Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ой, Марыя, не глядзі на яго так пільна.
Вышэйшая неўпрыцям піхнула локцем сяброўку, вымушаючы яе змоўкнуць, а сама, не адрываючы позірку, ўсё ўглядалася ў яго, і ў гэтым яе позірку яму здалося штось хоць і няпэўнае яшчэ, але ўжо значнае, змястоўна-прарочыстае, ці што. Быццам яна, радуючыся, паволі пазнавала яго. Ён, аднак, не пазнаваў іх — гэтых дзяўчат ён бачыў упершыню і толькі праводзіў іх паглядам — паўз альтанку да суседняй хаты на вуліцы. Аднак ля суседняга падворка дзяўчыты нерашуча спыніліся, нядоўга параіліся аб чымсьці, і адна рашучым крокам вярнулася да альтанкі.
— Вы і сапраўды рамантуеце абутак? — запыталася яна ў Агеева, сарамліва ўсміхнуўшыся.
— І сапраўды рамантую, — з прытоенай усмешкай сказаў Агееў.
— І нядорага бераце?
— Нядорага, Марыя.
— Ой, адкуль вы ведаеце маё імя? — здзівілася дзяўчына.
— Я ўсё ведаю, — сказаў ён, ужо адкрыта і шырока заўсміхаўшыся.
— Не, праўда! Я тут раней вас не бачыла.
— А я тут нядаўна.
Яна памаўчала трохі, штосьці абдумваючы і ўспамінаючы.
— Дык можна прынесці туфлі? У мяне, ведаеце, ад падэшвы неяк адарвалася…
— Прыносьце, пабачым.
— А плаціць рублямі ці як?
— Як хочаце. Можна рублямі, а можна прадуктамі.
— Во добра! — узрадавалася Марыя і, павярнуўшыся, паклікала сяброўку: — Вера, ідзі сюды!
Сяброўка неахвотна, быццам з недаверам нават, прайшла ля штакетніка і спынілася ля ўвахода ў двор.
— За прадукты рамантуе. Я ўжо дамовілася, можа, прынясём нашы туфлі?
— Мне не трэба, — махнула рукой Вера і з яўнай насцярогай паглядзела на Агеева.
— Дык я свае прынясу. Заўтра? Ці можна сёння?
— А калі хочаце. Можна і сёння.
— Не, лепш заўтра, — рашыла Марыя. — А пакуль што — вось вам…
Сунуўшы руку ў прыкрыты анучкай кошык, яна дастала адтуль жменю чарніц.
— Во вам задатак. Частуйцеся.
У падстаўленыя прыгаршчы Агееў прыняў маленькую жменьку ягад, ніякавата падзякаваў; яна міла ўсміхнулася на развітанне і хуценька выйшла праз незагароджаны, без веснічак, выхад на вуліцу. Трохі пасядзеўшы ў роздуме, ён пачаў есці па адной чорныя, з шызым налётам ягады. Аб гэтай сваёй першай заказчыцы ён стараўся не думаць. Падумаеш, пачаставала чарніцамі і адарыла ласкавым позіркам у дадатак — ці да ласкавых яму позіркаў? Знайшоў пра што думаць…
Стараўся не думаць, але ўсё ж наперакор жаданню думаў, бо яна ўсё стаяла перад вачыма такой, якой толькі што з’явілася — імклівы гнуткі стан з загарэлымі нагамі, абутымі ў старэнькія разношаныя басаножкі. Страсянуўшы капешкай густых валасоў, яна падхапіла тады пад руку сяброўку, і яны, памахваючы кошыкамі, схаваліся за вуглом суседскае хаты.
Агееў праседзеў яшчэ паўгадзіны ў пустой сяк-так абсталяванай майстэрні і нікога не дачакаўся. Ніхто да яго не ішоў з абуткам, прахожых на вуліцы паяўлялася няшмат, і тыя, напэўна, былі суседзі з гэтай або бліжніх вуліц. Пачатак яго новай, шавецкай кар’еры яўна атрымаўся комам, без адзінага намёку на ўдачу. Калі чакаць далей не было сэнсу, ён вылез з-за стала і, абапіраючыся на выразаны ўчора ляшчынавы кіёк, пашкандыбаў у двор.
Двор быў прыгожы, амаль маляўнічы ў сваёй даўняй і мілай занядбанасці ва ўсім. Закрыты з аднаго боку цесным радам будынкаў, зверху ён амаль увесь захаваўся пад разложыстым голлем старога клёна, таўшчэзны камель якога трохі крывабока мясціўся каля альтанкі. За клёнам на гародзе за кустоўем парэчак расло некалькі старых сукаватых аблынь і стаяў радок маладых вішань па-над сцяжынай, дзе неўзабаве і паявілася яго гаспадыня з вядром свежай бульбы. Не дайшоўшы да дзвярэй у хлеў, яна паставіла вядро на сцежку і азірнулася.
— Тут нікога? Там гэта… Каля раўка вас чакаюць.
— Хто чакае? — вырвалася ў Агеева.
Але гаспадыня не адказала, толькі заклапочана паглядзела на вуліцу, і ён здагадаўся: не трэба пытацца. Ён звыкла тузануў пад вузкім раменьчыкам падол сацінавай кашулі і з дрыготкім сэрцам патупаў па сцежцы паўз хлявы на зады гародаў.
Тупаючы, ён углядаўся ў кустоўе ўзлеску не краі ўзроўка, што гублялася ў паўзмроку пад вольнай і высокай сцяной старых вязаў, але там нікога не было бачна. Не было нікога і на скошанай палосцы пожні за плотам, у адным канцы якой скасабочана цямнелася невялікая капешка сена. Менавіта з-за гэтай капешкі хтосьці махнуў рукой, даючы яму знак падысці, і Агееў збочыў са сцежкі. Ён ужо спадзяваўся ўбачыць тут Малаковіча або Волкава, але пад капешкай ціха сядзеў хударлявы хлопчык у сіняй трыкатажнай кашулі з акулярамі на кароценькім носе. Гэта быў яго нядаўні знаёмец, студэнт Кіслякоў, і Агееў стрымана павітаўся.