Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Загадчык райана ўскінуў руку і паказаў пальцам на столь.
— Зразумеў,— прасачыўшы за тым яго пальцам, прабегшыся вокам і па столі, адказаў Мар'ян.— А столь урана таксама не грэх было і пабяліць.— I гэтай заўвагаю ён усё ж праняў ці, па крайняй меры, азадачыў загадчыка. Той, застаўшыся адзін, доўга і ўважліва прыглядаўся да столі, моршчыў лоб і ўрэшце прыйшоў да высновы, што дарэмна папікнуў яго начальнік лагера, столь вытрымае яшчэ год-другі і нябеленая.
З райана Мар'ян пайшоў у райком партыі. Пашанцавала яму, што не аказалася на месцы трэцяга, які займаўся школамі і з якім Мар'ян сутыкацца не хацеў: пра што яму было гаварыць з чалавекам, які закрыў школу ў яго вёсцы. Хаця і грэх было яму так думаць, не ён яе закрываў, але, з другога боку, загад закрыць сыходзіў ад яго ж. А першы з'явіўся ў раёне адносна нядаўна, пасля закрыцця ўжо школы. I Мар'ян яго яшчэ і не ведаў у твар. Наогул жа трэба сказаць, што раёну не шанцавала на сакратароў. Той, першы, які прызначыў яго, Мар'яна, дырэктарам дзетдома, хутка атрымаў павышэнне, паехаў у сталіцу і цяпер, пэўна, пенсіянер ужо, як і ён, калі жывы яшчэ, канечне.
Другі, што змяніў яго на гэтай пасадзе, загінуў у час пажару. Наступны, каторы па ліку сакратар... Якраз пры гэтым раён крута пайшоў угору, калі меркаваць па абласной зводцы. Таксама ж крута ён пакаціўся і пад гару пры цяперашнім сакратары, хаця Мар'яну на першы погляд ён і спадабаўся: нічога, дзелавы чалавек.
— Як вы лічыце, раён наш багаты ці бедны? — спытаў ён Мар'яна.
— Не ведаю,— шчыра прызнаўся Мар'ян, прыгадаўшы сваю хату: багатая яна ці бедная. Увогуле, звычайная, нармальная, усё, што павінна быць у ёй, ёсць. Чатыры пакоі, калі ўлічваць і кухню, два сталы. Адзін — абедзенны, другі — для работы і гасцей, люстра, шафа, канапа, ложак, радыёла, тэлевізар. Рэчка пад хатаю, і возера, і дубняк, а за ім лугі, сенажаці.
— Не, не з бедных наш раён,— паправіўся Мар'ян.
— Я таксама так лічыў, пакуль не сеў у гэта крэсла,— сакратар хітнуўся на крэсле, усміхнуўся: — Гэта гаворыцца толькі так — крэсла. А на самай справе... Не з апошніх быў наш раён у час рэвалюцыі, у вайну. Партызанскі край. Узяць бы, напрыклад, вашага бацьку. Сусанін. Ды вы ж мо не ў курсе ўжо справы, вырашылі паставіць вашаму бацьку і дзядзьку новы помнік.
— А стары?
— А стары састарэў.
— I куды вы яго? — сцяўшыся, спытаўся Мар'ян, прыгадваючы, што ў жыцці яго нешта было ўжо звязана з тым старым, састарэлым помнікам.
— Як і ўсё старое... Вам непрыемна?
Мар'яну сапраўды зрабілася прыкра, ён успомніў, прыгадаў, што было ў яго звязана са старым, састарэлым помнікам. Асенні сад. I ён з Місцюком і Якубам у тым садзе. Яма пад яблыняй, як магіла...
— Нядобра гэта,— сказаў Мар'ян.— Няхораша.
— Чаму? — хуценька спытаў яго сакратар і кінуў на яго калючы і адчужаны позірк.
— Не ведаю... Але калі ўжо стаіць помнік, не варта яго на сметнік. Лепш ужо і не ставіць. Да ўсяго ў бацькі і дзядзькі ёсць родная ім вёска. Вёска, у якой яны нарадзіліся. Вось туды яго і трэба было прывезці, у сад, які пасадзілі дзеці, за якіх яны загінулі.
— Не падумалі,— сакратар крыху памарудзіў.— Вы правыя, іншы раз мы спяшаемся разбурыць старое. А яго не трэба бурыць. Трэба пазбаўляцца інерцыі, прывычкі. Колькі гадоў гавораць пра наш раён: партызанскі край, партызанскі край. А што за гэтымі словамі? Учора па райцэнтры прайшлася бура. Ветрам паваліла пару слупоў. I ў мяне праблема, дзе знайсці тэхніку, людзей, каб паставіць на месца тыя слупы, нацягнуць дрот. Збяднеў наш раён, збяднеў. Усе абагналі нас, а мы топчамся на месцы, на мінульшчыне...
— Гэта значыцца, не будзе і дарогі ў наша сяло, як зрабілі Курскую дугу, так яна і стаяць будзе?
— Пакуль не даходзяць рукі да дарогі. А коўдры знойдзем. I матрацы дадзім. Колькі трэба?
— Ды хаця б камплектаў трыццаць, для малодшай групы.
— З яфрэйтарскім зазорам?
— Якім зазорам? — не зразумеў Мар'ян.
— Як звычайна. Просяць трыццадь, трэба дваццаць пяць, дадуць дваццаць. Дзякуй і на тым.
— Без зазору,— сказаў Мар'ян.— Трэба роўна трыццаць.
— Будзе трыццаць,— падміргнуў яму сакратар.— Мы цяпер займелі багатых шэфаў. Завод маторны будаваць у раёне будзем. Будзе ў горадзе каналізацыя, а ў піянерлагеры — матрацы і коўдры. Даставім вечарам. Можаце спакойна ехаць да дзяцей у лагер.
...Але адразу ў лагер Мар'ян у той дзень не паехаў. Ён папрасіў шафёра падкінуць яго да скрыжавання дарог, дзе стаяў помнік бацьку і дзядзьку, але вылез ён задоўга да гэтага скрыжавання. Толькі выпнуўся гарбом мост цераз раку, толькі яны мінулі яго, ён спыніў машыну і адаслаў яе ў лагер. Шафёр пратэставаў: