Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.
Вочы Яроцкага смяяліся:
– Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, – аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: “Гых-х…” Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: “Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся…” А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была – любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.
Памаўчаў:
– Гэта прыемна ўспомніць. А астатняе – хлусня. Народ, галоўнае, харошы. Нельга мне было таго джыгіта не пусціць. Ну што, ну зарэзалі б. Мала зарэзалі людзей? Мала іх і так рэзалі, каб яшчэ за каханне… Ведаеш, як па-іхняму “каханая” будзе? Х’ёме… чуеш? Як падыхаў… О!…
Дзядзька ішоў спаць. А Алесь ляжаў без святла і глядзеў, як у калідоры кідаецца ў печцы агонь.
Домік у садзе. Простыя людзі. Простыя словы і ўспаміны. Простыя спевы жанчын у людской.
І ён яшчэ больш разумеў пасля гэтых дзён: усё ў прастаце, усё ў блізкасці да гэтых. Ім цяжка, трэба быць з імі.
Печка. Водсветы агню.
І ўвогуле, каму было добра жыць на гэтай зямлі? Усё, здавалася, ёсць, а баліць душа.
Твары плылі перад ім… Пан Юры… Маці… Раўбіч…
Чаму такія няшчасныя людзі?!
…Дзядзька… Лермантаў… Чаркесы… Шаўчэнка… Кастусь… Малахоўскі… Віктар… Чорны Война…
Чаму такая няшчасная зямля?! І вакол няшчаная, і асабліва тут няшчасная.
Скакаў у цемры агонь.
І, гледзячы на яго, Алесь думаў:
“Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі… Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў…”
Агонь палаў у цемры.
Яна ідзе. Толькі сляпыя не бачаць, толькі глухія не чуюць. “Крывадушныя! Аблічча неба распазнаць умееце, а знаменняў часу не можаце?” Яна немінуча будзе ў тым паганым, паскудным свеце, які вы пабудавалі. Свеце найпадлейшай хлусні, бізуна, турмаў, уціску малых народаў, забароны мовы, заціскання рота… Але галоўнае – у свеце хлусні.
Бо вы не проста забіваеце людзей і народы – вы хлусіце, што вы іхнія дабрадзеі, і прымушаеце таго, каго забіваеце, каб ён крычаў: “Дзякуй!”
Набліжаецца час. Капае вада з рукамыйніка.
Кожная кропля – гэта на кроплю бліжэй да вашай пагібелі, як бы вы ні вішчалі і як бы вы ні трымаліся за жыццё.
Як бы вы ні хлусілі, якіх бы катаў і хлусаў ні куплялі і ні ставілі на сваю абарону.
Кроплі падаюць у цемры, і точаць, і набліжаюць…
Кап…
Кап…
Кап-п…
X
Таямніца Паўлюка Кагута ўсё ж выплыла наверх. Ды яшчэ зусім па-дурному. Даверылася Галінка Кахнова малому брату, Іларыю, паслала да Паўлюка, каб паклікаў. Малы прыбег дахаты да Кагутоў, даведаўся, што Паўлюк у гумне мяняе з братамі ніжні вянец бярвенняў, ускочыў туды ды ляпнуў:
– Паўлюцо-ок… Сястла пласіла, каб не затлымаўся, як учола.
Кандрат з Андрэем так і селі на бервяно.
Яшчэ праз імгненне Ілары ўжо ўцякаў, разумеючы, што зрабіў нешта не так, а Кандрат гнаўся за ім, каб распытаць падрабязна. Хлапчук быў, аднак, разумнейшы, чым можна было меркаваць, шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся.
Кандрат прапаноўваў яму здацца. Абяцаў розныя даброты салодкім, аж самому брыдка было – такі ўжо Цукар Мядовіч! – голасам. Малы толькі соп.
Кагут са злосці нарваў крапівы і туга запхнуў лаз, а сам, паціраючы далоні, пайшоў у гумно, думаючы, што б гэта ўсё азначала.
А калі прыйшоў – браты біліся.
– Братам… на дарозе… стаў? – выдыхаў Андрэй.
– Не чакаць жа… пакуль вы яе… удвох… сівую… у манастыр паведзяцё, – соп Паўлюк.
Кандрат кінуўся разбараняць і атрымаў ад Паўлюка ў вуха, а ад Андрэя ў сківіцу. Раззлаваўся, насунуў Андрэю, бо той даў першы. І яшчэ ад яго атрымаў. Натхнёны гэтым, Паўлюк нападдаў і пачаў націскаць на Андрэя, пакуль той, адступаючы, не ўпаў за бервяно і не накрыўся нагамі.
І толькі тады Кандрат зразумеў, што пакрыўдзілі і яго. І зусім не Андрэй. Схапіў брата загрудкі, кінуў цераз нагу на салому.
– Ты? З ёю?
Прыціснуў у кут.
– З ёю, – адважна адказаў Паўлюк.
– Будзеш?
– Буду.
– Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.
– Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.
– Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.
– Не. – Паўлюк навесіў Кандрату.
І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.
Біткі біліся моўчкі, сцяўшы зубы. Браты-блізнюкі адчувалі: насмяяліся з самага дарогога, што ў іх было. Паўлюк быў у ярасці: два на аднаго. Дык чорта ім дзеўка. Спыталі б, халеры, у яе.
Паўлюка прыціснулі да сцяны. Разважлівы і спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. І цяпер, ведаючы, што яго адольваюць і могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман.
Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.
– Гэн! – рыкнуў так, што браты адляцелі. – Сунецеся да яе – заб’ю… Саромеўся вас, а вы з кулакамі… Заб’ю!
І рынуўся на іх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног.
– Дур-рыла! Ты што?!
Але Андрэй з белымі вачыма схапіў ужо другі цэп і бег на Паўлюка.
– Гэх-х! – цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.
Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлі адзін на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. І тады ён таксама схапіў цэп.
Паўлюк ляцеў на Андрэя, і Кандрат падставіў цапільна, ірвануў цэп з рук у брата і адкінуў у кут… Андрэй, нібы не разумеючы, наляцеў на іх, падняў цапільна: біч звыкла круціўся ў паветры.
Кандрат ведаў: адзін удар – і смерць. Скокнуў, схапіў Андрэя за рукі. Тым часам Паўлюк зноў схапіў свой, а заадно і Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спіною прыціснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогі размахнуцца, яны гупалі аднымі бічамі то па сваіх руках, то па чужых спінах. Бічы боўталіся, як язык у звоне, і ляскалі мякка, але адчувальна.
Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.
– Скачаце? – з лютым гумарком спытаў Данька. – Танцы?
– Аг-га, – нічога не разумеючы, – сказаў Кандрат.
– Ну, то я вам апошні зараз сыграю, – усміхнуўся Данька.
І шліхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсіх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.
– Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!
Урэшце да ўсіх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.
Браты адпусцілі адзін аднаго. Кінулі цапы.
Няладна было ў гумне.
Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.
– Вы што ж гэта? – спытаў белы як смерць Данька. – Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.
Кагуты маўчалі.
– І, пэўна, праз бабу. Я і то бачу: на вёсцы адзін смаляны плот ды тры балваны ля яго…Ды ёсць такая
баба, каб вартая была?!
Кандрат урэшце апамятаўся.
– До ўжо. Не чапай бабы.
– Я яе зачаплю, – пагрозліва сказаў Данька. – Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа…
Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:
– Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе… Ану мірыцеся!
Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.
– Я вінаваты, Кандрат… Вінаваты, Андрэйка.