За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
«Рассек добры малойчык скуру ссохлую, старую, i выйшла адтуль каралевічна, ды такая прыўкрасная, што i слоў няма. I абняў яе тут добры малойчык, а яна яму кажа: «Любіць цябе, Падвей-княжыч, буду да самай смерці». Абняў тут яе Падвей-княжыч моцна-моцна...»
Княгіня Марфа i дочкі слухаюць, не прапускаючы ніводнага слова. Шчокі ix разгарэліся, вочы поўныя замілавання. Але Брачыслаў, толькі скончыў дзед Мокша казку, незадаволена прагудзеў:
— Ты лепей пра бітву нам старое паданне раскажы, пра продкаў нашых, а то гэта — як пернікі салодкія, імі толькі маладзіцы частуюцца! Бач, разабрала ix!
Княгіня i дочкі — ні слова, толькі вочы ў зямлю апусцілі. А дзед Мокша другія казкі завёў. Пра Рагвалода i Уладзіміра, якія тры дні, тры ночы тут, ля сцен Полацака, біліся, i ніхто не мог перамагчы, аж пакуль княгіня Вольга не пайшла да старога капішча, i там, разам з дружыннікамі сваімі вернымі i валхвамі, не прынесла ў дар Перуну хлопца дый дзяўчыну, а для таго схапілі ix уначы, i аднаго, i другую, каб крыку не было i каб бацькі сваімі ахвярамі іншым багам не адвялі ўдачу ад унука Вользінага, Уладзіміра. I толькі тады перамог Уладзімір Рагвалода...
— Ты што гэта вярзеш? Не магла Вольга такое рабіць, святая яна i веры праваслаўнай! — зноў загудзеў Брачыслаў, i ручкі ягонага крэсла жалобна заскрыпелі пад магутным целам. Баяры i стольнікі пераглянуліся: Брачыслаў — патомак i Вольгі, i Рагвалода, не хоча ён аддаваць перавагу нікому з ix. Свечнік нячутна падышоў да стала, перамяніў свечку.
— Добра, тады я раскажу пра вялікага воіна, Аляксандра, ці Іскандэра Двухрогага, як называлі яго ў далёкіх краінах, якія ён пакарыў сваім мячом,дзед смірэнна схіліў сівую галаву, нізка, ажно кашчавыя рукі яго дакрануліся да свежых ліповых лапцяў, пакланіўся, пачаў новы сказ. Княгіня i дочкі сядзелі нерухома. Зірнуць на ix — нібы. вясновы луг убачыш. Сукенкі з заморскіх тканін, вышытыя жэмчугам i абвешаныя жоўтым празрыстым каменнем. На галаве ў княгіні — вянец, понізь з залатымі вісюлькамі, што спускаюцца па скронях, a каснік ззаду ўплецены ў касу шаўковы. Старыя жанчыны па кутах шапталіся, што надта вялікая шчыгаліха княгіня, любіць насіць сукні з тафты чэраўчатай, з атласу. Але князь дазваляў жонцы многае — любіў яе за прыгажосць i розум.
Ціхі вясновы вечар глядзеўся ў вокны горніцы. Не часта выпадала князю i яго сям'і вось так ціха, па-сямейнаму, правесці вечар. Часцей вяртаўся ён позна, стомлены i грозны, з палюддзя ці палявання, з далёкага ж паходу не бывала яго ў Полацаку месяцамі. А часцей па вечарах грымелі ў грыдніцы піры, прымаў ён то гасцей заморскіх, то баяр імянітых, то з дружынай гульбу наладжваў, бо дружына — гэта тое, што бліжай дзяцей i жонкі, таму што толькі на ix, адданых воінаў, уся надзея ў цяжкі час бітвы, яны i жыццё ратуюць, i тое, што даражэй жыцця — Князеву славу. Але не толькі падчас піроў, калі ніводнай з жанчын няма ў грыдніцы i віно зеляное i медавуха ўволю туманяць буйныя галовы, бываюць у Князевым доме вешчыя старцы, што ўмеюць спяваць пра славу Баянаву i на тонкіх струнах гусляў выводзіць старадаўнія песні пра подзвігі маладзецкія; прыходзяць у церам i смірэнныя манахі, якія чытаюць у вялізных, акаваных жалезам i серабром кнігах пра подзвігі Сімяона-столпніка, Настассі Блажэннай i іншых святых угоднікаў. Моцна задумаюцца мужы імянітыя, прымоўкнуць... але таму толькі, што кране ix адна дума — пра душу, пра мукі яе вечныя пасля смерщ, пра загадкі, якія нікому ca смяротных не разгадаць... Але адыходзіць мапах, ціха адчытаўшы бажэсцвеннае, а назаўтра ізноў да самай поўначы гараць лучыны ў грыднщы, i толькі паспяваюць насіць маладыя стольнікі з брэцьяшц чашы ды бочкі, глякі ды кумганы з квасам наліваюць, i грыміць слова застольнае, i пра бітвы былыя i будучыя гавораць дружыннікі, грыдні i іншыя людзі імянітыя. Расказваюць сівыя воіны пра паходы, пра замовы, якія шэпчуць над імі вядунні, калі адпраўляецца мужчына ў далёкую дарогу, а маладыя слухаюць, i гарачыя ix рукі ўслед за старшымі нібы сціскаюць баявыя мячы. Справа воіна — паход i бітва, i няма яму мілейшай песні, як завыванне ветру ў шаломах ворагаў, што раскіданыя на крывавым полі сечы...
«Пакарыў Аляксандр пад сваю ўладу зямныя царствы,— голас дзеда Мокшы напаўняе ўсе куткі горніцы,— i пасля зайшоў на край свету i пабачыў там такія народы, што сам жахнуўся: свірэпыя болей за лютых звяроў i ядуць жывых людзей. У іншага толькі адно вока, i тое на лобе, a ў іншага i па тры вокі. У аднаго толькі адна нага, а ў іншага тры, i бегаюць яны так хутка, як ляціць з лука страла. Імёны гэтых народаў былі Гогі i Магогі. Пачаў ваяваць з імі Аляксандр: дзівія тыя народы не ўстоялі i кінуліся ад яго бегчы. Ён за імі, гнаць-гнаць, i загнаў ix у такія глухія мясціны, горы i пустэчы, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Звёў над імі адну гару з другою зводам, паставіў на той звод трубы i пайшоў назад. Падуюць буйныя вятры ў тыя трубы, паднімецца страшнае выццё, a дзівія народы крычаць: «О, гэта ж, відаць, сам Аляксандр! Жывы ён, жывы!» Гэтыя Гогі i Магогі i дасюль жывыя, i баяцца цара, а выйдуць з гор перад самым канцом свету...»