За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Джырджыс — гэта Георгій-Перамаганосец. I яшчэ слаўны бек моліцца, каб прыйшлі на дапамогу мудры Георгій i Джыбрыл, ці, як кажуць арабы, Рух-ал-Кудс, бо яны вельмі часта дапамагаюць яму... Епіскап, які стаяў каля Брачыслава, насцярожыўся:
— Каб не было якой бяды... Добра, што кліча купец на дапамогу святога Георгія, але другі, як там яго... Джыбрыл? Ці не злы гэта дух?
— У вас Руха-ал-Кудса пазываюць святым Гаўрыілам,— талмач позіркам пашукаў іконы.
— Што ж гэта — у ix тыя ж святыя, што i ў нас? А мы ж ix нячыстымі лічым? — звярнуўся Брачыслаў да епіскапа.
— Затое ў нас гавораць пра вас — няверныя,— не вытрымаў талмач.— А я так думаю, што ўсе людзі пайшлі ад Кабіла i Хабіла, ці Каіна i Авеля па-вашаму, i розніца толькі ў тым, што жывуць яны ў розных мясцінах, ад таго i звычаі сталі розныя...
— Я папрашу аб дапамозе яшчэ i Бібі-фаціму i Амбарону абедзве яны дапамагаюць жанчынам. Хай жонка хакана хутчэй выздараўлівае.
I сядзеў Абдурахманбек на піры, i многа еў, адно толькі не мог узяць — марынаваных грыбоў, янія шпваў захмялеўшы, слізкімі, як піяўкі. Дзівіліся людзі полацкія таму, але жахнуліся, калі сказаў купец, што ў сябе дома пачастуе ёя гасцей вачамі барана, варанымі ў малацэ.
— У кожнай зямлі свае звычкі,— сказаў князь сурова; усе змоўклі. I доўга яшчэ — праз талмача — расказваў араб пра далёкія землі, адкуль прыехаў.
Маленькая Гардзіслава глядзела вялікімі спалоханымі вачыма на смуглявы шырокі твар з чорнай барадой, на пульхны палец i на дзівосны камень. Не ведала яна, а пра гэта таксама расказаў пасля Абдурахман, што рабіў пярсцёнак вялікі майстра, думаючы пра недаступную яму дзяўчыну, i закляў камень-гранат словамі паэта Абу Ахмеда Мансура ібн Мухамеда, суддзі горада Герата, што памёр ад кахання: «Як ты прыцягнула мае сэрца, так не змог бы прыцягнуць гранат саломіну». Валодае гранат таямнічай сілай прыцягваць да сябе прадметы i гэтак жа прыцягваць сэрца каханай. Але не хапіла ў ювеліра грошай на калым, i жаніўся ён толькі ў сталыя гады — на другой. А пярсцёнак, які ён зрабіў для каханай, пайшоў гуляць па свеце, i вось ён на руцэ Абдурахмана, а дасюль ззяў сваім таямнічым святлом пад іншым сонцам, перад іншымі вачыма...
A ў канцы піру сказаў Брачыслаў:
— Аддару цябе шчодра за маю княгіню!
Прынеслi ў палаты багацці вялікія: мядзведжыя, воўчыя i вавёрчыны шкуркі, i сабалёў, i вострую зброю. Але Абдурахманбек адмовіўся i папрасіў аднаго — маладую дзяўчыну, што нядаўна прадстаўляла на свяце маладога славянскага бога — Ярылу.
— Хто гэта? — зашапталіся вакол.
— Дачка ўдавы Катуніхі,— адказаў Абдурахман. Не адкрыў ён князю, што быў на паганскім свяце, дзе ўгледзеў прыгожую славянку з празрыстым тварам i сінімі вачыма — сінімі, як бадахшанскі лазурыт. Узгарэлася ў ім сэрца. Ведаў купец толк у жанчынах, а перад ім была жамчужына, вартая гарэма самога султана! Дорага можна было i прадаць яе, калі надакучыць. Але не ўдалося яму купіць дзяўчыну.
Хаця i бедная была ўдава, прадаць дачку адмовілася i яшчэ ў дадатак абняславіла гасцей брудным венікам выганяла з хаты Абду-рахманбека i ягонага талмача, бо былі яны настойлівыя i нізавошта не хацелі адыходзіць проста так, не дамовіўшыся, не купіўшы. А як іначай узяць прыгажуню? Абвянчацца з ёю не мог купец, бо, калі б стала вядома, што хаця на момант аддаў ён душу няверным, пайшоў у царкву, адмовіўся ад волі алаха i прарока яго — Мухамеда, не жыць бы яму ў сваім утульным, вялізным доме з садзікам, дзе вясною так казачна прыгожа цвітуць персікі i абрыкосы, a шматлікая гайня абслужніц гатовая выканаць кожны ягоны рух... Гандляваць з нявернымі можна, але кожны раз, прыехаўшы ад ix, трэба ісці да мулы, каб наклаў ён ачышчальныя абрады i добра адмаліў грахі. А тут мулы — няма. Дый ёсць у яго ўжо чатыры жонкі i колькі наложніц. Прасіў ён, нізка кланяючыся, аддаць яму тую дзяўчыну.
Брачыслаў павагаўся крыху, але згадзіўся паслаць да Катуніхі людзей з наказам — купіць дзяўчыну для яго, князя Брачыслава.
Павагаўся — таму што хаця i цяпер яшчэ ездзілі i ў Кіеў, i ў Ноўгарад, i ў Полацак «дзеўкі купіці»,— i свейскія купцы, i купцы з Доні (Даніі), з зямель мусульманах, i самі купцы полацкія адвозілі яшчэ, разам з мехам сабалёў i куніц, у булгарскую сталіцу на Іцілі (Волзе) дзяўчат з навакольных зямель, рабілі гэта ўжо патаемна: епіскап кіеўскі i полацкі i свяшчэннікі ў сваіх казанях гнеўна супраціўляліся паганскаму звычаю, вучылі, што ёсць ва ўсякай істоты жывая душа i нікому не дазволена распараджацца ёю, апроч гаспадзіна зямнога — князя ды ўладара нябеснага. Наўрад ці ўдалося б цяпер Абдурахману ўзяць якую дзяўчыну баярскую ці дачок людзей імянітых ці старцаў градскіх — не стаў бы Брачыслаў крыўдзіць так сваіх людзей, хаця ўладарыў у Полацаку шмат гадоў самаўладна. Але як адмовіць госцю, што выратаваў жонку, калі хочацца яму простую дзяўчыну, дачку беднай удавы? A між тым удава гэтая, хаця i была беднаю, не мела нідзе пазыкі, не пазычала ні кун, ні іншай маёмасці, i нельга было прадаць яе ў рабства за доўг, як рабілі гэта паўсюдна са сваімі непакорнымі людзьмі баяры i тысяцкія. Затое за ганьбу павінна будзе заплаціць Катуніха госцю заморскаму грыўніо серабром. I з тым наказам памчаўся на Вадзяную вуліцу пасаднік Лось, а праз нейкі час ён прывёз дзяўчыну, але ў падранай сарочцы i з распушчанымі валасамі, таму што ўдава Катуніха не толькі не аддала пасадніку грыўню, але абазвала яго ўсялякімі словамі і плюнула ў твар, а дзяўчына вырывалася ад яго i не жадала слухаць ніякіх загадаў, хаця i паслаў за ёю сам вялікі князь. Моцна разгневаўся Брачыслаў, загадаў, каб высеклі добра ўдаву, але адказаў яму пасаднік, што ўсё гэта ўжо зроблена i цяпер сядзіць яна ў пограбе княжацкім, як рабыня, а маёмасць яе скудная ўся забраная ў казну як плата за ганьбу купцу іншаземнаму. Хацеў князь учыніць добрую навуку i дачцэ удавы, але чакаў узрадаваны Абдурахманбек, i таму было загадана толькі як след адмыць яе i апрануць у добрае адзенне, i калі зайшла прыгажуня ў горніцу, усе застылі i пазайздросцілі-такі купцу, які выглядзеў яе — i дзе, на Дзівінай горцы, куды ходзяць людзі чорныя, простыя!