Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
З’явілася тая ўсмешка на ейных вуснах і цяпер, калі пакаёўка прыбегла з паведамленнем, што прыйшоў залескі паніч. Анцік кінуўся на лесвіцу, перавесіўся ўніз. Стась з’явіўся ў неверагодна шыкоўным выглядзе: паўзверх доўгай чорнай бравэркі — плед у краткі, на доўгіх валасах — капялюш з шырокімі брыламі, з якіх зараз страсаліся цэлыя снегавыя сумёты. А ў руках — два прыгожанькія пакуначкі!
— А, наш юны сусед! Гэта ваш карнавальны касцюм?
Бацька, пан Міхал Карвар, заўсёды чамусьці размаўляў са Стасікам жартаўліва. Але малады чалавек адказаў годна, з прыхаваным выклікам:
— Так апранаюцца студэнты, пан Міхал.
— Ну-ну... А як жа шынель, мундзір, фуражка з гербам, пальчаткі?
— Мы пратэстуем супраць нашэння формы,— голас Стасеў гучаў урачыста.— Бяднейшыя студэнты не могуць яе набыць, таму ім пагражае выключэнне. Гэта дыскрымінацыя! Мы вырашылі ўсе хадзіць на заняткі ў цывільным!
— Што ж, ухваляю,— бацька сказаў гэта ўжо сур’ёзна.— Але сённяшнім вечарам, юнача, жадаю вам толькі шчыра весяліцца.
Гасцей, як заўсёды, было шмат. Прыехала пані Марыся, удава дзядзькі Анатоля, брата пана Міхала. Шмат гадоў пані Марысю бачылі толькі ў чорным, хаця сёння на ёй серабрыста-шэры раброн. З паняй Марысяй дочкі, смяшлівыя рудзенькія Ганка і Гапка. Вось пан Міхал сустракае сям’ю з маёнтка Гаркавічы: пан Вітольд, хударлявы, з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і кавенькай, падобны на рымскага легіянера, таўсманная і дабрэнная пані Ядвіга, іх сын Радусь, будучы юрыст, элегантны і ўраўнаважаны да сумоты. Вясёлая святочная мітусня напоўніла дом даверху, як рознакаляровыя каменьчыкі напаўняюць куфэрак прыгажуні.
— Карнавал! Карнавал! Маскі, рыхтуйцеся!
Анцік кінуўся ў свой пакой. Латы выглядаюць як сапраўдныя... А меч — дык і ўвогуле сапраўдны: старажытны, ваярскі, вышчарблены ў многіх бойках — таму і дазволілі ўзяць, што страціў былую вастрыню. Вядома, не зусім рыцарскі — такі кароткі меч называўся корд і выкарыстоўваўся для бліжняга бою. Хлопчык не ўтрымаўся, каб не ўзмахнуць сваёй зброяй, направа, налева, рэзкі выпад — і цмок падыхае на рудой ад атрутнай крыві траве.
У зале ўжо збіраліся маскі. Старэйшыя госці, што не бралі ўдзел у пераапрананні, уладкаваліся на крэслах ля сцен. Пані Ядвіга, вядома, пасунулася да століка з пачастункам — цукаты ў маёнтку Рэчыцы былі адметныя.
Маці ў светла-зялёнай сукенцы, ветлая і прыгожая, з гэткімі ж вялізнымі шэрымі вачыма, як у Насты, падыходзіла то да аднаго, то да другога госця, і ад яе слоў, пагляда, усмешкі прасвятляліся твары — быццам сонечны прамень слізгаў па хвалях ручая.
Наста зайздросціла матчынаму ўменню прымусіць самага сур’ёзнага чалавека усміхнуцца, прыадчыніць душу насустрач. Здавалася, пані Карвар правяла жыццё ў казачным свеце, дзе проста няма благіх людзей і вялікіх няшчасцяў,— такая яна была ўся светлая, даверлівая, ніколі не павышала голасу. Як сапраўдная фея.
А вось мадэмуазэль Алін, іх строгая, уражлівая мадэмуазэль Алін нечакана апранула яркі ўбор гарэзлівай Каламбіны. Радусь захінаўся ў белы плашч з нашытым крыжам. Ганка і Гапка — у неверагоднай шырыні крыналінах і ў каронах, але якіх каралеў сёстры мусілі ўвасабляць — ведалі дакладна толькі яны самі. Сярод стракатага натоўпу вылучаўся Стасік у простым чорным пінжаку, з каўняром пад горла. Але ён прымаў такія гордыя позы, спрабуючы годна адказаць на жарты рудзенькіх сясцёр, што ягоны касцюм цалкам мог сысці за карнавальны — рамантычны герой, высакародны змагар. А вось пан Міхал выйшаў у легкадумным строі тамбурмажора, у велізарным ківеры і з велізарным жа бліскучым жазлом, якім з усяе сілы стукнуў у падлогу.
— Карнавал пачынаецца!
Вусы ў пана Міхала былі пышныя свае, і ўсміхаўся ён у іх так весела, што ўсе засмяяліся у адказ, запляскалі ў ладкі. Але Гапка закрычала:
— Пачакайце, яшчэ Настассі няма!
Некалькі вясёлых галасоў гукнулі дзяўчыну. Раптам з галерэі другога паверха пачулася працяглая ўсходняя мелодыя дзівоснай прыгажосці. Нехта сыпануў блішчынкі, і над лесвіцай закружыўся фантастычны лёгкі снегапад. На верхняй прыступцы замерла прывідная фігура. На дзяўчыне, грацыёзнай, бы крынічны струменьчык, была смарагдавая, расшытая камянямі і залатой біццю доўгая шаўковая кашуля, падпяразаная шырокім залацістым пасам, з-пад кашулі выглядалі шальвары з белага атласу, з блякла-зялёнымі расліннымі ўзорамі. Ножкі — у залатых чаравіках з загнутымі насамі, на турбане з белага шоўку уздрыгваюць дзівосныя пёры, а твар прыкрывае празрысты вэлюм, быццам кавалак русалчынага сну. Нават Анцік не адразу пазнаў сястру — вось чаго яна так падоўгу зачынялася ў сваім пакоі і вось куды знікла матчына цюлевая палярына! Толькі вялізныя шэрыя вочы схаваць немагчыма — адразу пазнаеш.