Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 154 155 156 157 158 159 160 161 162 ... 228
Перейти на страницу:

Такія словы Мар'ян чуў амаль у кожнай хаце і ўсё ж не кідаў угаворваць бацькоў не баяцца лагера: і дагледзяць там іх дзяцей не горш, чым маці з бацькам, будзе ім грыб і ягада, якой не бачылі яны ў роднай хаце. I дзякуючы гэтаму ўпершыню ў тое дажджлівае лета лагер не пуставаў. А Мар'ян сапраўды быў дзецям за бацьку, як некалі ў дзетдоме. I сам акрыяў, як памаладзеў, зноў навучыўся смяяцца. Строгім выкананнем раскладу дня, фізкультураю падняў усіх хворых з ізалятара. Фіззарадка, паходы, прагулкі перад адыходам да сну. I ўсюды з песняй: каціўся, каціўся блакітны вагон, далёкаўсходняя, чырванасцяжная давала ўсім адпор. Нічога была, спатрэбілася дзетдомаўская песня тут, а ён думаў, што яна ўжо састарэла. Спявалі, як некалі спявалі яго шкеты, аж гай шумеў і разлягаўся.

Але ўсё ж надвор'е, зменлівасць яго арганізатары лагера і будаўнікі яго не ўлічылі. Лёгкія, складзеныя з дошак фінскага тыпу домікі не прапальваліся. Пайшла вільгаць, коўдры, прасціны хоць выкручвай, гэта мо і даканала яго. Пазваніў у райана: дзеці мерзнуць. Абяцалі разабрацца, дапамагчы. Але ці то забыліся пра яго званок, ці вельмі старанна разбіраліся, прайшло тры дні, а з райана ні гуку. На грузавой машыне ў дождж паехаў у раён сам, вымак да ніткі. Загадчык райана абурыўся:

— Тры дні, і ты панікуеш ужо. Колькі табе гадоў?

Загадчыка райана Мар'ян ведаў не першы год, некалі рабілі разам у школе, у той самай, якую закрылі. Будучы загадчык пасля інстытута пачынаў там настаўнічаць, выкладаў геаграфію. Але ў настаўнікі так і не выбіўся, не атрымалася з яго настаўніка, не прыйшоўся ён ні школе, ні вучням. То быў добры да сваіх вучняў, у журнале спрэс адны пяцёркі, а то як муха якая яго ўкусіць, гарлаў на кожнага, хто ні трапляўся на вока, і слова папярок яму не скажы: вон з класа. Слабіну яго дзеці адчулі хутка і карысталіся ёю. I ўсе, настаўнкі і вучні, уздыхнулі з палёгкаю, калі райана спатрэбіўся інспектар. Няўдалы настаўнік вырас да загадчыка райана. I загадчыка нядрэннага. Так здараецца. I Мар'ян не здзівіўся, калі загадчык, як стары знаёмец, заве яго на «ты». А вось тое, што ён спытаў, колькі яму гадоў, здзівіла.

— Быццам ты не ведаеш,— адказаў яму Мар'ян,— сам жа мяне на пенсію афармляў.

— Ведаю, ведаю, а ўсё ж для парадку, давай яшчэ раз удакладнім: колькі табе гадоў.

— Ну, шэсцьдзесят,— як школьнік, буркануў Мар'ян.

— Во, бачыш, а мне сорак,— растлумачыў загадчык,— і я хачу таксама дажыць да шасцідзесяці.

— Дзеці мерзнуць,— увогуле пагадзіўся з ім Мар'ян.

— Што ты кажаш. А ў мяне, разумееш, раён вялікі. I ўсюды нехта мерзне, некаму за каўнер капае, кожнаму штосьці трэба ад мяне. Раён...

— А ў мяне піянерлагер. I дзеці ў ім. I яны мерзнуць.

— Што яны, сёння толькі мерзнуць?

— I сёння, і ўчора.

— Ну во бачыш: і сёння, і ўчора. Пераб'юцца, памерзнуць яшчэ дзень.

— Канечне, тваіх дзяцей у тым лагеры не відно, няма іх там.— Мар'ян сказаў гэта, таму што дакладна ведаў, дзе адпачываюць дзеці загадчыка райана.

— Няма, няма, а калі б былі, я адказаў бы табе тое ж самае, разбярэмся, утрасём у рабочым парадку.

— Не адказаў бы так. I пра рабочы парадак... Ты ў мяне не дажывеш да шасцідзесяці,— не вытрымаў, сарваўся на крык Мар'ян.

— А вось гэта ўжо лішняе. Не варта, не варта блытаць асабістае і грамадскае.

I Мар'ян адчуў, што сапраўды не варта. Гэтага чалавека нічым ён не пройме. Ён наогул з пароды непраймальных, нарадзіўся такім ці так выхавалі. Загадчык райана нібыта адчуў яго настрой, уздыхнуў, пакінуў крэсла, падсеў да яго:

— Давай будзем разважаць лагічна. Сметы піянерлагера даўно ўжо сцверджаны і зацверджаны...

— Хто іх можа перацвярдзіць? — перапыніў яго Мар'ян.— Матэрыялы адпушчаны, фонды выбраны. Невучы мяне пець. Хто можа перацвярдзіць тыя сметы твае? — і гэтае пытанне было таксама ўжо лішнім. Але парадак ёсць парадак. Не яму парушаць яго, а ўведаміць свайго непасрэднага начальніка пра тое, куды ён пойдзе далей, трэба.

1 ... 154 155 156 157 158 159 160 161 162 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)