Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 154 155 156 157 158 159 160 161 162 ... 230
Перейти на страницу:

— Было! — з уздыхам сказаў Драздзенка. — Было начальства і сплыло. Як дым, як утранні туман. Цяпер другое начальства, нямецкае. Хто б калі падумаў, га? Сказалі б год назад, што я стану начальнікам паліцыі, я б таму ў морду плюнуў. А стаў жа. Чаму? Ды таму, што за другіх гінуць не схацеў. Слухай, ты адкуль родам?

— Я? Ды тут, недалёка, — страмана сказаў Агееў. — А вы?

— А я тутэйшы. З мястэчка. Ну, і якія планы?

— Ды якія планы. Нага вось… — варухнуў збалелым каленам Агееў.

— Што, здорава саданула?

— Здорава, — сказаў Агееў, аддаючы бот. — Вось паглядзіце. Так добра?

Драздзенка ўзяў бот, агледзеў абцас і раптам сказаў са сцішанай злосцю:

— Гаўно ты, а не шавец. Хто ж так падбівае? Трэба ж было падкласці кавалачак скуры. А то ж крыва!

— Была б яна ў мяне, скура, — развёў рукамі Агееў. Ён і сапраўды не знайшоў у папоўскай скрынцы ні кавалачка падэшвеннай скуры — чым было падбіваць абцасы?

— Да-а… Ну, ладна, падбівай другі. Не хадзіць жа так.

За агароджай на вуліцы паказаліся абодва паліцаі, адзін застаўся з вінтоўкай на выхадзе, а другі ў выстаўленых руках нёс гарлач малака, які асцярожна падаў начальніку.

— Во, толькі падаілі. Сырадой, — белабрысы твар паліцая ўгодліва расплыўся ва ўсмешцы. Драздзенка аберуч аблапіў гарлач.

— Што ж, пап’ём сырадою. Кажуць, палезна для здароўя.

— Ага, дужа палезна, — яшчэ больш заўсміхаўся паліцай, закідваючы за плячо рамень вінтоўкі, і Драздзенка раптам скіраваў на яго пагрозлівы позірк.

— Паспытаў ужо? Хоць бы пысу выцер, скаціна!

Са спазнелай паспешнасцю паліцай пачаў выціраць тоўстыя вусны, а ягоны начальнік гідліва апусціў гарлач.

— Во з кім працую, — паскардзіўся ён Агееву. — З такімі во курашчупамі. Ён жа ў войску і дня не служыў. Не служыў, га?

— Дык забракавалі па здароўі, — сказаў паліцай і пачухаў пад пахай.

— Бо крэцін. А ў паліцыю ўзялі. Бо — няма каму службу несці. Адказнасці гара, а магчымасцей крошкі. Ладна! Марш на вуліцу. І глядзець в оба, як інструкціраваў!

Патрымаўшы гарлач у руках, ён усё ж трохі адпіў малака і паставіў яго на зямлю каля лаўкі. Тым часам Агееў неяк прыбіў да абцаса і другі касяк, і начальнік паліцыі з натугай уздзеў бот на нагу.

— Во, іншая справа. Цвярдзейшы крок будзе.

Ён спружыніста пратупаў сюды-туды па падворку, звонка цокаючы абцасамі па камянях бруку. Агееў пазіраў на ягоныя боты — першую сваю работу ў новай прафесіі, і складаныя пачуцці авалодалі ім. Ён амаль ненавідзеў сябе за гэтую ўгодлівую паслугу нямецкаму халую, ад якога, аднак, залежаў сам цалкам, тым больш што той раскрыў яго з першага погляду, можна сказаць, распрануў дагала. Менавіта гэтая яго распранутасць рабіла Агеева амаль безабаронным перад паліцыяй і перш за ўсё перад яе начальнікам у асобе гэтага былога танкіста. Як было з ім паладзіць, каб не наклікаць ягонае злосці і не загубіць сябе? Без жаднай патрэбы Агееў перакладваў інструмент на сваім хісткім століку, коса пазіраючы, як Драздзенка шпацыруе па яго падворку. І раптам той рэзка спыніўся насупраць:

— Як завуць?

Агееў увесь напяўся, думаючы, як лепш адказаць паліцаю — па сваёй чыгуначнай версіі ці як ёсць на справе.

— Ну, па дакументах я Бараноўскі…

— Хрэн з табой, хай Бараноўскі. Нам усё роўна. Пойдзеш працаваць у паліцыю.

З няўтоенай трывогай у вачах Агееў зірнуў у заклапочана-рашучы твар начальніка паліцыі, які, сказаўшы гэта цвёрда тонам загаду, аднак жа чакаў яго адказу — згоды або адмовы. І Агееў варухнуў каленам хворай нагі.

— Якая паліцыя! Нага во. Ледзьве шкандыбаю па двары каля дома…

— Загоіцца!

— Калі гэта будзе? — сказаў ён амаль раздражнёна.

Драздзенка ссунуў набок сваю казыркастую шапку, азірнуўся ў глыб падворка.

— Ладна. Ану, зойдзем у дом.

Агееў не ведаў, дзе Бараноўская (зранку яна не з’яўлялася на двары), і, марудна ўстаўшы з-за стала, скіраваў да дзвярэй. Дзверы на кухню былі не зашчэплены, пад чыстым ручніком на прыбраным стале стаялі міска, гарлач, побач ляжаў учарашні акраец хлеба — пэўна, яго сняданак. Гаспадыні нідзе не было чуваць.

— Тут што — нікога няма? — сказаў Драздзенка і расчыніў дзверы ў святліцу. — Нікога. Вось якая справа, — ён ушчыльную ступіў да Агеева. — Жыць хочаш? Агееў ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як адказаць на гэтае ідыёцкае пытанне, і не разумеючы, чаго ад яго хоча гэты няпрошаны заступнік.

— Ну як жа… Панятна…

1 ... 154 155 156 157 158 159 160 161 162 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)