Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
…Не памятаючы сябе, ён кінуўся ўніз:
– Людзі! Лекара! Людзі! Людзі!
Але яшчэ раней, чым прыбеглі людзі і лекар, у пані Антаніды пачалася агонія. Дзіўная, спакойная агонія, падобная на згасанне лампады, у якой усё выгарала датла…
Яны сядзелі ўдвух у пакоі дзеда. Ён заўсёды спыняўся ў ім, калі прыязджаў у Загоршчыну. Алесь трохі адышоў, так і не выплакаўшыся; дзед, ва ўсякім разе, больш не баяўся за яго.
Так яны і сядзелі пад адным агульным горам, вельмі стары ды малады. А паміж імі стаяла пляшка кмяноўкі ды запыленая, бы ў фуфайцы, бутэлька віна.
– Ведаю, і для цябе занадта. Так вось, за некалькі тыдняў. Але ты – чалавек. Стой. Зачапіся і стой… Дый мяне, старога эгаціста, пашкадуй… Я, Алесь, сапраўды стары. Перад табой будучыня, свае дзеці. А перад мной – магіла. І дзяцей маіх няма…
Адны, самонтныя, у вялікім доме.
– Ты яшчэ пусціш карэнне. А я, як старая таполя, што выпусціла парасткі, а іх пасціналі. А на новыя – сілы няма. Адзін астаўся, дый той… Адзін ты ў мяне… Сохну я, як дрэва, абсечанае ды абгарэлае… Ты мяне пашкадуй.
– Я не буду, дзеду… Але не дарую я сабе… Як мог так паглыбіцца ў сваё, не заўважыць!… Кожную вясну і восень, заўсёды гэта так было, што яна зачынялася, ніхто не мог бачыць… Але ўсё адно – як я мог дапусціць?
– Не памагло б, – наліваў дзед яму віна, а сабе кмяноўкі. – Яна ўсё адно зрабіла б гэта… Параненае сумленне, сыне…
Дзед маўчаў. Што ён мог сказаць? Ён картаваў думкі.
Нейкае зусім цёмнае, нібы асенняе, было неба над паркам. За акном месяц шалёна імчаўся над нерухомымі гмахамі аблокаў.
– Лягчэй за ўсё скончыць так. Але людзям трэба ісці. Каб жыць. Жыццё – даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, негледзячы на ўвесь боль.
Дзед не заўважыў, што супярэчыць сам сабе. Ён проста казаў простыя думкі, як усе людзі. Можа, якая і суцешыць.
– Каб жыць… Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы – іначай нівы заглушыла б пустазелле… Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць…
Дзед зноў наліў і задумаўся.
– Выпі, сыне. Я доўга жыў. Мяне назвалі б вар’ятам, калі б я сказаў, ну хоць бы пра катлы на цукроўні… Прэс круцілі рукамі… А, лухта!…
Думка дзеда кідалася ў прыцемках:
– Вось парастак бульбы ў склепе. Жоўты, бледны… Ці цыбуля, таксама жоўты, без смаку. А пакладзі цыбуліну без зямлі, без вады на акно. Парасткі стануць зялёныя, з’явіцца аднекуль горыч… Значыць, ёсць жа нешта ў святле. То няўжо мы дурней за цыбуліну? І сапраўды навучымся з часам рабіць хлеб з сонца. І людзі стануць жывіцца святлом.
– З часам, – горка сказаў Алесь.
– Затое назаўсёды. І стане добра. Спачатку людзям… Потым жывёлам… Потым раслінам… Хадзіце сабе, смейцеся… Бегайце сабе, скачыце, лётайце, слаўце жыццё… Каласіцеся сабе, зелянейце…
Вочы Вежы мякка свяціліся з-пад суровых павек.
– А ты, чалавек, стой. Стой, не падай. За ўсіх стой. Спачатку за людзей, потым за ўсіх, хто дыхае і шуміць. Доўга яшчэ стаяць. Крывава. А ты стой. Нават пры сваёй прынізлівай жывёльнасці – стой. Жывёла, а стаіш. За гэта з цябе – усе грахі ды на святасць вялікую.
Месяц імчаўся між непарушных змар.
– Сосны на Доўгай Кручы бачыў? – спытаў дзед.
Алесь успомніў.
…Імкліва, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро… Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзесят, урвішча… Крывава-чырвоная гліна… І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз – сосны… Вісяць… Бітыя, страшна скарлючаныя… Перавітыя, непрыступныя, самотныя… Няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.
– Але.
– Дык гэта мы. Слабая абарвецца. Усякая іншая абарвалася б… акрамя нас… І ўсё. Да апошняга каменя запомні…
Праз некалькі дзён побач з магілай пана Юрыя паявіўся другі курган, які месяцам пазней аброс зялёнай травой.
Басак-Яроцкі адразу з пахавання ўзяў Алеся да сябе, не даўшы нават вярнуцца ў апусцелы дом:
– Няма чаго табе там рабіць.
– Я, можа, да дзеда, дзядзька Пятро?
Пастрыжны яшчэ больш пачырванеў:
– Вы там мудрагеліць будзеце. А табе зараз тая мудраць… кгм, – і дзядзька выразна кашлянуў, адным выглядам лепш за ўсякія словы паказаўшы, як менавіта зараз патрэбна Алесю тая мудрасць.
Ехалі конна па раскіслай зямлі. Вясна пазнілася, і толькі зрэдку між хмар праглядаў гарачы, малады, сіні шматок неба.
– Сорам, – кароткія вусы дзядзькі варушыліся. – З самага пастрыжэння запрашаў да сябе… Хай сабе гэтых, розных там… “поутру проснувшись” няма. Я табе не імператрыца Анна. Я – салдат.
“Поутру проснувшись” была ўлюбёная страва імператрыцы Анны. Рабілася яна з бычыных вачэй, і дзядзька заўсёды ўжываў гэтую назву, калі казаў аб разнасолах і прысмаках сапсаванага густу.
Дзядзькава бурка, на якую на ўсе вочы глядзелі хлапчукі наваколля, пахнула тытунём, як і парадны мундзір. Гэта была вопратка толькі на самыя важныя выпадкі жыцця.
Ладны і сівы, ён ехаў на сваім коніку проста, як ездзіў, напэўна, і пад кулямі. Алесь быў удзячны пастрыжному, які не дазволіў яму зайсці ў апусцелы палац. Усё разумеў стары. Сказаць часам не мог, але разумеў усё.
Дзіцячыя сінія вочы без прыжмуру проста глядзяць на неба.
– Бачыш, жаўрук… Як на нітцы. Ты не ведаеш, Алесь, дзе яны начамі хаваюцца? Марозіць жа начамі. Я ляжанку кожны вечар палю на старыя косці. Люблю агонь… Здаецца, чым утапіцца, то лепей бы ў агні… То не ведаеш дзе?
Дастаў куртатую трубачку, капшук – і запіпчыў.
Тромб адварочваў храпу ад тытунёвага дыму і касіўся на Басак-Яроцкага разумным вокам: гаспадар не курыў.
– Што за тытунь такі прыемны, дзядзька.
– Ты што, лічыш, толькі багатыру прыемны тытунь курыць? – усміхнуўся дзядзька. – Выкручваемся і мы, ды яшчэ як. Дарагое жыццё, яно – у дурняў бывае.
– Не, сапраўды.
– Кгм… Тытунь харошы, гэта праўда, турэцкі… Але нават самы танны тытунь, які мы, бывала, курылі там, калі армянін не прыедзе, можна зрабіць – ого! – на твары ў Пятра была раскоша. – Да мяне, бывала, усе бягуць: “У Яроцкага запасы старога. Яроцкі зберажэ, хоць не скнара”. І не ведаюць, што я нават з карэньчыкаў магу табе такую “Кабу-Гавану” (ён так і сказаў) звярнуць, што тамтэйшыя індусы сем вёрст будуць за канём бегчы ды нюхаць.
– Індзейцы, дзядзька.
– Ну, індзейцы… А ўжо з сапраўдным тытунцом, то, я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць.
– Як?
– А звычайна. Хатні тытунь, вядома, даглядзі як след. Гэта… кгм… грунт! А потым рыхтуйся “Кабу-Гавану” рабіць.
Яроцкі піпчыў, быццам ладан і смірну курыў невядомаму богу:
– Чакай, пакуль зацвіце белы баркун. Не тая жоўтая падла, што ў засуш палі катуе, а ягоны белы брат. Сачы, каб пчолы палёталі сама больш дзень. Каб лішне не выпілі мёду… Збяры кветкі асцярожненька, ачысці і сушы не на сонцы – пад ветрыкам, але хутка. А высушаныя мяшай з тытунём… Спачатку нямнога, бо звыкнуць трэба, бо гэта курыць – як у кветках заснуць: і сон, і лёгкасць, і думкі прыходзяць адчайныя, нібы кожную хвіліну ты з персідскай царэўнай можаш ажаніцца ды пляваць на ўвесь свет.
– Дурман?
– Не. Проста бясшкодны мёд.
– Так проста?
– Хе-хе, – сказаў Яроцкі. – Бачыш, што ў капшуку на дне?
– Ну, камяк нейкі.
– Гэта вераснёвы жоўты антон, парэзаны ды ў сітаватую тканіну загорнуты. Панюхай.
З капшука павеяла харошым тытунём, мядовым летнім полем, асеннімі садамі і яшчэ чымсьці.
– А гэта? – спытаў Алесь. – Якое прыемнае! Як запушчаны сад у чэрвені!
– А гэта другое, аб чым хацеў сказаць. Ружы не ў кожнага ёсць, то шыпшыны ў поўнай квецені набяры, падсушы ды мяшэчак у скрынку з тытунцом і пакладзі.
– Вы маг, дзядзька.
– Я шмат такога ведаю… Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец… Звычайнае, шэрае, сваё… Хай неразумнае, парэпанае, але сваё… Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі… Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма… Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню – вішчаць ды галёкаюць, ну – сэрца падае, няма куды дзецца.