За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Позна вярнуўся з палюддзя малады князь Усяслаў з малодшаю сваёй дружынаю. Пакуль мыліся ў лазні, пакінуўшы Лазніку мятлу, ваду ды чорную курыцу ў ахвяру, каб не палохаў пасля слабых духам, пакуль пілі квас ды садзіліся ў сенніцы вячэраць — адна за адной згаслі жоўтыя, цьмяныя агеньчыкі ў полацкіх хатах i дварах. Смеючыся, жартуючы, садзіліся потныя, расчырванелыя грыдні за вячэру, з маладою прагнасцю аглядалі стол, дзе ляжалі на вялікіх драўляных талерах кавалкі свежаніны i рыбы, пасмажанай, пакуль дружыннікі мыліся ў лазні, белыя трохкутнікі сыру, мочаны гарох, карычневыя боханы хлеба, булкі, памазаныя перад выпечкай яйкам — так блішчалі ix жоўтыя бакі. A між талерамі стаялі каляровыя, распісаныя кінаварам, шафранам ці сажай драўляныя сасуды з квасам, пенілася брага, востра пахнучы мёдам i духмянымі зёлкамі, i пустыя жоўтыя браціны з разьбянымі ручкамі стаялі ўздоўж сталоў.
Тады i нахіліўся над Алексам стольнік Мікіта i сказаў ціха:
— Ці не тваю гэта красуню ўчора купцу басурманскаму аддалі?
— Што? — не зразумеў адразу Алекса, але ўсё схаладнела ў яго ўнутры i як чорная маланка ў вачах успыхнула.
— Кажу табе — тваю, відаць, дзеўку аддаў учора князь як адплату за выратаванне жонкі. Няўжо нічога не ведаеш?
А калi Алекса адмоўна хітнуў галавою, ціха дадаў:
— Пасля раскажу, а то вунь, бачыш, ужо няўсцерп ім!
Сапраўды, некалькі грыдняў ужо крычалі, патрабуючы пітва, i стольнік хуценька паставіў на стол бочак, пабег за другім.
Алекса ж усю вячэру праседзеў, не кранаючы нічога з ежы, толькі піў i піў адну за адной бражніцы прахалоднага квасу. А пасля вячэры, калі пачуў, як усё адбылося, пахіснуўся, сеў на лаву, ашчаперыўшы галаву рукамі.
— Дзе яна? — глуха спытаў у стольніка, моцна сціснуўшы ягоную руку. Той, стоячы насупраць, паправіў рукаў сіняга суконнага каптана, страсянуў доўгімі русымі кудзерамі:
— Браце ты мой, нашто табе тое ведаць? Для цябе ўсё роўна што той купец, што Карачун забраў яе.
— Дзе яна, кажу! — закрычаў хлопец і, ускочыўшы, аберуч схапіў стольніка за плечы.— Кажы, а то адразу дух вон!
— Не раві, бык ты,— злосна ашчэрыўся Мікіта.— Дабра чалавеку хочаш, а ён вунь табе — новы каптан ледзь не парваў. Ну, скажу я, дык што з гэтага? На тым падвор'і яна, што каля самага вымалу. Заўтра карабель ладзяць, заўтра той Абдурахман ад'язджае. Куды ты! — закрычаў ён ужо ў спіну Алексу. — Цябе ж усё роўна не выгіусцяць ноччу, шаленец ты, бешанец!
Але Алекса ўжо выслізнуў за дзверы, пабег па двары, хапаючы ротам астуджанае к начы паветра. Але не паспеў ён прабегчы некалькіх соцен метраў, як пачуў голас начальніка каравула Адзінца:
— Гэй, хто там? Стой!
Алекса спыніўся, каравульныя наблізіліся да яго.
— Ты гэта, хлопец? — здзіўлена сказаў Адзінец.— Чаго i куды ляціш, як на злом галавы?
— Маці... маці ў мяне... захварэла...— ледзь выціснуў з сябе Алекса. Нешта душыла яго, не давала сказаць ні слова, але гаварыць трэба было, трэба было прасіць, каб выпусцілі яго адсюль, бо іначай... Іначай ён скочыць наперад i разаб'е сабе галаву аб вострыя канцы агароджы, акаваныя жалеззем.
— Маці? — яшчэ болей здзівіўся Адзінец.— Хто ж табе сказаў пра гэта? Ніхто сюды не заходзіў з чужых, мы нічога не ведаем.