Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Павярнуўся і пайшоў прэч... I дарога ў вёску непраезджая, Курская дуга паміж вёскай і ўсім астатнім белым светам.
«З чым жа я прыйду да вас»,— падумаў, адчуваючы, як ад настылага металу і каменя холадна і на сэрцы і пачынае варушыцца ў грудзях асколак, што асеў там з вайны, пачынае дзерці па жывым целе, меціць у сэрца. I вось-вось працюкне, праклюне яго, і здарыцца тое, ад чаго выратаваўся ў сорак чацвёртым, ляжа ён каля пустога пастамента і не падымецца. Боль быў такі востры і зацяжны, што Мар'ян вымушаны быў сесці. Ён прысланіўся плячыма да пастамента, прыціснуўся да каменя болем, лапаткамі, сэрцам, бы перадаваў той свой боль каменю, тым, хто некалі стаяў на гэтым камепні, каб яны таксама адчулі, як цяжка яму, адчулі яго сэрца і жалеза ў ім. Калі ўжо і кранецца асколак, праклюне сэрца, выйдзе вонку, то хай упадзе на камень. На камень, і нікуды больш. I спрахне, саржавее тут. Ва ўсе чатыры бакі спяшалася машынамі, віравала жыццё. Дыханне яго, узвіхуранае грузавікамі паветра дападала і да яго, датыкалася яго твару, ён адчуваў, як уздыхае і зямля ад цяжару колаў машын, што жэрлі, падміналі пад сябе дарогу, вочы яго былі адплюшчаны і якраз скіраваны на тую дарогу, але ён не бачыў яе. Усё ў ім застыла і наструнілася, бы акасцянела. I было больш каменным, чымсьці сам бетон пастамента. I збоку здавалася, нібыта ён сышоў з таго пастамента, сышоў, сеў і зліўся з ім. Пырскнуў хуткі і халодны дождж. Пырскнуў і застыў дробнымі кроплямі на яго твары, як на шляпцы апечанага ўжо восеньскімі халадамі старога грыба. Колам раскацілася па ўсім небе вясёлка, як высмактала яго боль. Ён падняўся, пацалаваў пастамент, пагладзіў яго, але неяк адчужана і хапатліва, таму што думкі яго былі ўжо не тут, а там, у лагеры, над якім, ён бачыў, завіслі і чорна кудлаціліся хмары. Увесь час пазіраючы на тыя хмары, ён спорна закрочыў па бетонцы. Але спадарожных машын не спыняў, не прасіўся падвезці. Прыйшоў у лагер пешкі. Дождж прыхапіў яго толькі злёгку. Вечарам, як і абяцаў сакратар, прывезлі коўдры і матрацы. А раніцою «хуткая дапамога» адвезла яго ў горад.
I ў лагер Мар'ян больш не вярнуўся. У бальніцы ён таксама не залежаўся, хаця яго не хацелі выпісваць, далі яшчэ бюлетэнь на два тыдні. Ён парваў яго на аўтобусным супынку каля прывакзальнай плошчы, парваў на дробныя кавалачкі, каб немагчыма было прачытаць яго прозвішча, нібы некаму было цікава ведаць яго прозвішча, знішчыў усе сляды, што ён быў у гэтым горадзе і бальніцы. Аўтобус апошні раз правёз яго па вуліцах горада, які назаўсёды запомніўся яму драўляным і аднапавярховым, такім, якім ён пакінуў яго, адыходзячы на вайну, якім убачыў яго, калі вярнуўся з вайны. I хаця горад даўно ўжо змяніўся, штосьці ў ім усё ж будавалася, уздымаліся двух- і трохпавярховыя дамы, а дамы аднапавярховыя былі цяпер зусім іншымі, каменныя, з сілікатнай каляровай цэглы, з бетанаванымі дарожкамі пад ганак, з пафарбаванымі ў розныя колеры металічнымі агароджамі, і ён бачыў усе гэтыя змены, калі праязджаў па горадзе раней, але цяпер зрок бы здрадзіў яму. I чыгуначны пераезд, што разам з асфальтавым заводзікам, ваенным гарадком, ніжнім складам леспрамгаса належаў цяпер гораду, ён убачыў таксама не сённяшні, а той даўні, сорак першага года, быццам ехаў не на аўтобусе, а зноў чырвоным абозам ішоў на прызыўны пункт. Убачыў і спахмурнеў: тут апошні раз убачыў бацьку, бачыў і не абняў яго, не развітаўся з ім, і тут, на пераездзе, нібы скончылася яго дарога, яго рух. Аўтобусік перакульгаў праз чыгунку, пабег лесам, дзе дарога, як заведзена, была куды лепшаю, чымсьці ў горадзе. I ён весела закуляўся сярод бярозавых і сасновых гаёў, дуброў, чорных балацін і белага моху, палёў, што нечакана расчыняліся перад ім, з застылымі меліярацыйнымі канавамі, паныла зарослымі зялёнаю раскаю. А Мар'ян не прыкмячаў ужо нічога і не глядзеў больш на дарогу і па баках да таго часу, пакуль не скончыўся асфальт і не пайшлі родныя чатыры кіламетры і дзевяцьсот метраў, да Курскай дугі, за непраезджасцю якой знаходзілася яго хата. Ён быў рады гэтай непраезджасці, абмацваючы нагамі балотныя купіны і пазнаючы іх. Ён вяртаўся ў сваю родную вёску амаль што здаровы, малады. Ён быў рады, што сустрэў яго на падыходзе да хаты не хто-небудзь іншы, а іменна Якуб Саліла.