Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Здаля ў сельсавеце не сьвяцілася ніводнае акно, але як падышоў да ганка, згледзеў праз шыбіны чырвоныя бліскаўкі на столі, — пэўна, Аўдоцьця яшчэ паліла ў грубцы. Звычайна тое рабіла яна ўранку, а сёньня, глядзі ты, — на ноч. Але гэта будзе дарэчы, бо яму давядзецца тут пераначаваць. Мусіць, Аўдоха сьцяміла правільна.
Анішчык увайшоў у сельсавет. Аўдоцьця, не запальваючы лямпы, сядзела перад зачыненай грубкай, праз шчыліны ля дзьверцаў прасьвечвала няяркая рэшта агню.
— Што гэта ты… паліш? — сказаў, бы папракнуў, ён. Жанчына не адказала, толькі ўстала і нетаропка засьвяціла пад нізкаю стольлю лямпу.
— Газы — на донцы…
— Я доўга сядзець ня буду, — сказаў ён, маючы ў думках свой намер пра паперу на Злотніка, расшпіліў аплікі шыняля і ўлез за стол.
— I ён пагадзіўся? Па сваёй волі? — спытала жанчына, расчыніўшы грубку, каб перамяшаць вугольле.
— Хто?
— Ну Злотнік, хто? Угаварылі?
— А ня надта і ўгаворвалі. Сазнацельны чалавек.
— Дурны ён, а не сазнацельны, — памаўчаўшы зазначыла Аўдоцьця.
— Гэта чаму?
— Хе! — мовіла яна. — На такое дзела… Добраахвотна?..
З вучнёўскага сшытка ў лінейку ён выдраў старонку, узяў ручку. Чарніла ў шыкоўнай мармуровай чарніліцы з панскага палаца, мусіць, яшчэ ня ўсё высахла, і ён абмакнуў пяро. «Злотнік Хаім» — вывеў зьверху старонкі, а во як па бацьку таго ня памятаў і папытаўся:
— Як Злотнікавага бацьку звалі, ня памятаеш?
— Янкелем звалі, — адразу падказала Аўдоцьця. — Недурны местачковец быў. Ня тое, што сын…
— А што, сын дурны? — гатовы быў зазлаваць з Аўдоцьцінай нязгоды сакратар. — Нармальны чалавек.
— Калі ён нармальны, тады вы ненармальныя. З глузду зьехалі.
Анішчык адклаў на стол ручку. Мала таго, што гэтая жанчына перашкаджала яму пісаць, дык яшчэ і гаварыла штосьці непатрэбнае.
— Ты, цётка, лепш памаўчала б. Калі не разумееш.
Яна і праўда памаўчала крыху, але нядоўга. Відаць, штосьці расьпірала яе знутры — можа, крыўда ці свая сялянская праўда, якой цяпер не хацеў чуць партыйны сакратар.
— Што тут разумець, — сказала Аўдоцьця. — Самаеды! Свае — сваіх. Ну што ён зрабіў вам? Не кулак жа. Пагарэлец…
— А гэта цяпер няважна — класавае паходжаньне. Шкоднікі могуць быць з розных класаў, так гаворыць партыя.
Аўдоцьця, відаць было ў прыцемку, павярнула да грубкі свой зьдзіўлены твар, асьветлены яркай чырваньню ад вугольля.
— Злотнік — шкоднік?
— Ну ня ён, дык іншы. Але каго б ты парэкамендавала замест? Бо трэба ж кагосьці. Усе выкрываюць, а мы будзем сядзець? Склаўшы рукі, ага? — загаварыў сакратар, амаль злуючыся. Але ягоны запал здаўся падобным да апраўданьня. Анішчык адчуў тое і падумаў, што гэтак нельга. Ён не мае права апраўдваць палітыку партыі перад гэтай малапісьменнай сялянкай.
— Бога на вас няма, — сказала Аўдоцьця.
— А Бога і нідзе няма, — ня вытрымаў ён. — То зламысная папоўская выдумка.
— Глядзі, пакарае…
— Каго?
— Вас, бальшавікоў.
— Аўдоцьця, ты разумееш, што кажаш?
— Ды ўжо ж… Можа, і мяне пасодзіце. Дык садзіце, мне ўжо адзін чорт… — гаварыла яна, аднак, нягучным і роўным голасам.
Трохі зьдзіўлены яе нечаканым выпадам, Анішчык падумаў, што вельмі нават магчыма, што пасадзяць і яе. Асабліва за такія словы! Калі б тут быў хто трэці, дык бы ён, сакратар, быў абавязаны скласьці дакумент за гэткія яе словы.
— Дагаворышся, — скупа прыгразіў ён і ўспомніў пра іншую жанчыну. — А вунь Двойра зусім іншае думкі, бо газнацелыюя. Сказала Хаіму ісьці. Калі трэба, дык трэба!
Аўдоцьця акуратна прычыніла чорпыя дзьверцы грубкі.
— Двойра… Двойра яго даўно збыць хацела. Пасьля пажару ўсё парола, каб у Харкаў ехаў. Да пляменьніка, казалі…
— Во як! — зьдзівіўся Анішчык.
— А ты думаў… А то — сазнацельная.
«Чорт іх ведае, — думаў Анішчык, — чужая душа — пацёмак. Можа, і так. Але ці мая справа разьбірацца ў сямейных звадах беспартыйных грамадзянаў? Хопіць і звадаў партыйных».
— Гэта ж і мой такі быў — сазнацельны, — нібы сама з сабой ціха гаварыла ля грубкі Аўдоцьця. — Прыйшоў з той вайны, — не, каб у хаце сядзець, гаспадарку ладзіць… Хоць бы дзяцей радзіць. Дык не! Шашку ў рукі і — паноў рубаць. Пакуль самому галаву ня сьсеклі. А цяпер во — сядзі адна…
— Ну а што табе, блага — адной? — трохі крануты яе аповедам, мякчэй сказаў Анішчык.
— Ляпей з добрым чалавекам у зямлі ляжаць, чым з якім злыднем зьверху, — нечакана мовіла Аўдоцьця.