Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Дынько: Ці ёсьць у вас тлумачэньне, чаму беларуская ўлада заняла пазыцыю ігнараваньня нобэлеўскай ляўрэаткі і самога факту наданьня ёй прэміі?
Эрыксан: Я бадай ня той чалавек, які можа адказаць на гэтае пытаньне. Ведаю, што большасьць беларусаў успрынялі навіну пра прэмію Сьвятланы вельмі станоўча. Гэта стала для людзей сапраўднай падзеяй. Канечне, усім, асабліва ў нашыя часы, патрэбныя добрыя навіны. Для любой краіны гэта вялікая падзея. Людзі цешацца гэтай навіне. Мяне гэта таксама вельмі радуе.
Дынько: Шмат кажуць пра тое, што Нобэлеўская прэмія для беларускай аўтаркі — гэта шанец для ўсяго сьвету, і для беларусаў найперш, паглядзець на Беларусь па-новаму. Перастаць быць «апошняй дыктатурай Эўропы», якой мы воляю лёсу ўжо нават і перасталі быць, а стаць краінай Нобэлеўскага ляўрэата. Ці зьменіцца пасьля гэтага стаўленьне да Беларусі ў сьвеце?
Эрыксан: Перш за ўсё гэта вельмі важны момант для саміх беларусаў. Для мяне гэтая ўзнагарода — доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету. Што тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, гэта цікава і важна. Гэта крок збліжэньня Беларусі з астатнім сьветам. Бо ў чымсьці падзеі ў Беларусі разьвіваліся трохі ізалявана.
Я магу толькі казаць пра Швэцыю. Канечне, былі людзі, якія добра ведалі пра Беларусь. Мабыць, у Швэцыі нават больш, чым у сярэдняй эўрапейскай краіне. Але натуральна гэтая падзея пашырыць вядомасьць ня толькі Сьвятланы Алексіевіч. Таксама людзі будуць больш ведаць пра краіну Беларусь. Гэта сапраўды шанец для краіны стаць эўрапейскай.
Дынько: Як вы правялі гэтыя тры гады і як вам удалося ня тое што не забыцца, а нават удасканаліць беларускую мову?
Эрыксан: Я нікуды не падзеўся. Працягваю працаваць у швэдзкім МЗС. Ужо не наўпрост па беларускім накірунку. Але сем гадоў жыцьця — гэта даволі шмат. Таму інтарэс да таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне захаваўся. Дзякуючы Фэйсбуку і іншым сацмэдыям можна, так сказаць, быць часткай падзеяў, нават калі знаходзісься за мяжой.
А з мовай так атрымліваецца, што шмат беларусаў прыяжджаюць сюды. Калі ня кожны тыдзень, то кожны месяц я маю радасьць сустракацца зь беларускімі знаёмымі, сябрамі. Такім чынам імкнуся падтрымліваць мову на ўзроўні.
Дынько: Ці вы не трымаеце крыўды на Беларусь за тое, што вам давялося пакінуць яе супраць волі?
Эрыксан: Ведаеце, я не злапамятны. Па-расейску ёсьць такая прыказка «на обиженных воду возят». Я да канца так і не зразумеў, пра каго так кажуць, але мне падабаецца. Таму я рэдка крыўдую.
Я калі даведаўся пра ўзнагароду з прамога эфіру на пачатку кастрычніка, то закрычаў нават так, што калегі падумалі, што нешта адбылося. Для мяне асабіста вельмі прыемна, што я магу прынесьці карысьць цяпер спадарыні Сьвятлане у якасьці нобэлеўскага аташэ. Склалася такая традыцыя, што швэдзкі МЗС прадстаўляе нобэлеўскаму камітэту дыпляматаў, якія суправаджаюць ляўрэатаў падчас Нобэлеўскага тыдня. Шчыра кажучы я спачатку падумаў, што, можа, ня варта. Але калегі пераканалі, што трэба абавязкова прасіцца на такое заданьне. Цяпер я не шкадую, а для мяне гэта вялікі гонар, што я магу быць карысны для Сьвятланы падчас яе знаходжаньня тут у Швэцыі.
7 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
Расейскае выдавецтва выдала ўсе кнігі Сьвятланы і штогод запрашала пісьменьніцу прэзэнтаваць іх на сваім стэндзе падчас Менскага кніжнага кірмашу. Да стэнда «Время» ў беларускай сталіцы выстройваліся чэргі ўдзячных чытачоў, а для Алексіевіч гэта была адна з рэдкіх магчымасьцяў сустрэцца зь імі на адкрытай пляцоўцы.
Дый само выдавецтва ў тыя часы, калі беларускія выдаўцы Алексіевіч перавыдаваць не сьпяшаліся, заставалася верным беларускай аўтарцы. «Мы спадзяваліся на гэтую прэмію, і нам пашанцавала», — распавядае цяпер у Стакгольме Барыс Пастэрнак.
Дынько: Барыс Натанавіч, як складвалася ваша супрацоўніцтва са Сьвятланай Аляксандраўнай і ці думалі вы, што выдаяце кнігі Нобэлеўскага ляўрэата?