Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Верш Александровіча супраць Каганцовага напісаны ў часы апатэозу тонікі, але ў аснове яго ляжыць тая самая, знаёмая нам схема, амаль што без адхіленьняў: 3-і радок нават утрымвае традыцыйную для сылябікі першую рэгрэсію пульсанты, а ў 2-м — ў нескладовае хаця-нехаця мусім чытаць як [у] складовае. Істотна варыюе рытм зьбег націскаў берагоў гнеў — зрэшты, і тут няма нічога новага. Але гэты верш куды энэргічнейшы за Каганцовыя. Бо тупыя кляўзулы няцотных радкоў, якія разам з простымі кляўзуламі ўтвараюць адваротны альтэрнанс, надаюць рытмаваму інварыянту адценьне рэзкасьці, хуткасьці.
Вельмі цяжка ў вершы разгляданага тыпу спаткаць сьлізкія кляўзулы, якія, наадварот, мусілі б рабіць яго «плаўным» ды запаволеным. Такім рэдкім узорам аказваецца стылізаваны пад фальклёр урывак з паэмы расейскага аўтара, дзе менш за ўсё можна было чакаць падабенства з сылябікаю:
У расейскай паэзіі пануе дактрына харэю і першая рэгрэсія пульсанты нібыта не практыкуецца, аднак… хіба ж перад намі ня той самы інвэрсіяваны першы пэон, які мы назіралі ў Каганца і Александровіча? Праўда, тут ён моцна «завуаляваны» пад «танічны» верш. Сьлізкія кляўзулы ды парныя рымы надаюць тэксту адценьне манатоннае сказавасьці. Апрача таго, у анакрузе 2-га радка ёсьць анамалія — адзін (адзінюткі!) лішні склад, які крыху заблытвае ўспрыманьніка. Але з грунту ўсё гэта нічога не мяняе: нутраная будова вершу застаецца пэонавай, блізкай да канону славянскага сылябічнага шасьціскладовіка.
Калі ж мы той «лішні» склад уявім ужо на пачатку кожнага радка, дык замест анамаліі атрымаем новую інварыянтную норму: пэон другі, які традыцыйна зьясьняецца як трохступовы ямб. У беларускай паэзіі гэты памер зьявіўся запозна і доўгі час амаль што не практыкаваўся. Тым часам у расейскай літаратуры трохступовы ямб тарнуецца яшчэ ад пары клясыцызму і ведамы як памер «анакрэантычны», далей — проста анакрэонтык. Такі назоў варта зацьвердзіць як знак жанравага вытоку формы, хоць гэта не зусім адпавядае першаму беларускаму пэону другому, які найчасьцей перадаваў элегічныя настроі. Аднак менавіта расейская сыляба-тоніка выракавала кшталт анакрэонтыка, і адзінаю сыстэмнаю анамаліяй, якая ў ім разьвілася, быў выбух (гл. 4-ы радок):
У беларускай паэзіі апошняе стагодзьдзе верх брала расейская традыцыя. І пакуль пад яе ўплывам шасьціскладовік эвалюцыянаваў, «згладжваючыся» да «харэю» ці, дакладней, чыстага пэону першага — анакрэонтык за доўгія гады бытаваньня мала зьмяніўся, бо ня меў на тое патрэбы. Хіба толькі рымы ўскладніліся, што паказвае прыклад з сучаснага, бадай, сама «анакрэантычнага» беларускага паэта:
Найменьне харэю перакладаецца з элінскае мовы як «скокавы». Вясёлую, сьпеўную прыроду ён мае і ў тутэйшай традыцыі. Менавіта чатырохступовым харэем (часта ў спалучэньні з трохступовым) укладзеныя ці ня ўсе нашыя прыпеўкі — вось дзе тутэйшая анакрэонтыка! Сёньня цяжка меркаваць пра адметнасьці элінскае мовы, але сьпеўнасьць беларускага «харэю» ўяўная. Дасягаецца яна толькі там, дзе вытрымваюцца пэоны ці, інакш кажучы, альтэрнаваны рытм. Верш з вытрыманым «харэем» і нявытрыманым пэонам — суцэльная какафонія. Праўда, такіх узораў вельмі мала, бо канон чатырохступовага харэю сягае сылябічнага васьміскладовіка, дзе альтэрнаваны рытм стаў ужо нормаю. Нават расейская літаратура XVIII стагодзьдзя, выхаваная М. Ламаносавым, якая не падазравала пра «альтэрнаваны рытм», ня здолела працівіцца магутнай сылябічнай традыцыі, яе рытмавым стэрэатыпам.
Ямб здаўна ведамы як памер «гутарковы». Але на прыкладах анакрэонтыка мы мелі змогу ўпэўніцца і ў адваротным. Гутарковасьць датычыць перш-наперш «чатырохступовага ямбу». І, зноў жа, прычына гутарковасьці ня ў ім самым, а ў традыцыі, якая ўплывала на яго прыроду. Чатырохступовы ямб фармальна адпавядае сылябічнаму дзевяціскладовіку. Праўда, апошні памер у сылябіцы практычна не існаваў, не пашыраныя яго адпаведнікі і ў фальклёры. У выніку — да зьяўленьня кніжнага тэарэтычнага ямбу ня вырабілася яго жывая гутарковая інэрцыя: не было ў рытмавай памяці паэтаў такіх вершаў. А школа Ламаносава, якая шырыла ямб, не магла зразумець, выходзячы з сваіх пастулятаў, што дзеля мернасьці трэба ставіць «пірыхі» ў строга азначаныя «месцы», каб такім ходам задавалася альтэрнацыя і «чатырохступовы ямб» абяртаўся пэонам чацьвёртым.