабес на дапамогу бедаку. Напэўна, трэба наадварот — зганьбіць чалавека, каб там мелі падставу яго рэпрэсаваць. Хоць бы і часова, пакуль разьбяруцца. Праўда, разабраўшыся, могуць не пагладзіць па галоўцы і яго, сакратара. Але тады як-небудзь. Галоўнае — каб выкруціцца цяпер… Але і ў такім выпадку што ён мог напісаць? Палітыкай Злотнік не займаўся, шкодзіць нікому ня мог. Агітацыя? Каго і за што ён мог агітаваць, калі амаль не рабіў у калгасе. Ні чарта ў Анішчыка сёньня не атрымлівалася, а спаць хацелася ўсё больш. Галава хілілася ўсё ніжэй, і во асадка выпала з пальцаў, пасадзіла на паперу крывую пляму. Толькі сапсаваў паперу…

I ён падумаў, што лепей адкласьці ўсё да заўтра.

Спаць лёг на шырокую бакавую лаву, паклаўшы пад галаву тры цяжкія тамы «Рэзалюцый зьездаў ВКП (б)», якія з вясны валяліся ў шафе. Накрыўся шынялём, акуратна разраўняўшы яго на сабе, — каб не скамячыць, захаваць добры выгляд. Шынэлак каторы год служыў яму верную службу, — атуляў па сьцюжы, захінаў ад ветру і дажджоў, грэў пры начлегах — на падлозе, па кутках, на лаўках. Чырвоныя пятліцы на каўняры ён зьбярог пасьля дэмабілізацыі, і тыя цяпер былі на зайздрасьць ня толькі для вясковых падлеткаў. Ён прыкмячаў, як прыветна ўсьміхаліся яму сакратаркі ў райвыканкаме, калі ён прыязджаў на частыя там нарады; некаторыя бачылі ў ім міліцыянера або чырвонага камандзіра, і тое прыемна грэла яго маладую душу. Камандзірам ён, вядома, ня быў, служыў простым чырвонаармейцам у далёкаўсходнім гарнізоне Градэкава каля самай японскай мяжы, дзе, казалі, нарадзілася славутая «Далёкаўсходняя», якую сьпявала ўся Чырвоная Армія. «Дальневосточная, опора прочная — даешь отпор!» Нядаўні чырвонаармеец Анішчык заўжды быў гатовы даць адпор — хоць японскім самураям, хоць польскім панам. Хай толькі наркам Варашылаў дасьць каманду і павядзе ў бой… напэўна, з ворагамі народа таксама. Хаця з ворагамі народа горш, бо ворагі Янкоўскі, Злотнік… Тут ягоныя думкі блыталіся ў тумане, сплывалі кудысьці, і ён заснуў…

Прачнуўся раптоўна, як заўжды ў апошні час, ахоплены трывогай за справы новага дня. У вокнах зачынаўся ранак, пара была ўставаць. У двары, чутна было, ужо гаспадарыла Аўдоха — паша ля студні каня. Клопат пра сельсаветаўскага каня быў яе абавязкам, які яна няблага выконвала, ня тое што калі куды зьбягаць, каго паклікаць. Выконвала тое яна неахвотна. Абы як паліла і грубку, тут у яе заўжды была адчэпка: «Дроў нетуці». Дроў сапраўды не хапала, але дзе ён мог узяць дроў? Іх не хапала ўсюды — ад калгаснай канторы да райвыканкама. Трэба эканоміць, гаварылі начальнікі. Во Аўдоцьця і эканоміла, час ад часу напамінаючы: зарплата малая. I тое было праўда, зарплата сапраўды была мізэрная нават для сельсаветаўскай прыбіральшчыцы. Мабыць, у тым і палягала сапраўдная прычына таго, што грубка ня грэла. Але тут Анішчык памагчы ёй ня мог — зарплату прызначалі ў райфа.

Ранкам было б няблага пасьнедаць, але ня бегчы ж дзеля таго за два кіламетры дадому, думаў Анішчык. Ён не хацеў губляць час, тым болей, што чакаў Злотніка. Той і заявіўся, як дамаўляліся, на сьвітаньні і, не завітаўшы ў сельсавет, апусьціўся на ніжнюю прыступку ганка, паклаў побач хатуль. Згледзеўшы яго з акна, сакратар пастукаў у шыбіну:

— Зараз паедзем.

Мыўся ў сенцах сьцюдзёнай вадой з кварты. Пасьля таропка запрагаў каня. Каля хлява паявілася Аўдоцьця, як заўжды, незадаволена паківала галавой.

— Зноў ехаць? Ня еўшы. Глядзі, даезьдзішся…

— Што? — недачуў Анішчык.

— А нічога…

Апанураны Злотнік сядзеў на ганку, з выгляду выказваючы поўную пакорнасьць лёсу. Твар яго густа аброс чорнаю шчэцьцю, і Анішчык з прыкрасьцю падумаў: хаця б пагаліўся. Яму хацелася, каб Злотнік меў болей прыстойны выгляд і сваёй неахайнасьцю не адштурхнуў Дзьвярнога.

Пасьля яны ехалі на фурманцы, зьвесіўшы абапал ногі. Знаёмая дарога ні трохі ня высахла за ноч, месцамі наадварот — стала яшчэ больш гразкай, хаця дажджу быццам бы не было. Вецер яшчэ не падняўся, восеньскі дзень абяцаў быць не сьцюдзёным. З парослай хвойнікам горкі зьехалі ў лугавую нізінку, тут каню стала цяжэй, і Анішчык з лейцамі ў руках скочыў з воза. Злотнік таксама хацеў зьлезьці, але сакратар буркнуў: «Сядзі!», і той адразу сьціхамірыўся, паныла пазіраючы наўзбоч дарогі.

1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)