Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 192
Перейти на страницу:

– Ці-ха! – сказаў Корчак.

Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.

– І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.

Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.

Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.

– “Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…”

Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.

Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.

…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома – у іх білі сякерамі, – зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.

Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.

І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер – коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.

Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.

– Пан Яраш! Пан Яраш!

…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.

– Нічога, – рэзка сказаў ён. – Дзе салдаты?

– Якія салдаты? Я адзін.

У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.

– Няўдача, – сказаў Корчак. – Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.

Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:

– Нічога. Аднаго такі каюкнулі.

Брона паціснуў плячыма.

– Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.

– Ты што?

– Часу не было. Калі я ўдарыў яго – мне здалося… корд напаткаў жалеза.

– Бран-за-лет, – пахаладзеў Корчак.

Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.

“Воіны бога прыйшлі па мяне”.

Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.

Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.

– А салдаты?

– Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.

Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.

“Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат”.

І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.

Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з’явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму “помсціў пагардай”. Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?

– Уставайце. Яны не паранілі вас?

Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. “Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання”.

Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: “Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое”, – усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў.

Але ён не сказаў гэтага. Проста ўбачыў Ярашавы вочы і страшэнна здзівіўся. У вачах было нешта бязмернае і страшнае.

– Маеш маё жыццё, – глуха сказаў Раўбіч. – Трэба будзе – аддам.

– Нашто так?

– Я яго не хацеў. То хіба не ўсё адно, каму аддаць?

– Пане Раўбіч…

– Я дорага даў бы, каб гэтай дапамогі не было.

– Грэбуеце браць з рук? – абражаны, спытаў Загорскі.

– Не бяру падачак.

– Бацька… – зрабіў апошні крок Алесь.

Можа, Раўбіч і зразумеў бы, каб глядзеў у вочы. Але ён глядзеў убок.

– Я ні аб чым не прасіў. Ні наогул людзей, ні асабіста вас.

Коннік круціўся ў моры агню. І, адчуваючы, што і сам ён такі, Алесь сказаў:

– Прабачце… Каб я ведаў, што гэта так, – я прыслаў бы замест сябе слугу… Я меў нахабства падумаць, што я зраблю гэта лепей за яго… Відаць, дарэмна.

Голас быў сумны і строгі.

– Вы сёння маеце права казаць мне ўсё. Але таму я і не хацеў жыцця з вашых рук… І таму я ўзяў жыццё з рук хлопа, што разрэзаў мае вяроўкі… – Раўбіч хацеў хоць чым-небудзь уразіць гэтага чалавека, пасеяць у ім хоць цень сумнення ў тым, што ўратаваў ён. – Хлопы лепшыя за вас, – скончыў ён.

– Вы ўжо лічыце гэтыя вяроўкі сваімі? – сумна спытаў Алесь. – Хутка прывыклі. А хлопы сапраўды лепшыя… Лепшыя за нас… Больш высакародныя і ўдзячныя… Бывайце, Раўбіч. – І пайшоў да свайго жарабца.

Пару разоў ён спрабаваў сесці і зноў ставіў нагу на зямлю. І толькі потым, сабраўшыся з сіламі, ускінуў цела на спіну Дуба. Моўчкі крануў з двара.

Табун павольна пацягнуўся за ім, пакідаючы дом, у вокнах якога скакалі зарыва, полымя і постаць пасярэдзіне паплаўца.

Самотны коннік круціўся ў моры агню…

Жыццё сабе ішло і ішло, нібы нічога не здарылася, і дзед па-ранейшаму, але ўжо за сябе і за нябожчыка сына змагаўся за як найбольшую справядлівасць у вызваленні людзей.

Яшчэ раней імператар даручыў генерал-ад’ютанту Якаву Растоўцаву, што падаў калісьці сваю прапанову[117] адмены, кіраваць падрыхтоўкай рэформы, тым самым ухваліўшы яго думку і даўшы зразумець, што праекты губернскіх камітэтаў састарэлі. Для рэдагавання іх у сакавіку былі арганізаваны дапаможныя ўстановы пры галоўным камітэце – рэдакцыйныя камісіі, што тады ж селі за працу пад кіраўніцтвам Мікалая Мілюціна[118].

Людзі Мілюціна і ён сам былі ўсё ж лепшыя за многіх. Не лібералізмам, а тым, што гэта былі звычайныя людзі. Цікава, што магло б здарыцца, каб вызваленне, няхай намінальна, даручылі былому шэфу жандараў, а ў той час старшыні Дзяржаўнага савета і камітэта міністраў, Аляксею Арлову? Ад мінулага ў яго асталіся пэўныя схільнасці. У сучасным было поўнае фізічнае і маральнае падзенне, аж да таго, што ён маўчаў, поўзаў па падлозе і еў з пастаўленай на ёй місы, як сабака[119]. Невядома, што магло апраўдаць знаходжанне такога чалавека на высокай дзяржаўнай пасадзе. Тут не магло быць нават пытання аб дэкоруме, але гэта факт. Поўны вар’ят, жывёла з замашкамі жандара, больш за год займаў гэты пост. Не першы і не апошні выпадак. І пасля гэтага нехта мог казаць, што “Гісторыя горада Глупава” – пасквіль.

Так званыя “вяршкі грамадства”, разбэшчаныя наскрозь, звар’яцелыя ад выраджэння, тупыя, кіравалі людзьмі, якія ва ўсіх адносінах былі вышэйшыя і лепшыя за іх. Унутранымі справамі Расіі тры гады кіраваў Бібікаў, адзін з найбольшых містыкаў таго часу; ён рэгулярна па начах выклікаў дух нябожчыка сына, які памёр у Дрэздэне, і нібы гутарыў з ім. І такія людзі маглі казаць бязвольнаму цару словы падзякі за тое, што ён вызваліў “20 millions de pauvres petites shevilles[120]”. Нават дэмагогу Валуеву гэта не спадабалася.

“Бедныя болцікі” рабілі найвышэйшую справу на зямлі, прымушалі зямлю раджаць. А тыя, хто сядзеў над імі – арганчыкі, спірыты, вернападданыя балваны, эратаманы і педэрасты, жывёлы, што елі з падлогі, – якую справу рабілі на зямлі яны?! Ніякай, акрамя арганізаванага рабунку, марнатраўлення жыцця і смактання апошніх сокаў з гэтай няшчаснай зямлі. Нездарма самыя цынічныя і разумныя – а магчыма, і легкаважныя – з іх казалі пра puces qui vont chercher leur patyre jusque des regdions interdites[121].

вернуться

117

Ліквідацыя абавязковых адносін, добраахвотны і бестэрміновы, не абмежаваны часам, выкуп, фінансавае садзейнічанне ўрада выкупным аперацыям, а адсюль вотчынная ўлада – да заключнай выкупной здзелкі.

Пры крэдытах такі метад быў значна больш выгадны для землеўласнікаў, чым абавязковыя адносіны. 

вернуться

118

М. А. Мілюцін у той час быў таварышам міністра ўнутраных спраў. 

вернуться

119

Такім бачыў яго барон Веліё, які перадаў гэтыя падрабязнасці міністру Валуеву. 

вернуться

120

Дваццаць мільёнаў бедных болцікаў (франц.). 

вернуться

121

Блох, якія шукаюць сабе ежу аж да забароненых месцаў (франц.). 

1 ... 137 138 139 140 141 142 143 144 145 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)