Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 192
Перейти на страницу:

– Вам колькі ж год, дзядзька!

– Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а… Вось, пяцьдзесят пяць мне… А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць – гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю… па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя… словам, “рахат-лукум”… ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы… І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры… Вось-вось палятуць.

Пасуровеў злёгку.

– Толькі спачатку яны такія і былі.

– Ну і як вы там?

– Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі – “абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона”.

– Як на штыках?

– А так. Штыкі ў парусіну ды на плечы. А на парусіне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец… Мяне ён помніў, хоць і не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак ні на сабе, ні на іншых. І правільна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, іначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба… То Аляксей Пятровіч гэта разумеў. Не тое што Паскевіч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама ліст ды зброю, кінжал ды асабістую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрыні трымаю.

Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.

– Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі… Як бо яна?… І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. “Шпуры, – кажа, – трэба весці ды ўзрываць”. А я яму: “Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды – зморам яе. Шкада крыві”. А ён: “Вы баіцёся, здаецца?” Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.

Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.

– Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок… Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: “Як жывеш, зямляк?” Ды і па імю, па бацьку.

Усміхнуўся:

– І вось хоць што кажы, хоць і наш, беларус, а не любіў я яго, нябожчыка. І тады, і цяпер. І не за палякаў, што ён з імі ўчыніў. Гэта – прысяга, і хто богу не вінаваты? А так проста. Слізкі быў чалавек. Царадворац. Душа, здаецца, наросхрыст, а сам хітры, як лін.

Коні ступалі па падсыхаючай зямлі. Жаўрук, як на гумцы, торгаўся між небам і зямлёй.

– Тут матуля памерла. З’ездзіў сюды, абсадзіў магілку. Пуста, тужліва. І паловы водпуску не адбыў – назад… Тут трапіў я на лінію, па крэпасцях. Чачня. Дзевяць год на лініі. Быў я ўжо капітан… Трыццаць год мне было, і чатырнаццаць год я служыў, калі стаў над Дагестанам і Чачнёю Шаміль. Па-нашаму ці то цар, ці то мітрапаліт, па-іхняму – імам. “Імаць” нашых, значыцца, пастаўлены… Ну і тут пачалося… Бож-жа мой! Б’юцца людзі, паляць, рэжуць.

Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.

– З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася… У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк – пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць… Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.

– А смеласць?

– Не быў я смелы. Ніколі не быў. А нават каб і быў, то сярод нас, кіслай шэрсці, смялейшых за мяне было б – як да Тыфліса з Эрывані ракам ставіць… Ды я і ўзрадаваўся чыстай. Шчыра кажучы, непамысна мне на душы стала.

Дзядзька зноў закурыў.

– Залілі мы гэтыя сінія горы чалавечай крывёй… Горш за іх дзікуны ды свалота беспардонная. Воінаў што, джыгітаў што паклалі за гэтыя дваццаць дзевяць год! Дык яшчэ ж пасля мяне дзесяць год мінула, а ўсё ваюем, маленькіх не можам адолець. А шкада людзей. Дзікія яны і галаварэзы, але справядлівыя. І сябры верныя. Гляджу, лепей мне з імі ляпёшкі есці, чым… А, ды што там!

Піпчыў.

– Сорамна-с. “Азарство адно”, як мой дзяншчык казаў. Мала таго што спаляць гэтыя іхнія саклі, дык яшчэ неадменна знойдзецца задніца ды ў вадаём іхні… А яны людзі грэблівыя, чыстыя людзі. Яны нават там абыходзяцца са збанам вады. Рукі і твар мыюць пяць разоў на дзень, не раўнуючы як мы. А я табе скажу, такіх чыстаплотных, як мы, – гэта яшчэ пашукаць. Немец не такі. Ангелец не такі… Ну вось і гэтыя такія. Я з імі мірыўся, яны мяне нават паважалі, мірныя. Кажу ім: “Баранаў адганіце, войска пойдзе”. Ведаю, з імі па-добраму, каб не галелі, то і яны нямірным не скажуць. А ў мяне і сярод іх былі сябры. Ды якія! Сам граза Мехмет-хаджа. Чачэнец быў. Мамакай – абрэк… Муса – інгуш. Ахмед-бек.

Дзядзька ціхутка зацягнуў гартанную песню.

– Гэта па-іхняму… Азначае: “Мы нарадзіліся ў ноч, калі ваўчыха прывяла шчанюкоў. Мы атрымалі імя, калі рыкаў на ўсходзе сонца барс. А смелыя мы сталі ў гарах, дзе лавіны вісяць над галавою, як смерць… Праклён гэтым князям, яны калматыя і бурыя сабакі… Як дажывем да вясны – крывёю іх прымусім…”

Развёў рукамі:

– Ну вось… І скажы ты, нашто?! Скалы гэтыя бедныя спатрэбіліся. Сваёй зямлі мала?

У гэтых чысценькіх белых пакоях разам з Алесем жылі спакой і мір. Жылі ўжо восьмы дзень.

Абкружаныя садам дзесяць пакояў пад зялёнай ад моху гонтавай страхой. Нізенькія вокны, абведзеныя сінім, вясёлкавыя ад старасці кафлі напаленых грубак, печка на кухні, размаляваная паяском: дзяўчаты з каромысламі і коннікі. Дзверы не толькі прамавугольныя, але сям-там, для прыгажосці і разнастайнасці, з паўкруглым верхнім вушаком: не паленаваліся парыць і гнуць тоўстую дубровую плаху.

Дваровыя будыніны трохі наводдаль. Сад шуміць уначы. Кніг амаль няма, акрамя ўсюдыіснага “Завальні”, пары паляўнічых кніг, “Дудара беларускага” ды яшчэ календароў з восемсот сорак дзевятага года.

На падлозе, вылізанай да жаўцізны, дзе – густа – ваўчыныя шкуры, а дзе і самаробныя хаднікі. На сценках – прывезеныя дываны. Адзінае багацце вісела на іх – зброя. Дзіўнай прыгажосці каўказскія шашкі, пісталеты, фіцільныя і крамянёвыя, аздобленыя срэбрам стрэльбы.

Дзядзька пасяліў яго ва ўласнай вялікай “халасцяцкай”. Тыя ж дываны, тая ж зброя. Ніякіх ложкаў, толькі дзве ляжанкі ля сцен, а на іх кілімы. Накрывацца футрам, каб было цяплей.

Вялізны медны рукамыйнік, арап на гадзінніку варочае маціцовымі вачыма. Ды яшчэ столік, ды на ім віно і закуска, калі ўначы зойдзецца жывот з голаду.

І дзіўна, нягледзячы на тое што ў Загоршчыне і Вежы такога не было, што елі ў дзядзькі – пад завязку, ён і сапраўды цяпер адчуваў кожную ноч голад.

– Кожны вечар лазня, брат. А лазня ў мяне адмысловая.

Лазня была сапраўды адмысловая. Адзіны новы будынак фальварка – наводдаль, за плотам. Старая згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста – так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Прыйшлі раніцай, а лазні няма.

– І я па суседству з табою. Ты, калі хочаш, дзвярэй на ноч не зачыняй. Унь табе з ляжанкі печка з калідора відаць. На світанні яе запаляць. Не ведаю, як ты, а я люблю раніцай, яшчэ ў цемры, прачнуцца ды пакачацца пад футрам. Гледзячы на агонь ды слухаючы, як гудзе.

1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)