Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Хуткую перамену ў сваім лёсе Агееў успрыняў, аднак, без асаблівае радасці, калі не сказаць болей — у думках ён ужо праклінаў той час, калі пагадзіўся завярнуць у гэтае мястэчка. Але ўся бяда ў тым, што нічога больш прыдатнага яму не выпадала, вельмі проста ён мог апынуцца ў палоне ці загінуць дзе-небудзь у сутычцы з немцамі. Так што з самага пачатку выбар у яго быў невялікі, і ён мусіў пагадзіцца на тое, што прапанаваў начны госць Волкаў і нарыхтаваў яму яго недарэчны ваенны лёс.
Зрэшты, гэты варыянт, можа, быў не самы найгоршы. Агееў меў даволі ўмелыя рукі, з ранніх гадоў прывучаныя да дрэва і няхітрых сялянскіх інструментаў, да армейскай службы яму даводзілася мець справу і з абуткам, праўда, далей дробнага рамонту ягонае майстэрства не ўзнялося, і пра тое, як пашыць боты, ён меў цьмянае ўяўленне. Але тут шыць боты, мусіць, не давядзецца, трэба будзе рабіць якую-небудзь драбноту — падбіць абцасы ці прышыць лапік, на большае ён і не замахваўся. Ля самага выхада з падворка касабока мясцілася старая, крытая гонтам альтанка, некалі прыстасаваная для сушкі агародніны; тры яе бакі былі абшыты аполкамі, а чацвёрты, што выходзіў у двор, заставаўся адкрыты. Менавіта гэтую альтанку-паветку Агееў і абраў для майстэрні; учора яны з Бараноўскай зацягнулі туды невялічкі кухонны столік, адну табурэтку. Інструменты айца Кірыла захаваліся ўсе цэлыя, і былая пападдзя ледзь звалакла з гарышча цяжкую скрынку з чыгуннай лапай, абцугамі, малаткамі, калодкамі — усё гэта Агееў расклаў і развесіў у альтанцы. Заставалася, аднак, галоўнае — змайстраваць шыльду, бо якая ж майстэрня без шыльды? І ўвесь гэты дзень да вечара Агееў вырэзваў нажом з фанеры вялікія літары. Вядома, літары лепш было б напісаць, але ў Бараноўскай не знайшлося ні фарбы, ні патрэбнай для таго тканіны. Тады ён успомніў падобныя шыльды, што бачыў да вайны ў Беластоку, і падумаў, што можна зрабіць не горш. Праўда, літары атрымаліся надта крывыя, тупы нож дрэнна рэзаў старую фанеру, якая месцамі расслаілася і ламалася. За час, пакуль ён завіхаўся ў альтанцы, па вуліцы прайшло, можа, чалавек пяць, кожны з якіх уважліва прыглядаўся да яго, мабыць, не разумеючы, хто гэта калупаецца ў двары былой папоўскай сядзібы. І ён з неспакоем думаў: ці прызнаюць яго тут за папоўскага сына, ці ён хутка засыплецца тут з недарэчнай сваёй легалізацыяй. Але так ці інакш, адступаць не было куды, даводзілася іграць ролю, на якую змусіла яго вайна.
Сонца пайшло на захад, калі ён прымацаваў гэтую дошку-шыльду да вулічнага боку альтанкі. Атрымалася, канечне, даволі прымітыўна, літары цяжка было размясціць у адну лінію, і яны трохі сваволілі, стаўшы на дошцы як каторай захочацца. Але ўвогуле з вуліцы можна было прачытаць, што тут «Рамонт абутку», у альтанцы ляжалі раскладзены на століку інструмент, клубок тоўстых нітак і ўсохлая бярозавая калодка для драўляных цвікоў — падбіваць падэшвы. Скончыўшы з уладкаваннем, Агееў усеўся на табурэтцы з кінутай на яе ватоўкай, хваравіта выцягнуў пад сталом сваю бедалагу-нагу.
Аднак вуліца была пустая, за якую-небудзь гадзіну ніводны чалавек не прайшоў каля хаты, толькі за плотам у суседнім двары паказалася і знікла жаночая галава ў белай хусцінцы. Бараноўская, якая ўвесь дзень завіхалася ў двары, некуды знікла — мабыць, пайшла на гарод накапаць бульбы, і ён, прытаміўшыся, сіратліва сядзеў на табурэтцы, адчуваючы, што ў такі пазнаваты час яго сядзенне будзе без карысці. І калі ён наважыўся ўжо вылезці з-за стала, што з хворай нагой аказалася не дужа лёгка, у канцы гэтай кароценькай вуліцы пачулася размова і паказаліся дзве дзяўчыны. Адна была худзенькая, сярэдняга росту, у светлым, аблезлым сарафане з голымі да плячэй рукамі і кароткай стрыжкай светлых валасоў. Яна ціхенька засмяялася, звяртаючыся да сяброўкі — таго ж узросту, але трохі ніжэйшай і таўсцейшай дзяўчыны, на галаве якой свежа бялелася касынка, завязаная па-гарадскому — вузельчыкам на патыліцы. Абедзве яны роздумна памахвалі на хаду невялічкімі кошыкамі ў руках і пра штосьці гутарылі, пакуль не згледзелі яго ў альтанцы. Відаць, ягонае з’яўленне тут здзівіла іх, дзяўчаты прымоўклі і памалу ішлі, азіраючы пераробленую за дзень альтанку. Трохі не дайшоўшы да яе, меншая ціхенька, але так, што ўсё ж данеслася да яго, сказала сяброўцы: