Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Задаволеная эфектам, дзяўчына загасіла свечку, паставіла падсвечнік на высокі столік з вітой ножкай. Толькі тут я заўважыла, што ў экскурсаводкі моцна скошанае вока. Але гэта нібы і не псавала яе шырокі ў выліцах, мілы тварык.
— Запрашайце ўсіх астатніх у наш музей, калі ласка...
Я хадзіла туды кожны дзень. Дзяўчыну звалі Марына. Яна адна выхоўвала сына, трапіла сюды па размеркаванні з бібліятэчнага факультэта. Але ў бібліятэцы ёй цяпер маглі прапанаваць толькі палову стаўкі, і Марына ўхапілася за ідэю музея. Экспазіцыя ў гэтым пакойчыку створаная яе рукамі, многае адстоена ў жорсткіх «баталіях» з адміністрацыяй... Здавалася, для Марыны Паэт быў жывым, блізкім ёй чалавекам, так многа яна ведала пра яго і пра гісторыю краю, так натхнёна распавядала...
Непагоднымі начамі бэз цяжкімі гронкамі біўся ў шыбы майго часовага пакойчыка, і мроілася, што сам Паэт — там, у цёмнай пене лістоты і кветак, глядзіць на мяне глыбокімі, як прадонні азёр, вачыма.
Перад ад’ездам мы ўсе, «адпачываючыя», зайшлі ў музей да Марыны і напісалі шмат добрых слоў у кнігу водгукаў, і пакінулі для яе сыночка няхітрыя пачастункі — у каго што было.
І ад душы наламалі ў дарогу пышнага бэзу — дагані, суровая адміністрацыя!
І гэта прамінула.
Я доўга і пакутліва адкрывала для сябе сваю Радзіму. Загаварыла на яе мове, даведалася пра яе славутых палкаводцаў і паэтаў, памяць пра якіх згубленая ў цёмных пакоях закінутых маёнткаў і палацаў.
І заўсёды з прыемнасцю ўспамінала дні, праведзеныя ў доме адпачынку, паўцёмны музейны пакой і ўзнёслую дзяўчыну-экскурсаводку.
Лёс даў мне магчымасць зноў паехаць туды. На гэта раз — з сям’ёй. Вядома, у першы ж дзень мы накіраваліся ў музей. Знаёмы голас, дзверы расчынены, і — о цуд! — чуваць голас Марыны:
— Так, ён тут прысутнічае! Я часта адчуваю гэта. Па сведчаннях сучаснікаў, ён любіў сядзець перад гэтым акном, глядзець на бэз, на стройныя ліпавыя прысады — тады яны былі яшчэ зусім маладзенькія... Напэўна, старонні глядач ніколі б не падумаў, што гэты самотны мройнік можа быць мужным ваяром, бездакорным рыцарам свае Айчыны...
Мы ўвайшлі ў пакой. Перад невялікай купкай наведнікаў стаяла Марына. Распаўнелая, але гэткая ж узнёслая, у светлым шалі і цёмнай сукенцы, толькі валасы набылі парфумна-белы колер... Але... Хаця і мэбля, і клавесін, і сурвэткі засталіся на ранейшых месцах, усё не спазнавальна змянілася. На стэндах жаўцелі фатаграфіі з выявамі шыракатварых мужчын у гусарскай форме, у рамках пазалочанага багету красаваўся яркі батальны жывапіс, а з партрэтаў паглядаў не цемнавокі Паэт, а таўсматы сівы стары ў напудраным парыку і мундзіры, спрэс увешаны ордэнамі. І сталёвы пагляд з-пад кусцістых броваў...
— Што гэта?!
Марына пачула, перарвала натхнёны аповед і — зразумела, яна мяне не пазнала — адказала з лёгкім дакорам:
— Тут — музей Палкаводца. Вы, напэўна ж, чулі, што гэты вялікі чалавек нейкі час тут жыў?
— А як жа Паэт?
Марына спакойна патлумачыла:
— Некаторыя звесткі пра яго ёсць у мясцовым краязнаўчым музеі, у райцэнтры. На жаль, памяшканне не дазваляе нам пашырыць экспазіцыю.
Я паназірала за ёй — яна не прыкідвалася. Яна сапраўды была ўзнёслая і натхнёная. І ёй сапраўды было ўсё адно, ці захапляцца мясцовым Паэтам-інсургентам, ці Палкаводцам — утаймавальнікам паўстання. Вядома, другі пераўзыходзіў славаю першага...
У куце сядзеў светлавалосы падлетак і меланхалічна грыз чырвоны яблык. У хлопца былі гэткія ж блізка пасаджаныя вочы і шырокія выліцы, як у Марыны.
Нечакана падумалася, што, можа быць, Радзіма мая глядзіць на мяне не праз цёмныя вочы памерлага Паэта, а вось цяпер, праз шэрыя, блізка пасаджаныя вочы сына эксурсаводкі?
Мы больш не наведвалі музей. За вокнамі нашага пакоя, як і калісьці, віраваў бэзавы туман, цяжкія гронкі стукаліся ў вокны, асыпалі на падваконне духмяную расу, і можна было навыбіраць з іх на ўдачу колькі заўгодна пяціпялёсткавых кветачак...
І, зірнуўшы раптам у начную бездань лістоты, сустрэць нечы цёмны пагляд...
ГІСТОРЫІ ПАНІ
Нявыдуманыя аповеды
Ці шмат са мной здаралася незвычайнага? Гэта гледзячы як ацэньваць... Часам выпіты кубак кавы можа стацца падзеяй большай, чым землятрус.
Нашае жыццё — гэта наша памяць. А нічога больш няпэўнага за памяць няма. Што мы бачым, азірнуўшыся? Бляск разбітых шкельцаў? Раскіданыя там-сям рэдкія дыяменты? Але і яны з цягам часу трацяць бляск, пакуль не знікнуць пад пылам...
Занатаваць хоць нешта, стварыць самую сябе з мазаікі слоў... І таго досыць.