Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 ... 209
Перейти на страницу:

Дзяўчына павольна спускалася па лесвіцы, ступаючы ў такт пералівістай мелодыі. Праз вэлюм праглядвала ўсмешка. Нарэшце агульнае ашаламленне прайшло, усе зноў запляскалі, прыветна закрычалі. Да ўсходняй прынцэсы з двух бакоў кінуліся, прапаноўваючы руку, элегантны Радусь у белым касцюме паладзіна і Стась у чорным. Прынцэса крыху памарудзіла, а пасля звонка рассмяялася і працягнула абедзве рукі палкім рыцарам.

— Танцы! — закрычаў пан Міхал на правах кіраўніка.

І танцы пачаліся... І закруцілі галовы, і прымусілі сэрцы біцца шалёна, быццам ад знясільваючых уцёкаў ад прозы заўтрашняга дня. Вядома, з’явіліся калядоўшчыкі — з казою, мядзведзем, цыганом і цыбатым буслам, які страшна шчоўкаў драўлянай вострай дзюбай. А якія былі падарункі! Анцік асабліва ўзрушыўся атрыманым ад бацькі мікраскопам з дваццацікратным павелічэннем і Стасевым шыкоўным наборам для стварэння этымалагічнай калекцыі (бедныя будуць кузуркі ў наваколлі карвараўскага дома!).

А ў давяршэнне — прагулка на санках.

Вядома, беднага Анціка адправілі спаць.

Які несправядлівы свет!

Дзяўчына ў смарагдава-бела-залацістым пералівістым уборы ціха ішла па паўцёмных калідорах маёнтка, смех і гуд свята заціхалі недзе далёка. Урэшце, там, дзе канец калідора расшыраўся ў пакой эркера — круглую залу з вялікімі вокнамі, што выступала перад фасадам дома, быццам волатаў ліхтар, на фоне заснежанага акна ўбачылася нечая постаць.

— Стась! Чаму ты ўцёк?

Юнак змрочна сузіраў асветленыя дрыготкім агеньчыкам лампады яслі — васковы Хрыстос цягнецца ручкамі да схіленай над ім маці з васковым жа прыўкрасна-сумным тварам, авечачкі — як жывыя, пухнатыя, забаўныя, бычок, здаецца, так бы і замыкаў ад радасна-дурнаватага здзіўлення...

— Ста-ась!

У голасе дзяўчыны гучаў дакор, нібыта на адрас непаслухмянага дзіцяці. Сумотнік нарэшце прыўзняў галаву як мага больш ганарліва.

— Не хвалюйцеся за мяне, спадарыня Настасся. Я прывык да адзіноты. Падумаць захацелася сам-насам, паразважаць.

— Ды ты проста пакрыўдзіўся, што я з Радусем танчу.

Добра, што ў цемры не відаць, калі чырванееш. Стась з усіх сіл намагаўся зрабіць голас спакойным. Выглядаць смешным перад гэтым дзяўчом! Невыносна.

— Я, прабачце, не заўважыў, з кім вы танчылі, і лічу ваш выбар вашай жа асабістай справай. Мой настрой не залежыць ад... ад дзявочых капрызаў.

Усё-ткі выдаў сябе, сказаўшы пра капрызы. Цяпер — толькі сысці... Змагар за сацыяльную справядлівасць, называецца... Бедны Вертэр...

Пакуль юнак, утаропіўшыся ў кут, шчыра асыпаў сябе ў думках крыўднымі мянушкамі, Настасся ціха паклала руку яму на плячо.

— Дурненькі... Радусь проста мой сябар дзяцінства, самаўпэўнены дэндзі. Мне такі спадабацца не можа. Ну, перастань дзьмуцца...

Стась не вытрываў, павярнуўся да дзяўчыны, схапіў яе прахалодныя далонькі, як два пялёсткі, у свае рукі, прыпаў да іх гарачымі вуснамі.

— Прабач... Я паводзіўся, як дзіцё...

— А ты і ёсць дзіцё,— засмяялася Настасся,— хоць і лічыш сябе тургенеўскім Базаравым.

— Але Тургенеў у многім меў рацыю.— Стась зноў пасумнеў.— Нават твае бацькі — якія б ні былі разумныя, прыстойныя людзі, застаюцца панамі, людзьмі свайго класа. Ім нікуды не падзецца ад віны перад простым народам. Паглядзі, колькі сёння страчана грошай на забавы — можна было б накарміць цэлую вёску! Дарэмнае, заганнае спальванне часу!

Настасся паківала галавой:

— Мне цяжка спрачацца з табой — вядома, ты больш за мяне ведаеш, ты старэйшы... Але хіба не варта траціцца проста для таго, каб чалавек парадаваўся? Хіба ты не бачыў, што сёння ў Рэчыцы прыходзілі сяляне і іх дзеці і таксама атрымалі свята — і падарункі, вядома. Людзі цягнуцца да прыгажосці. Гэты хлопец, што граў сёння на флейце... У дзяцінстве ў яго адбіралі дудачку і білі ёю па вуснах — каб не займаўся дарэмнай справай. А ён выразаў новую — і граў... Цяпер ён вучыцца ў кансерваторыі — наш бацька дапамог. А вось гэтыя яслі... Іх майстравалі не паны — прыслуга. Паглядзі, з якой любоўю тут зроблена кожная дэталь. Людзей ніхто не змушаў, ніхто не загадваў гэта рабіць. Знішчы гэтую прыгажосць, калі можаш!

1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)