Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Першы ўвайшоў усё той жа паліцай у фрэнчы, стомлена сагнаў з твару выраз нядаўняй заклапочанасці.
— Ну, паняў? — рэзка, ва ўпор запытаў ён Агеева. Той адмоўна пакруціў галавой. — Не паняў? Які непанятлівы! У лагер цябе загадаў справадзіць! Як ваеннапалоннага.
Вымашчаны дол у двары хіснуўся перад вачамі Агеева, ён зірнуў у бок вуліцы, выхад на якую, аднак, перагарадзілі ўжо два паліцаі з вінтоўкамі.
— Скажы мне — дзякуй! Паручыўся за цябе, ясна? — кінуў паліцэйскі і, быццам у роздуме, моўчкі пакрочыў у глыб падворка.
— Што ж, дзякуй, — выціснуў з сябе Агееў, не ведаючы, што яшчэ сказаць. І нават што падумаць з гэтага поваду.
— Во так! Што ж, думаеш, гэта проста? Думаеш, ён адразу і паверыў? — павярнуўшыся, сказаў паліцэйскі.
Мабыць, усё яшчэ перажываючы непрыемную размову з немцам, той хвіліну пахадзіў сюды-туды па двары. Агееў стаяў на адным месцы, адчуваючы, што сённяшнія выпрабаванні, мабыць, яшчэ не скончыліся. Яшчэ нешта яму рыхтуеца. Нарэшце паліцэйскі кінуў свой дубчык і рашуча сеў на лаўку пад клёнам.
— Ладна, чорт з ім! Ты гэта… Паглядзі заадно мае боты.
Рэзка тузануўшы, ён садраў з нагі, мабыць, цеснаваты хромавы бот, сунуў яго Агееву, і той падаўся на сваё месца ў альтанцы. Паклаўшы нагу на нагу, паліцэйскі ўважліва паглядзеў на яго.
— Ты — даўно?
— Што? — павярнуўся Агееў.
— Што, што… Ранены, кажу, даўно? — гыркнуў паліцай. — Не панімаеш?..
«Чорт бы цябе ўзяў з тваёй панятлівасцю!» — злосна падумаў Агееў, не ведаючы, як лепш адказаць аб сваім раненні. Але, відаць, адказаць прыйдзецца папраўдзе, гэтага не ашукаеш. Сам, мабыць, адтуль жа…
— Ды нядаўна. Як адступалі… Чырвоныя.
Паліцэйскі коратка рагатнуў.
— Чырвоныя! А сам ты хто — белы хіба!
— Я? Ды так…
Адразу сагнаўшы з цвёрдага, валявога твару ўсмешку, паліцэйскі зірнуў на сваіх памочнікаў, якія цярпліва чакалі каля гародчыка, чуйна прыслухоўваючыся да іх размовы.
— Ладна цямніць! Не відаць па табе хіба! Думаеш, галіцца перастаў, дык ніхто не пазнае? Камандзір? — раптам рэзка запытаў ён, пранізваючы Агеева вострым прыдзірлівым паглядам. — Камандзір, канечне. Во па чубу відаць. Радавога б абстрыглі.
Выкладваючы са скрынкі інструмент, Агееў маўчаў, усё яшчэ прыкідваючы, як паводзіць сябе, за кого выдаваць. Па дакументах Бараноўскага ён — інжынер-чыгуначнік, такую і засвоіў версію, але ж гэты не пытаецца яго дакументы. Спрактыкаваным вокам ён, мабыць, адразу ўгадаў у ім вайскоўца, адмаўляцца ад чаго ў становішчы Агеева было рызыкоўна. Толькі болей заблытаешся ці выклічаш падазрэнне ў чым-небудзь яшчэ больш падазроным.
— Ладна, — памаўчаўшы, сказаў паліцэйскі. — Паглядзім, які ты шавец. Падбі касячкі. Як у немцаў. Каб ішоў і здалёку было чуваць: ідзе начальнік паліцыі, а не хрэн сабачы. Паняў?
— Ясна, — страмана сказаў Агееў, ужо разумеючы, што, мяркуючы па ўсім, перад ім сам Драздзенка, пра якога ён чуў ад Бараноўскай. І гэта яго першыя кліенты — фашыст і ягоны прыслужнік з іх ерундовым рамонтам. Калі толькі справа сапраўды ў гэтым рамонце…
— Во бяда — новых касячкоў няма, — сказаў ён, пакапаўшыся ў бляшанцы з цвікамі. Сярод іржавых цвікоў выбраў тры таксама іржавыя, відаць, адарваныя ад старых абцасаў, касячкі. — Во такія падыдуць?
— Ладна, пайдуць, — сказаў Драздзенка і зноў зблізку пільна зірнуў Агееву ў твар. Той, робячы выгляд, што не заўважае гэтага позірку, прымерваў касячок на трохі збіты абцас начальніка паліцыі.
— Дык хто па званні? — раптам сцішана запытаў той, абапёршыся локцем на калена разутай нагі. Абодва паліцаі з-за агароджы — адзін белабрысы, пажылы, у картузе і другі малады, плячысты, у нямецкай пілотцы — прыкметна навастрылі вушы, і начальнік паліцыі кінуў у іх бок строгі позірк.
— Эй, вы там! Расстарайцеся мне малачка папіць…
Застукаўшы ботамі, паліцаі кінуліся ў двор, але Драздзенка адразу спыніў іх зычным вокрыкам:
— Не сюды, абармоты! Тут няма нічарта. У суседзяў!..
Калі паліцаі выбеглі і ў суседзяў трывожна забразгалі веснічкі, ён нахіліўся да Агеева:
— Дык званне якое? Лейтэнант? Старшы?
— Старшы, — сказаў Агееў.
— Не палітрук часам?
— Не, не палітрук. Начальнік боепітання.
— Ага, спецыяліст па вааружэнню? А я вось з танкавых войск. Быў начштаба батальёна.
— Што ж, вялікае начальства, — прамармытаў Агееў, праклінаючы ў душы гэтага не ў меру праніклівага паліцая. Ён забіваў жалезныя цвікі ў абцас, бот скаланаўся разам з чыгуннай лапай, на якую быў надзеты, і кожны ўдар балюча аддаваўся ў яго распухлай назе. Начальнік паліцыі закурыў «Беламор», пускаючы дым у альтанку, і Агееў прагна ўдыхнуў знаёмы пах папярос, хоць сам не курыў ніколі.