Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Прызнаньне Нобэлеўскім камітэтам творчасьці Сьвятланы Алексіевіч дае нагоду глянуць сьвежым вокам на Беларусь. Беларускі драматург Андрэй Курэйчык кажа, што яна — «новы нацыянальны лідэр», які мае «большы аўтарытэт, чым любы палітык». Алексіевіч — не палітык, але здабыла гонар для сваёй шматпакутнай краіны, а ўвага, якую прыцягнуць цяпер яе ідэі, магла б зрабіцца той іскрай, якая абудзіць Беларусь і дапаможа ёй знайсьці сваё месца ў сучасным сьвеце.
6 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
У Стакгольме прайшла прэсавая канфэрэнцыя Сьвятланы Алексіевіч. Першае пытаньне было ад карэспандэнткі Радыё Свабода.
Дынько: Спадарыня Сьвятлана, мы абсалютна шчасьлівыя вашай перамогай і падзяляем яе, зараз ваш голас як Нобэлеўская ляўрэаткі моцны, як ніколі. Скажыце калі ласка, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб гэты ваш новы цудоўны статус быў скарыстаны для ўсіх жыхароў Беларусі, для ўсіх беларускіх людзей? (пытаньне прагучала па-беларуску і па-ангельску — рэд.).
Алексіевіч: Я думаю, што трэба рабіць тое, што рабілася заўсёды. Рабіць сваю справу, рабіць яе спакойна, бяз роспачы. Але, на жаль, нават статус не заўсёды дапамагае, калі ты жывеш ва ўмовах дыктатуры, аўтарытарнай сістэмы. Таму што дыктатура гэта, як правіла, прымітыўныя стварэньні. Людзі, якія вакол гэтай дыктатуры, на чале яе - ня самыя разумныя людзі. І я ўжо за гэтыя некалькі тыдняў падпісала некалькі лістоў, у абарону афіцэра ўкраінскай арміі Надзеі Саўчанкі, яшчэ, але заўсёды, падпісваючы, усё роўна адчуваеш нейкі адчай: як мала могуць сёння добрыя людзі.
6 сьнежня 2015
Сяргей Дубавец, Менск
Трэба прызнаць, што сёлетні выбар літаратурнага набэліста — найбольш зьмястоўны за апошнія гады.
Прынамсі на такую думку наводзяць некаторыя камэнтары на сайце Свабоды, тыя «стрэлы нянавісьці», якія выпускаюцца ў мішэнь-Алексіевіч безь ніякіх шанцаў даляцець да мэты.
Нават не магу прыгадаць роўнага выпадку, калі б згоду і нязгоду выклікала ня столькі асоба ляўрэата і характар пісьма, колькі знакі часу, маркеры чалавека і болевыя кропкі сьвету. Мы спрачаемся пра «чырвонага чалавека», «русский мир», лукашэнкаўскі аўтарытарызм і тыя маральныя і псыхалягічныя эпідэміі, што працягваюць гуляць на прасторы Зямлі, пра граблі, граблі і яшчэ раз граблі. Мяняецца матэрыял, зь якога яны зробленыя, колер і кошт, але наступаць на іх ад гэтага беднае чалавецтва не перастае.
Ёсьць, вядома, і тыя, хто пускае «стрэлы нянавісьці» ў талент пісьменьніцы і ў яе «нелітаратурную» прозу, але ў параўнаньні з азначанымі тэмамі гэтыя выпады зусім ужо нікчэмныя, як пакусваньні сябе самога ад злосьці на кагосьці.
Глыбіня і маштаб тэмаў робіць гэтую прэмію ня столькі прыватнай адзнакай канкрэтнага таленту, колькі самастойнай падзеяй, што здольная ўплываць на лёс краіны, рэгіёну і народаў, якія жывуць тут.
Чыста па адчуваньнях, Алексіевіч зрабіла сябе як набэліста сама. Гэта і вялізная праца, і ўнікальная здольнасьць фармаваць сытуацыю і прастору вакол сябе і свае творчасьці. У гэтым сэнсе Алексіевіч таксама цяжка параўнаць з кім-небудзь зь яе папярэднікаў.
Выбар ляўрэата стварыў новую сытуацыю для постсавецкай культуры, для расейскай літаратуры, а найперш для беларускай мовы і культуры. Мы быццам застылі ў думаньні пра іх на гэтыя 20 гадоў, а Нобэль саштурхоўвае думку зь мёртвае кропкі. Бо стала ясна, што лёс мовы і культуры цалкам залежыць толькі ад нас — тых, хто адчувае за іх адказнасьць. Роля дзяржавы ва ўсім гэтым перастала быць фатальнай. Магутны інструмэнт, які мы атрымалі, можна ўжыць як для самагубства, так і для разьвіцьця — парадаксальных зьменаў сытуацыі да лепшага.
Цяпер усім, хто не абыякавы да лёсу беларушчыны, нашмат прасьцей будзе прадстаўляць яе ў сьвеце і выклікаць інтарэс да краіны, яе культуры і літаратуры. Нашмат прасьцей, чым суседзям-украінцам ці суседзям-літоўцам і прадстаўнікам яшчэ 150 краін. І моўнае пытаньне тут будзе акурат на 150-м месцы, бо ў сьвеце толькі нязначная колькасьць эліт чытае па-расейску ці па-беларуску. А таго, што гэта прэмія Беларусі, беларусам і беларускай культуры і літаратуры, не аспрэчыць ніхто. Нават мы самі.
6 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм