Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 260
Перейти на страницу:

З лавы падняўся і чамусьці зноў сеў настаўнік, ён прыкметна хваляваўся — невядома чаму.

— Штось я не разумею, аб што рэч? Што адбываецца? Куды мы выбіраем? У органы ўлады, ці што?

— Ня трэба спазьняцца, — папракнуў Петрачкоў.

— Я спазьніўся, бо была прычына. Хадзіў у Судзілкі да хворага вучня. Пяты дзень няма ў школе, — аказалася, дыфтэрыя. А тут — пра што вы?

— Ладна, пасьля растлумачу, — махнуў на яго Анішчык. Ён ня ведаў, куды можа павярнуць размову настаўнік, і баяўся страціць няпэўнае яшчэ выйсьце.

Але, мусіць, і праўда — іншага не заставалася, як запрасіць Злотніка. Калі пайсьці ўсёй ячэйкай, можа, распавесьці пра прыклад Янкоўскага, з павагі да якога Злотнік ня можа адмовіцца. Што ён лепшы за старога бальшавіка, нядаўняга старшыню сельсавета? Вядома, гэта нядобра, што ў такой сітуацыі члены партыі змушаны прасіць беспартыйнага яўрэя, але што рабіць? Ня першы і, вельмі магчыма, не апошні раз. Такое жыцьцё і такая палітыка.

— Так! Пайшлі…

Рашуча ўстаўшы з-за стала, Анішчык надзеў вайсковую, з цвёрдым казырком фуражку. Лёгка ўскочыў з лавы каваль, падняўся брыгадзір. Але настаўнік заступіў ім шлях да дзьвярэй.

— Усё ж растлумачце, куды Злотніка?

— Не ў пачальнікі, супакойся, — раздражнёна сказаў Анішчык, ступаючы цераз парог.

Чарадой, адзін за адным яны кіравалі па вёсцы, прыціскаючыся да платоў, каб ня трапіць у частыя тут лужыны. На вуліцы было цёмна, цемрай навісла захмаранае неба. Толькі ў некаторых хатах цьмяна сьвяціліся вокны. Газа была ў дэфіцыце, людзі яе ашчаджалі, увечары раней клаліся спаць. Хіба школьнікам давалі пасядзець даўжэй, падрыхтаваць урокі — на чытаньне кніжак ужо не ставала часу. Праз гэты недахоп газы ў Анішчыка калісьці засталася недачытанай цікавая кніжка «Айвенга». Колькі пасьля ні шукаў, нідзе ня мог знайсьці — ні ў палкавой бібліятэцы, ні ў Доме сацкультуры. Так і засталося быццам бы няскончанае дзяцінства. Зрэшты, а ў каго яно добра скончылася?

Жыцьцё ўвесь час закручвалася ў нейкія колы-петлі, пачварна блытала складаныя камбінацыі адносінаў, часыдей за ўсё нядобрых, варожых. Во і да гэтага Злотніка ён ішоў ня першы раз. У дзяцінстве, калі Злотнікі жылі ў мястэчку, маці прыводзіла яго да швачкі Двойры, якая ў тутэйшых мясьцінах абшывала людзей. Яму тады шылі пінжачок з саматканай ваўнянкі. За працу, памятае, маці аддала швачцы два рублі грашыма і два дзясяткі яек. Той пінжачок ён насіў да апошняга сёмага класа, пасьля якога вучыцца ўжо не давялося. Быццам нядаўна было тое, і во ён зноў ідзе да Злотнікаў, але ўжо зусім па іншай справе. Усё ж, калі падумаць, па агіднай, нялюдскай справе…

Можа, упершыню ў яго затлумленай за дзень галаве быццам праясьнілася нешта, быццам з пахмелкі, ён зразумеў, выразна і пранізьліва, штосьці жахлівае. Але хутка адчуваньне таго і зьнікла — можа, па ўласнай волі, а можа, сагнанае нечаканым вокрыкам брыгадзіра:

— Тут правей, правей трымайцеся — лужына!

Хапаючыся рукамі за калы ў плоце, яны сьледам за брыгадзірам абмінулі ў цемрадзі лужыну; хутка трэба было паварочваць у неабгароджаны падворак бабыля Рудака. Тут Анішчыка дагнаў настаўнік, які, напэўна, пра штосьці дазнаўся ад Петрачкова. Стары бальшавік, вядома, з імі не пайшоў.

— Сакратар, дарма вы гэта, — гукнуў настаўнік.

— Што — дарма?

— Удумалі ўсё гэта. Пашкадуеце.

Ціха прамовіўшы тое, настаўнік адразу адстаў, а яны ўтрох зайшлі ў пусты двор. Два вокны ад вуліцы яшчэ слаба адсьвечвалі чырвоным водсьветам газьнічкі, чуўся прыглушаны пошчак машынкі. Няўпэўнена ўвайшлі ў цёмныя сені. Анішчык не адразу намацаў дзьверы, адчыніўшы якія, сьпярша ня ведаў, куды ступіць, бо амаль нічога ня бачыў у прыцемках хаты. За ім асьцярожна пералезьлі парог ягоныя партыйцы.

— Ой, ой! Хаім! — крыкнула жанчына, устаючы ад машынкі. Гэта была Двойра, Анішчык яе пазнаў, хаця даўно ўжо ня бачыў. Але Двойра, здаецца, мала зьмянілася за той час, па-ранейшаму застаючыся жвавай і мажнай жанчынай. — Хаім, да нас дарагія госьці!..

Яны стрымана павіталіся, трохі прайшлі наперад. Усе куткі, услоны і лаўкі тут былі заняты пад ложкі. Швачка рухава схавалася ў запеччы, было чуваць — будзіла соннага мужа.

— Хаім, Хаім, уставай!..

Нарэшце з прыцемку вынік гаспадар — з ускалмачанай кудлатай галавой, заспаны Злотнік. Хістаючыся, бы п’яны, ён няўпэўнена паўстаў перад партыйцамі ў расшпіленых на грудзях шматлікіх апратках.

— Выбачайце, што пабудзілі, — ветліва пачаў Анішчык. — Мы да вас па справе.

— Ну ведама ж, па справе. Нашто хадзіць бяз справы, — сонна прамармытаў Злотнік. — Дык, можа, сядзеце, таварышы? Толькі куды сесьці? А ну, Броха, Голда, кыш адсюль, — таварышы сядуць.

1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)