Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках... Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.
Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.
— Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?
Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:
— Можаце зваць мяне Сцяпанам... Вядома, гэта не сапраўднае імя.
Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.
«Роберт-д’ябал»... Та-та-та — ці-та-та... Рамантыкі, халера. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў... Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»
— Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся... Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.
Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай... А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава. Са сваімі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі...
— Дык што, назад, да залатога веку? — Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай.— Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы... Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду... І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі... Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.
Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.
— Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач... І злачынства заўсёды больш... Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову...
Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:
— Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба...
— Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.
Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важкі том і шпурнуў на падлогу — ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адрасата.
— Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша — пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя — без войнаў і тыранаў, і адна мова — бо знікнуць межы і варажнеча...
Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.
— Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове... Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой — на мове іх імперыі...
Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:
— Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца... Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?
Гаспадар уздыхнуў:
— Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму... Свет, на жаль, не змяніўся... Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.
Усе трое гасцей паблажліва ўсміхнуліся. Стары дзівак! Бездапаможны і разгублены... Нават шкада яго і хочацца нешта патлумачыць. Але ці зразумее?