Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ты, сапожнік, ану, пасабі оберсту! Там у боце нешта…
Адчуўшы, як спакваля сплыве з яго вачэй гарачы туман, Агееў дашкандыбаў да альтанкі і сеў на табурэтку. Оберст прысеў побач на лаўку пад клёнам, і мардаты немец у кароценькім, з разрэзам мундзіры, валюхаючы тоўстым задам, лёгка і ашчадна здзеў бот з яго тонкай нагі, перадаў Агееву. Бот быў шыкоўны, амаль новы, з цвёрдай бліскучай халявай і высокім заднікам; з жоўтага нутра яго яшчэ пахла свежавырабленай скурай. Цвік быў у самым наску, ледзь выступаў з падэшвы, і Агееў падумаў з палёгкай, што забіць яго — раз плюнуць. Пакуль ён даставаў лапу, на якую надзяваў бот, стары оберст, паліцай у танкісцкім фрэнчы ды і ўсе, колькі іх было, немцы пільна назіралі за яго таропкімі рухамі. Не ў лад са сваімі пачуццямі ён раптам зласліва падумаў: во цяпер бы гранату на ўсіх вас! Але толькі падумаў так, не паднімаючы ад бота позірку і баючыся, каб тыя не адгадалі ягоныя думкі.
Некалькіх удараў малатка сапраўды хапіла, каб забіць цвік, і ён падаў оберсту яго бот, які, аднак, тут жа падхапіў тоўсты немец, мабыць, дзяншчык, з мноствам пярсцёнкаў на пальцах. Недаверліва памацаўшы рукой у боце, ён буркнуў «гут» і кінуўся абуваць оберста. Той напружана адхінуўся на лаўцы, выцяг перад сабой нагу, на якую дзяншчык ашчадна нацягнуў бот. Пасля оберст слаба прытупнуў ім па зямлі і картава штосьці сказаў па-нямецку.
— Устань! Ты! Слыш! — падхапіўся паліцэйскі ў фрэнчы, і Агееў марудна ўстаў з табурэткі. — Сюды, сюды! Перад панам оберстам…
Стараючыся не кульгаць, Агееў няспрытна ступіў тры крокі з альтанкі і выпрастаўся, падумаўшы, што оберст, мабыць, хоча яму падзякаваць. Той і на самай справе картава сказаў нешта, старэчы твар яго з пачырванелымі, бы ад бяссоння, вачмі паспрабаваў усміхнуцца, але раптам сцюдзёна знерухомеў, і немец строгім голасам загаманіў да паліцая. Той, скалануўшыся, выцягся і нешта скупа адказаў таксама па-нямецку, што нават здзівіла Агеева: глядзі ты — умее! Але ён ужо адчуў, што размова зайшла пра яго, і зноў насцярожыўся.
— Пан оберст пытаецца: ты — ваеннаслужачы Чырвонай Арміі?
— Я? Не. Я чыгуначнік, — панылым і агідным для самога сябе голасам сказаў Агееў, падумаўшы: здаецца, уліп!
— Ён пытаецца: чаму кульгаеш? Паранены?
— Няшчасны выпадак. На чыгунцы, — адолеўшы першую збянтэжанасць, знарок бадзёра сказаў Агееў і міжволі напяўся, нібы па стойцы «смірна» перад начальнікам. Але тут жа заўважыў гэта і расслабіўся, адну руку сунуў за дзяжку на вышытай кашулі — так, нібы ніколі ў жыцці не меў справы з арміяй і яе парадкамі. Вось толькі яго дыяганалевыя брыджы з кантамі выдавалі ў ім вайскоўца, і Агееў унутрана сцяўся, стараўся ўгадаць: зразумее што оберст ці не?
Оберст, аднак, ужо не глядзеў на яго — усё больш злуючыся, ён строга гергетаў нешта паліцаю ў фрэнчы, і той, ляскаючы абцасамі, таропіў у яго пагляд вузка пасаджаных вачэй, раз за разам паўтараючы адно толькі слова «яволь!». Агееў не разумеў, што раззлавала гэтага дзеда-оберста, але адчуваў, што гаворка ішла пра яго, і ў напружанай увазе чакаў развязкі. Нарэшце немец, здаецца, выгаварыўся, ягоны гнеўны напор пачаў слабнуць, ён выцяг з кішаня блішчасты, з мудрагелістым упрыгожаннем партсігар і тонкімі худымі пальцамі выбраў з яго цыгарэтку. Як толькі ён ступіў да выхада з двара, усе, што стаялі побач, расступіліся, даючы начальству дарогу і дружна кіруючы следам. Каля суседняга дома на вуліцы іх чакала легкавая машына з шэрым парусінавым верхам. Застаўшыся каля альтанкі, Агееў глядзеў, як яны там рассаджваліся, падумаўшы — няўжо абышлося? Але поўнай упэўненасці ў тым яшчэ не было, оберст яшчэ пагрозліва памахаў пальцам перад паліцаем у танкісцкім фрэнчы, штосьці вымаўляючы яму, і той, мабыць, дзеля свайго апраўдання зрэдзьчасу ўстаўляў кароткія словы па-нямецку. Здавалася, гэта доўжылася бясконца. Пакуль немцы не паехалі, Агееў не мог адчуваць сябе ў бяспецы, цьмяная трывога не міналася, і ён, можа, упершыню зразумеў, на які цяжкі шлях ступіў з гэтым сваім шавецтвам. Ён уздыхнуў толькі, як згледзеў, што ззаду за машынай падняўся пыл і яна порстка пакацілася па вуліцы, але тут жа і вылаяўся ад прыкрасці: тры паліцаі засталіся і, счакаўшы, пакуль машына схавалася за паваротам вуліцы, усе павярнулі назад. Яны зноў кіравалі на яго падворак.