Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Дзьве дзяўчынкі, што трывожліва ўзіраліся ў іх з паўзмроку, разам ускочылі з палацяў і пабеглі ў запечча, можа, на цёплае бацькава месца. Анішчык з брыгадзірам асьцярожна прыселі на краёк услона. Каваль апусьціўся ля парога і адразу пачаў ладзіць закурку. Ляніва шкрэбаючы па грудзях, гаспадар стаяў насупроць — босы на сьцюдзёнай падлозе — і чакаў.
— Дык мы па справе, — паўтарыў сакратар. — Напэўна, вы ведаеце, што нядаўна арыштаваны таварыш Янкоўскі…
— Ай, ай, таварыш Янкоўскі, — зноў прамармытаў Злотнік, і было незразумела, ці ён ведаў пра тое раней, ці дазнаўся толькі цяпер.
— Вы ведаеце, таварыш Янкоўскі нас уратаваў, — з-за плячэй мужа ахвотна паведаміла Двойра. — Мы за яго будзем Бога маліць, дай Бог яму здароўя.
— Ладна, жонка, хай скажуць таварышы, — мякка перапыніў яе муж.
Анішчык тым часам асвойваўся ў паўзмроку жытла, стаў бачыць звыклыя прадметы быту — састарэлае начыньне ў парозе, катлы на чалесьніку, розныя транты, разьвешаныя на шастках ля печы. З кутка, ад печы і з ложка ў парозе — адусюль на гасьцей пазіралі дзіцячыя вочы. Колькі ж іх? — круцілася ў сакратаровай галаве пытаньне, але ён сказаў пра іншае:
— Дык вось, мы цябе хочам прызначыць…
— Куды?
— Ну. туды… Дзе Янкоўскі.
Злотнік з увагай выслухаў сакратара, пераступіў з нагі на нагу.
— Гэта пад арышт?
— Ну.
Відаць па ўсім, прапанова здалася Злотніку надта нечаканай, — зьбянтэжаны, той стаяў пасярод хаты, ня ведаючы, што сказаць. Двойра ззаду таксама маўчала. Чакаючы адказу, напружана сьціхлі тры партыйцы, толькі дзіцячыя вочы з куткоў цікаўна сачылі за тым, што адбываецца ў хаце.
— Часова, канешне, — пасьля паўзы дадаў сакратар. — Органы разьбяруцца і выпусьцяць. Ты ж ня вораг?
— Не, не, я ня вораг! Я, ці ведаеце, бедны яўрэй. Пажар панішчыў усё. Во людзі машыну выхапілі, а то б… Машына, ці ведаеце, жалезная…
Ён яўна пазьбягаў адказу. Анішчык адчуў тое. Тое ж, напэўна, зразумела і Двойра, якая выйшла наперад і заступіла мужа.
— Ведаеце, ён зусім пралетарскі чалавек. I бацька яго быў пралетар, на гарбарным заводзе рабіў. Ніколі не наймалі нікога, усё самі…
— Тым больш няма чаго хвалявацца. Ніхто яго не засудзіць…
— Цяпер такі час, — сказаў брыгадзір. — Усе будзем там. Хто раней, хто пазьней. Такая палітыка.
— I гэта… Раней сядзеш — раней выйдзеш, няма чаго бедаваць, — уставіў каваль. — Горш ня будзе, чым тут.
Відаць было, што Злотнік пакутліва разважаў, як паставіцца да просьбы партыйцаў, тым болей, што іхняя просьба мела адносіны да Янкоўскага. Ахоплены турботай, ён ступіў да парога, затым назад, азірнуўся на Двойру, быццам шукаў у яе адказу. Дымлівы агеньчык газьнічкі трывожна хістаўся, кідаючы на столь ягоны зламаны цень.
— Дык ня ведаю, ня ведаю…
З прыцемак запечча зноў выступіла Двойра ў шырокім сьветлым фартуху наперадзе.
— Я во што табе скажу, Хаім: згаджайся, будзе ня надта горш, чым тут. Бульбы засталося паўтара мяшка, да новага года ня хопіць… Ведаеце, ён згодны, — раптам сказала яна, зьвяртаючыся да партыйцаў.
Злотнік разьвёў рукамі.
— Ну, табе, Двойра, лепей відаць.
Галоўнае было дасягнута, узрадаваны Анішчык ускочыў з услона і загаманіў амаль узрушана:
— Заўтра і паедзем. Я адвязу. На сельсаветаўскай фурманпы. Ну там што-нішто трэба сабраць: кварту, лыжку, вушнік, як у войску. Дзякуй табе, таварыш Злотнік, што нас выручыў. А пра сям’ю не турбуйся — сям’ю мы не пакінем.
З прыўзьнятым настроем ад урэшце скінутага з плячэй клопату ён гаварыў лёгка, шчыра верачы ў тое, што абяцаў. Хаця ў душы і заставалася рэшта сумненьня, але цяпер ён не зважаў на тое. Ён гатовы быў цалаваць Злотніка і асабліва яго разумную Двойру.
Босы Злотнік усё яшчэ стаяў пасярод хаты, наўрад ці разумеючы да канца, што зараз адбылося.
— Дык ранічкай, — удакладніў сакратар. — Зьбірайся і прыходзь. З сельсавета і паедзем.
Зусім нават ветліва, з цёплым пачуцьцём да гаспадара і гаспадыні партыйцы разьвіталіся і з яўнай палёгкай выбраліся з затхлага жытла на сьвежае восеньскае паветра. Напэўна, было ўжо ня рана, вёска спала. У чорных вокнах не відаць было і чырванаватых водсьветаў газьнічак. Неба па-ранейшаму хуталася ў набрынялыя вільгацьцю хмары, якія амаль не зьнікалі над вёскай у гэтую восень. Каваль з брыгадзірам неўзабаве павярнулі да сваіх падворкаў, сакратар на адзіноце дашлындаў па гразі да сельсаветаўскай хаты. Ён рашыў цераз поле дамоў не ісьці, пераначаваць у сельсавеце, каб заўтра ранкам паехаць у раён. Тым болей, што, мусіць, трэба было яшчэ скласьці нейкую паперыну на Злотніка. Напэўна ж, у такой справе без дакумента не абысьціся.