Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 228
Перейти на страницу:

Яны селі каля сеткі на дубовай калодзіне. Мокрая яшчэ сетка трохі пакалыхвалася на ветры, раняючы на твары ім кроплі вады і вадзяны пыл, скрэбліся ў абвіслай тоні абымшэлыя ракі, хмурылася вясенняе неба. Яны сядзелі пад ім, амаль аднаго веку, сядзелі і маўчалі, і думалі, пэўна, пра адно і тое ж, таму што Паніхіда раптам сказаў:

— Што табе гаварыць пра вайну, пра вайну нічога нескажаш, сам ведаеш, ваяваў, успомні.

Мар'ян успомніў сваю вайну. Паніхіда казаў праўду, нечага было яму расказаць пра яе.

— Пра вайну так,— сказаў ён,— няма чаго гаварыць. А ты раскажы, як здрадзіў, як за немцаў біўся, я ж на іх баку не быў.

— I я не быў. Трэці Беларускі, Варшава, Берлін — вось мая вайна... А здрада... Прыйшлі карнікі, выперлі зхаты, вінтоўку сунулі і павялі.

— Усё так проста.

— А што складанага. Нашы адышлі, немцы прыйшлі...

— Не трэба, Якім. За тое, што было ўчора, усе мы знайшлі сабе апраўданне. I я не суддзя табе, а ўсё ж скажу. Нам з табою ўжо не час прыкрывацца і апраўдвацца былым... Сённяшняе былым апраўдваць трэба. А калі мы не можам апраўдаць, значыцца, нагадзілі, напаскудзілі. Нагадзілі, напаскудзілі, не падумалі пра старасць, калі прыкрыцца сёння няма чым. Накрыўка маленькая, схаваеш галаву, ногі тырчаць, захутаў ногі — галава мерзне, вось так і жывём, то галаву, то ногі грэем і нічога сагрэць не можам... Давай пра бацьку.

— Я яго ведаў і да таго часу, і ён мяне ведаў. Не разгрэўся ў нашай хаце, вяртаючыся з таго берага. I тут, толькі выйшлі мы з сяла, кажа ён мне: «Уцякай, хлопчык, адсюль, уцякай». А куды ўцякаць. Два дні ён нас вадзіў. Я ж таксама ведаю, куды ісці, у які бок. Бачу — не туды вядзе. Маўчу. А немцы, бачу, аўтаматамі яго сцерагуць. На другі дзень зрабілі мы круг па востраве, і я ўжо з дарогі збіўся, дзе заходзіць, дзе выходзіць з той дрыгвы, не ведаю. А тут яшчэ сняжок пасыпаў. Пазіраю на твайго бацьку, і ён на мяне пазірае. Шапку сваю, бекешу, зняў, як развітваецца. Дуб перад ім, дзесяці чалавекам не абняць. Хітнуў разы з два бацька твой галавою мне. Я і зразумеў. Бокам, бокам і ад яго ходу. А бацька твой прысланіўся плячыма да дуба, лысіну выцер і гаворыць немцам: «Усё, хлопчыкі, усё, прыйшлі. I вы прыйшлі, і я, хлопчыкі, прыйшоў». Немцы да яго, а я ў кусты. I тут аўтаматы ўдарылі. Хлусіць табе не буду. Як паклалі твайго бацьку, не бачыў. Як стаяў, бачыў, хораша, красіва стаяў, чакаў кулі, што чаркі. Парабіў, упрэў, стаміўся, бекешку зняў галаву астудзіць, ружовы ўвесь, і пара ад яго, і ўсмешка на губах, ну, вось і ўправіўся. Час і на спакой. На вечны спачын. Як чаркі, смерці чакаў. Так, пэўна, і прыняў яе, не бачыў, як лёг. Улягаў, бег, што заяц. I па мне стралялі. I з усіх бакоў страляніна ўсчалася. I хто ў каго ўжо там страляў, не ведаю. А я яшчэ два дні поўз з таго балота, з той дрыгвы. Ногі збіў, рукі памарозіў, і сёння, як што на дождж ці то снег...

Мар'ян устаў, устаў і Паніхіда. Дзень быў усё такі ж хмурны. Лес стаяў голы, без адзінага лісціка, і зямля без травінкі, чорная. Паніхіда, пэўна, каб лепш расла трава, пускаў палы. I ўсё ўкруга яго хаты было выпалена. I сама хата стаяла сярод гэтых палаў, лятучага травянога попелу, якім забаўляўся вецер, як вялізная галавешка, ашклянелымі вачыма пазірала на раку, у снулую шэрую далячынь.

— Ты б хоць электрычнасць правёў,— зірнуўшы на гэтыя вокны, сказаў Мар'ян.

Паніхіда не адазваўся, маўчаннем сваім даў зразумець, што гаворыць ён глупства. I на тым яны развіталіся, разышліся, як і не бачыліся, не сядзелі, не гаварылі, не было пра што ім, двум старым, гаварыць, не было пра што ўспомніць, хаця ў абодвух ужо за плячыма жыццё. Жыццё няроўнае і ў няроўны час.

Аб сустрэчы з Паніхідам Мар'ян прыгадаў, калі быў ужо каля помніка, набліжаўся да яго пацяжэлымі нагамі, як баючыся кагосьці патрывожыць, стаптаць траву, бы трава гэтая зрабілася раптам недатыкальнаю, была даражэй за бацьку, і ўсё вакол, здавалася, сочыць за кожным яго крокам, сочыць, куды ён ступае, куды і як глядзіць, пра што думае, слухае, як б'ецца яго сэрца. А сэрца якраз і не білася, замерла, стаілася, адазвалася, затахкала толькі ў грудзях, калі ён паклаў руку на шэры бетон, мокры ад дажджу, бы ўліты слязьмі. «Добры дзень, бацька, добры дзень, дзядзька». А там, дзе павінны былі стаяць бацька з дзядзькам, пуста. Тырчаў толькі жалезны штыр, як і ў тым помніку, які ён бурыў разам з Якубам і Місцюком. Пастамент быў пусты і голы, бела заседжаны птушкамі, якія праляталі тут і заставаліся нанач, груганнём, што грудзілася і цяпер каля бетонкі, сарокамі, што вытыркалі хвасты і галоўкі з голля груш-дзічак, якія раслі непадалёку, вераб'ямі, што клубіліся ў голлі тых жа груш, клубіліся і крычалі, бы перасцерагалі яго, каб ён не зліўся з каменем, у які ўвайшлі яго рукі. I ён паслухаўся іх, адвёў руку, ашчадна, відушча прайшоўся ёю па чыгуннай літай дошцы, якая сцвярджала, што помнік гэты, месца гэтае на пастаменце сапраўды занята Іванам і Міхаілам Знаўцамі, яго бацькам і дзядзькам. Чыгун быў таксама вільготны і халодны, як і камень, у настыласці яго, здавалася, адчуваўся дакор. I Мар'ян пагадзіўся з тым дакорам. «Вінаваты»,— сказаў ён з горыччу, хаця і не ведаў, не мог адказаць, у чым яго віна. Ці вечная гэта віна жывых перад мёртвымі, ці штосьці іншае: не так ён жыў, не тое, што трэба, рабіў, хадзіў не тымі сцежкамі, вось таму і агаліўся пастамент. З аднаго боку, дык ёсць, здаецца, што ўспомніць у жыцці, было салодкае, хапіў і ліха: вайна, служба, сям'я, дзеці, праца. А з другога, дык ці з гэтым ідуць да тых, каго ўжо няма, ці ж гэтага яны чакаюць ад іх там. Тут, канечне, усё ясна: пражыць бы дзень, а там дзе дзень ці ноч бясконцыя? Калі сам ён адыдзе, ці будзе ж так бясконца доўжыцца жыццё? Ён апошні мужчына з роду Знаўцоў. Ён працягвае гэтае жыццё, доўжыць яго як можа, не сваё, а тое, што было да яго і застанецца пасля яго. Толькі пытанне, ці застанецца. Школу зачынілі, і ён ужо ніхто, пенсіянер, хаця ўсё яшчэ цягнецца. Хутка зацвіце на школьным участку бульба, нальюцца яблыкі ў дзетдомаўскім школьным садзе. Наліваюцца ўжо, хаця сёння яны нікому і не патрэбны, і яму самому не патрэбны. Ён у рот не бярэ тых яблык з таго дня, як дзедка выцягнуў яго з дрыгвы. А сад сёння мае кожны ў вёсцы, але зноў жа: няма каму есці яблыкі з тых садоў, худоба ўжо набіла аскоміну. Прыеліся яблыкі не тое што людзям, а нават і худобе. Летась, наеўшыся яблык і сліў, здох нават кабанчык. Абкармілі яго слівамі, не было куды падзець іх. Лукаш прывёў ветэрынара, але той рабіць што-небудзь кабанчыку адмовіўся, зірнуў на яго і адразу ж выдаў: «Капец бабушкінаму кабанчыку».

1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)