Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 189
Перейти на страницу:

«Я ўпэўнены, што Беларусь шмат чаго можа прапанаваць Эўропе. Але галоўнае, каб беларусы самі цанілі сваё», — кажа Стэфан у інтэрвію Свабодзе ў адным з пакояў «Гранд-атэлю» ў цэнтры Стакгольму, дзе жывуць нобэлеўскія ляўрэаты.

Дынько: Вы, відаць, ужо ня дзівіцеся, калі вас называюць «амбасадарам беларускай культуры» ў Эўропе, а пасьля таго, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, то і ў сьвеце. Але нашае першае пытаньне ўсё ж пра нобэлеўскую ляўрэатку, якую вы суправаджаеце на працягу Нобэлеўскага тыдня ў Стакгольме. Як Сьвятлана правяла гэтыя дні?

Эрыксан: Вы прысутнічалі з самага пачатку, нават прыляцелі разам зь ёю. Фактычна ўсё, думаю, бачылі. Канечне, праграма даволі цяжкая, бо шмат журналістаў хочуць сустракацца. Сёньня была прэс-канфэрэнцыя. Але я думаю, што спадарыня Сьвятлана знаходзіць сілы, каб гэта правесьці. Канечне, гэта для яе вялікая падзея, як і для нас усіх, хто прымае ў гэтым удзел.

Дынько: Вядомая афіцыйная праграма, але апроч яе хтосьці выказаў жаданьне асабіста сустрэцца са Сьвятланай?

Эрыксан: У праграме ёсьць абавязковая частка — гэта ўзнагароджаньне, сьвяточная вячэра пасьля яго, таксама будзе вячэра ў Каралеўскім палацы. Гэта самае галоўнае, але спадарыня Сьвятлана пагадзілася яшчэ на некаторыя пункты ў праграме. У панядзелак адбудзецца размова зь міністрам замежных спраў Швэцыі Маргот Вальстрэм. Да гэтай падзеі вялікая цікавасьць.

Будзе таксама наведаньне школы ў нашых прадмесьцях, якое традыцыйна прапануецца ўсім ляўрэатам па літаратуры. Вядома, адбываюцца асабістыя сустрэчы зь людзьмі, якія блізка знаёмыя са Сьвятланай. Гэта яе выдавецтва, напрыклад, фатограф Марыя Сёдэрбэрг (арганізатарка дзён беларуска-швэдзкай культуры ў Беларусі — РС.). Гэта тыя людзі, якія шмат гадоў зь ёй працуюць.

Дынько: Вось калі казаць пра шмат гадоў, то бадай не сакрэт, што Швэцыі можна прыпісаць галоўную заслугу ў тым, што Сьвятлана атрымала Нобэлеўскую прэмію. Тут варта згадаць намаганьні Швэдзкага ПЭН-цэнтру, які намінаваў Сьвятлану на прэмію, і ўсіх тых людзей, якія былі побач. Вы маглі б расказаць, як гэта адбывалася, колькі гадоў заняло, хто ў гэтым удзельнічаў?

Эрыксан: Перш за ўсё гэта заслуга Сьвятланы, бо гэта яе творы атрымалі ўвагу Нобэлеўскага камітэту. У сьвеце шмат прыстойных літаратараў, і нават Швэдзкая акадэмія ня можа чытаць усё, што пішацца. І шмат залежыць ад таго, што даступна на мовах, на якіх чытаюць у Швэдзкай акадэміі. Усіх пералічыць цяжка. Канечне, гэта выдавецтва і агент Сьвятланы. Яе кнігі даволі рана выйшлі па-швэдзку і выклікалі вялікі інтарэс у швэдзкіх чытачоў. Гэта зрабіла адно маленькае выдавецтва «Ersatz». Іх заслуга шмат у чым, бо яны верылі, што гэта прыстойная літаратура, што трэба яе перакладаць, і выдалі ўсе пяць кніг утопіі пра «чырвонага чалавека».

Таксама Сьвятлана два, калі не памыляюся, гады жыла ў Гётэборгу. Тады таксама склаліся добрыя адносіны са Швэцыяй. Вы таксама ведаеце, што разьвіваліся літаратурныя стасункі. Прыяжджала шмат швэдзкіх літаратараў у Беларусь. Марыя Сёдэрбэрг, у тым ліку, арганізоўвала вандроўкі. Прыяжджала ў Беларусь сябра Швэдзкай акадэміі Катарына Фростэнсан.

Тут цяжка казаць, што было самым галоўным. Натуральна, у аснове гэтай прэміі якасная літаратура, і гэта найперш заслуга Сьвятланы.

Дынько: На плошчы перад Нобэлеўскім музэем я пыталася ў людзей, ці ведаюць яны Сьвятлану Алексіевіч. І першы літаральна хлапец адказаў мне «так, я чытаў дзьве яе кнігі па-швэдзку». Я была вельмі ўражаная, бо калі з такім пытаньнем выходзіш на вуліцы Менску, рэдка сустрэнеш чалавека, які цэлыя дзьве кнігі Алексіевіч прачытаў. Ці стаўленьне да твораў Алексіевіч і да яе постаці ў Швэцыі адрозьніваецца ад таго, як, як вам падаецца, да яе ставяцца ў Беларусі?

Эрыксан: Сапраўды, у Швэцыі шмат людзей чыталі яе кнігі. Ня кожны год бывае так, што абвяшчаюць нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, і людзі ведаюць, хто гэта. Але сёлета так. У тым ліку міністар замежных спраў таму і захацела правесьці размову са Сьвятланай, бо прачытала яе кнігі. Нельга сказаць, што гэта масава, але шмат людзей, якія цікавіцца літаратурай, знаёмяцца зь яе творамі.

Тыя балючыя тэмы, пра якія піша Сьвятлана, для нас трохі на адлегласьці. Беларусы, былыя жыхары Савецкага Саюзу, перажылі гэта больш, чым мы. Але ўсё роўна працэсы, пра якія распавядае Сьвятлана, аказваюцца вельмі важнымі і для нашых людзей. Яны нас кранаюць. Нашая краіна прайшла іншы шлях. «Чырвонага чалавека» да такой ступені мы ня мелі. Але падобныя тэндэнцыі былі. Таму, думаю, тое, пра што Сьвятлана піша, для нас зьяўляецца вельмі актуальным.

1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)