Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 230
Перейти на страницу:

— Варвара Мікалаеўна, скажыце па шчырасці… Вось вы мяне тут корміце, аберагаеце… Гэта як — па сваёй волі ці таму, што гэты… Волкаў загадаў? — запытаўся Агееў, разразаючы напалам агурок. Ён даўно збіраўся запытаць аб гэтым у гаспадыні, каб даведацца аб сутнасці яе да яго адносін.

— А чаму вы думаеце, што мне загадаў Волкаў? З якой нагоды ён мне будзе загадваць? — здзівіліся Бараноўская.

— Ну, аднак жа вось вы мяне прытулілі. І нават болей — далі дакументы сына. А хіба вы мяне ведаеце?

— Чаму ж не ведаю? Ведаю. Вы — камандзір Чырвонай Арміі. Паранены ў баі з немцамі. Вы ж загінеце, калі вам не памагчы. Хіба не так?

— Можа, і так…

— Дык як жа я магу адмовіць вам у дапамозе? Гэта ж было б не па-людску, не па-боску. А я ж хрысціянка.

— Скажыце, вы дужа ў бога верыце?

— А ў што ж мне яшчэ верыць?

— І моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?

— Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога — зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта знычыць па-боску.

Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў, што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна — опіум для народа.

— Вы святое Евангелле чыталі? — запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.

— Не, не чытаў. Таму што…

— Ну зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?

— Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.

— Не праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.

— Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, — сказаў ён, узрадаваўшыся, што ўжо тут трохі ведае. — Напрыклад, непраціўленне злу.

— Далося вам гэтае непраціўленне. Толькі гэта і запомнілі ў Талстога. Хаця і непраціўленне ў многім справядлівае, але спрэчнае, дапусцім. А вось калі б вы прачыталі Дастаеўскага, дык бы ведалі, што калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д’ябал.

— Д’ябла мы не баімся, — усміхнуўся Агееў.

— Д’ябла мы не баімся, гэта канечне. Але вось немцаў мусім баяцца. А яны для нас і ёсць увасабленнем д’ябла. Гэта значыць злой, разбуральнай сілы.

— З сілай нельга не лічыцца.

— Во! А як процістаяць гэтай сіле?

— Супраць сілы — толькі сілай, зразумела.

— Ну, дык гэта армія — супраць арміі. Там, канечне, дзве сілы. І хто — каго. Гэта вайна. А вось нам, мірнаму насельніцтву, як? Мы што можам? Дзе наша сіла?

Яна задавала яму нялёгкія пытанні, блытана адказваючы на якія ён адчуваў недастатковасць сваіх ведаў і напружваў думку, каб знайсці і найлепш выказаць сваю праўду, у якой быў упэўнены. Хаця гэта было няпроста.

— Трэба не падчыніцца акупантам.

— Не падчыніцца, канечне! Але як? Вунь усіх яўрэяў знішчылі. Як яны маглі не падчыніцца? Для непадчынення патрэбна хаця зброя, а дзе яе ўзяць?

— Ну, і што ж рабіць, па-вашаму? — запытаўся ён, сам не знайшоўшы адказу на яе пытанне.

— Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. Не мітусіцца душой, як некаторыя — з разліку ці ад страху. Вось я хачу застацца сабой, няхай сабе ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, каб памагчы бліжняму. Вам ці Волкаву, бо вы маеце патрэбу ў дапамозе і ваша, вам богам дадзенае жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Зноў жа, я не магу не памятаць, да якога народа належу сама, якія пакуты стрываў на фронце мой муж у тую, мікалаеўскую, вайну. Ад чыёй рукі загінуў мой брат. І я бачу, што робіцца цяпер. Як жа я магу сядзець склаўшы рукі.

— Але ж вы разумееце, што пагражае за гэта?

— Слава богу — не маленькая. І тут я ўжо нічога не магу зрабіць. Што будзе, тое і будзе. Ад лёсу не ўцячэш. Не надта разумна, але суцяшальна ўсё ж. А чалавек заўжды мае патрэбу ў суцяшэнні.

— Гэта вядома, — пагадзіўся ён. — А я, прызнацца, апасаўся…

— Гэта чаго? Мабыць, таго, што я пападдзя?

Ён прамаўчаў, але яна ўсё зразумела і з уздыхам ціха сказала:

— Гэта, вядома, мне непрыемна. Тым больш што даўно ўжо не пападдзя. Але бог вам суддзя. Я разумею вас.

— Вы ўжо даруйце, што я загаварыў пра тое, — сказаў Агееў, сапраўды пашкадаваўшы, што ўсчаў гэтую размову. Але, можа, і добра, што ўсчаў, яны высветлілі штосьці важнае паміж імі, і хоць Агееў не ва ўсім разабраўся, але, здаецца, вызваліўся ад сваіх сумненняў наконт гаспадыні — мабыць, ёй можна верыць. Чалавек з такой цвёрдасцю поглядаў заўжды што-небудзь значыць і міжволі выклікае давер. Можа, яму яшчэ і пашэнціла на гаспадыню, падумаў ён, хаця і без асаблівай упэўненасці. Але — час пакажа.

1 ... 150 151 152 153 154 155 156 157 158 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)