Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Александр Островцов
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
– Зразумела, – сказала яна. – Толькі мне хлопца шкада. Такі прыстойны.
Выйшлі мы з кіна. Я ёй кажу:
– Да цябе спаць пойдзем, ці да мяне?
– Да мяне нельга, – кажа яна. – Я з шасцю каляжанкамі ў адным пакоі кватарую.
Таму пайшлі да мяне. Пераспалі мы, а зранку я першым устаў, бо ў казармы ісці павінен быў. Службу ў той дзень меў. Пачаў яе будзіць. А яна кажа:
– Можаш ісці сабе. Я яшчэ з гадзінку пасплю, а потым пайду.
Пайшоў я на службу. Увечары вярнуўся – Насткі няма. Пакой не прыбраны, ложак не засланы. Пачаў я парадак наводзіць і заўважыў, што пад ложкам няма таго пакунку, што я хацеў Дуняшцы даслаць, але перадумаў. Я моцна знерваваўся і паклікаў Ліпу. Кажу яму:
– Тут у мяне з пакоя пакунак з каштоўнымі рэчамі знік.
– Калі? – спытаўся ён.
– Не ведаю, – адказаў я, – калі знік. Толькі сюды ніхто акрамя цябе, тваёй жонкі і тваіх дачок зайсці не можа. Спытай іх. Можа каторая жартам узяла?
А ён гаворыць:
– Ніводная з іх не возьме ані жартам, ані насамрэч. Такіх звычак у нас няма. Але я заўважыў, што сёння зранку з дому, з твайго пакоя, выйшла нейкая саветка і пакунак несла пад пахай. Нават спытаў у яе, што шукала ў кватэры. Дык яна мне адказала:
– Начавала ў нарачонага.
Вельмі прыкра мне зрабілася і рэчаў дарагіх моцна шкада. Таму вырашыў я, канешне, Настку знайсці. Пачаў кожны вечар паблізу кіна хадзіць. Але яна не прыйшла ні разу. Урэшчэ злапаў я яе ўдзень на кірмашы. Была яна там з трыма каляжанкамі.
– Дзень добры, Настка! – гавару.
А яна спачатку зрабіла выгляд, што мяне зусім не пазнае. А потым кажа:
– Дзень добры! Так шмат знаёмых мужчынаў маю, што і не пазнала адразу.
Тады я ёй гавару:
– Хадзем са мной на мінутку. У мяне да цябе вельмі важная справа.
А яна на эта:
– Нікуды не пайду. Мянці тут. Гэта мае найлепшыя сяброўкі, і я ніякіх сакрэтаў ад іх не маю.
Тады я кажу:
– Калі ты ў мяне была, дык пакунак з каштоўнымі рэчамі забрала. Прашу мне яго аддаць.
– Які пакунак? – пытаецца яна. – Нічога пра нейкі там пакунак я не ведаю.
Тады я гавару:
– Добра ведаеш, які пакунак. Гаспадар бачыў, як ты зранку з пакункам з дому выходзіла.
А яна як вызверыцца на мяне:
– Мела я дзесьці там цябе і гаспадара твайго разам! Тожа мне, кавалер знайшоўся! Ні вячэры нават, ні сняданку з’есці не даў! Пакунак у яго знік! Ідзі і шукай!
– Настка! – кажу. – Лепей аддай усё па-добраму, бо буду вымушаны на цябе дакласці.
А яна ўжо проста крычыць:
– Ідзі і дакладай! Я першая закладу, што ты спекуляцыяй займаешся! Тожа мне, чэсны знайшоўся! Пэўна, сам у нейкай кабеты рэчы скраў!
– Рэчы былі мае ўласныя.
– Так, уласныя! – крычыць яна. – Хіба ў бабскіх кашулях і трусах ходзіш!… Калі ўласныя, дык чаму іх пад ложкам хаваў?!
А яе каляжанкі як пачалі сакатаць, як пачалі крычаць і смяяцца з мяне, дык я не ведаў, што і рабіць. Сказаў тады Настцы спакойна:
– Настка, не буду я пра тыя рэчы нікому закладаць, але ты толькі гэтым скажы, што подла са мною абышлася. Не чакаў я ад цябе такога. Ты ж нават таго сабатажніка, якога мы ў кіне на экране бачылі, пашкадавала. А мяне як пакрыўдзіла!
– Яго пашкадавала, – гаворыць, – бо быў ён прыстойны хлапец. А ты што?… Нос як сліва. Вушы тырчком. Малы… пад паху іншаму схаваешся. Да таго ж яшчэ подлы. Нават чаем мяне не напаіў. Марна маё каханне выкарыстаў!
Як пачала яна здзекавацца і смяяцца з мяне, дык вакол нас людзі сабраліся. Некаторыя смяюцца і прызнаюць рацыю саветак. Зразумеў я, што нічога з гэтага не атрымаецца і што зніклі мае рэчы назаўсёды. Пэўна, Настка адразу іх прадала, альбо памянялася з каляжанкамі. Сплюнуў я і пайшоў з кірмаша. На развітанне сказаў:
– Каб табе тыя мае рэчы бокам павылазілі! Каб захварэла цяжка!
А яна крычыць:
– Суку да сябе запрасі, а не парадашную дзяўчыну! Тожа мне, кавалер знайшоўся! Ані кілішка гарэлкі не даў, ані шклянкі чаю нават!
“Я бы цябе воцатавай эсенцыяй напаіў!” – падумаў сабе.
З таго часу я ў кіно не хадзіў, бо яшчэ такі клопат маю, што ізноў у мяне вошы паналезлі. Ад Насткі напаўзлі. Маё шчасце, што не нешта горшае!
12 красавіка 1940 года.
Ліда.
Зіма скончылася, так жа, як скончылася буржуйскае панаванне на Беларусі. Прыйшла вясна, так жа, як мы – салдаты Чырвонай Арміі – каб вызваліць пралетарыят ад капіталістычнай тыраніі. Узышло вышэй сонца, каб знішчыць халады – так жа, як наша расійскае СОНЦА – бацька Сталін – і сагрэць мужыкоў і рабочых промнямі вольнасці і дабрабыту. Расквітнела ўсё навокал і зазелянілася свабодна – так як у Савецкім Саюзе. Прыляцелі птахі і спяваюць сабе гучна і без прымусу ў гонар камуністычнай партыі і Цэнтральнага Камітэту, задаволена, што скончылася тут панаванне крывавых імперыялістычных сатрапаў. Прыемна дужа бачыць усё гэта і чуць.
Прачытаў я ўсё тое, што напісаў пра вясну, і бачу, што маю вялізны пісьменніцкі талент. Можа, яшчэ не зусім дарос да Пушкіна, але відавочна, што ў мяне лепей атрымліваецца, чым у буржуйскіх пісакаў, змушаных заўсёды хлусіць і выслугоўвацца перад капіталістамі. Так, літаратура не выносіць прымусу, таму можа квітнець толькі там, дзе ёсць мы і дзе апякуецца ёю БАЦЬКА СТАЛІН. Бо, напрыклад, што ёсць у тых палякаў?… Нічога… Пытаўся я, дык мне паведамілі пра Міцкевіча, быццам быў такі вялікі паэт і гэтак далей. Тады я спытаўся: “Што ж ён такога вялікага напісаў?” А мне кажуць: Пана Тадэвуша. Дык я потым так смяяўся, што ў мяне слёзы з вачэй пайшлі. Напісаў пра пана, дык адразу: вялікі паэта!… У нас ёсць Талстой. Хаця быў ён пачаткова графам і паразітам, але потым выправіўся і нават боты сам сабе рабіў. І ёсць шмат іншых пісьменнікаў. А за граніцай што?… Нічога… У той Англіі, чуў, быў Шэкспір, дык ён толькі пра каралёў і міністраў пісаў і выслугоўваўся перад амерыканскімі капіталістамі, знішчаючы класавую свядомасць пралетарыяту. І ў Германіі да Гітлера нікога добрага не было, толькі Бетховен, які напісаў Фаўста і то, напэўна, скраў яго ў Іллі Эрынбурга. Так, толькі рускі народ можа даць штосьці цудоўнае і карыснае свету. Замахнуся і я, калі буду мець троху больш вольнага часу, напісаць якую-небудзь вельмі тоўстую кніжку пра дасягненні нашай культуры і аб вялікасці нашага народу.
Аднак вясна тая і мне троху галаву закруціла, бо ледзьве не закахаўся я ў буржуйку. Але своечасова апамятаўся і каханне сваё зліквідаваў. Самі разумееце: жару добра, бабы ж не маю, таму часам розныя такія мужчынскія думкі да галавы прыходзяць і чалавек цалкам дурнее. Вось каля нашых казармаў было некалькі лавак, у якіх тутэйшыя кабеты прадавалі розную ежу і чай. Заўважыў я там неяк нічога сабе бабёнку. Была яна старэйшая за мяне можа гадоў на дзесяць, але досыць тлустая і пысу мела чырвоную. Так што мне, можна сказаць, нават і спадабалася. Таму я да лаўкі той пачаў часта хадзіць і чай нават празмерна папіваць. І заўсёды быў вельмі чэсны: за тое, што з’яду ці вып’ю, заўсёды без аніякага ашуканства плаціў. Таму яна нават шанаваць мяне пачала і весела на мяне пазірала. Заўважыў я, што яна паліць, дык я ёй часам папіросаў прыносіў па таннейшай цане і вельмі прыязна з ёю размаўляў. Вырашыў, што трэба будзе пачаць з ёю каханне круціць. А што яна нашмат мяне старэйшая, дык гэта значэння вялікага не мае. Бо з нашымі саветкамі – пасля таго ўроку, што дала мне Настка – справаў не меў. Нават глядзець на іх брыдка было. Заўсёды думаў: можа кожная – такая ж самая, як і Настка.
Вось хаджу я да той гандляркі і хаджу. Чай сцёбаю ды сцёбаю. Але думаю сабе так: “Яшчэ прыйдзе час, калі я задарма буду ў цябе, адпаведна з маім высокім званнем, нажырацца”. Прапанаваў я ёй неяк у кіно пайсці. Але яна адказала, што не любіць у кіно хадзіць і што не хоча, каб яе знаёмыя з вайскоўцам бачылі, бо адразу пачнуць абгаворваць. Спытаўся ў яе пра сям’ю. Аказалася, што ўжо тры гады як удовая і жыве адна. Таксама шыкоўна – падумаў я – акурат для мяне кабета. Вельмі багатая, бо і лаўку мае, і ўласнае жытло. Але я зразумеў, што з тымі дурнымі буржуйкамі не так гладка ідзе, як з нашымі бабамі. Вядома: несвядомы яны элемент, у палоне капіталістычных забабонаў.